Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Якуб Колас - У яго быў свет цікавы...
Урывак з паэмы "Сымон-музыка"
У яго быў свет цікавы,
Свае вобразы, жыццё,
І ў душы яго ўсе з’явы
Сваё мелі адбіццё.
Ён і рэха сваё кліча
І размову вядзе з ім...
Меў яшчэ ён такі звычай –
Гаманіць з сабой самім.
На смех хлопца падымаюць:
– Вось дурубала, даўбня! –
І ў патыліцу штаўхаюць,
Бы не хлопец, а шчаня.
А ён нават не заплача,
Толькі голаву прыгне,
Як яго рука лядача
Неспадзеўна штурхане.
Адбяжыць, бядак, у страсе,
Разважаць пачне тады: –
Можа ён у гэтым часе
Натварыў якой бяды?
Мо зняважыў ён старога?
Мо на ўсіх пайшоў адзін?
І не ведае нічога, –
Ні праступку, ні прычын.
Так, і праўда: непадобны
Быў Сымонка на другіх:
Гэта быў хлапчук асобны.
У яго вачах жывых
Думка нейкая бліскала,
Утаропіцца, глядзіць,
І на губках смех, бывала,
Заблукае, задрыжыць;
Пазірае і ўнікае –
Так аддасца марам ён
Ды знячэўку запытае:
– Чаго, мама, стогне звон? –
О, звон гэты быў цікавы,
Незвычайны звон, стары.
Пра якія ж гэта справы
Ён там бомкае ўгары?
Чаго так у засмучэнні
Будзіць там тыя лясы?
І Сымонка ў захапленні
Ловіць звону галасы,
Бо як толькі звон зазвоніць,
Як завойкае ўвышы, –
Адгукнуцца, загамоняць
Струны ўсе яго душы.
Сэрца ў хлопчыка заб’ецца,
Сам увесь ён задрыжыць,
І сама душа, здаецца,
Услед звону паляціць, –
Так узрушыцца хлапчынка,
І тады, нібы праз сон,
Штось мільгнецца на хвілінку,
Але што – не ўцяміць ён
І не можа даць назовы,
Што чуваць у тых званох,
Бо ўлавіць там сэнсу мовы,
Адгадаць яе не мог,
Але чуў ён, чуў душою,
Сэрцам чуткім і жывым
У тым звоне штось такое,
Што жыло і ў ім самім.
Ды ніхто не знаў тых струнаў,
Патайных ніцей душы,
Што злучаюць гук пярунаў
З немым голасам цішы;
Бо і ў той цішы зацятай
Есць і голас і свой твар,
Разнастойны і багаты,
Поўны музыкі і чар.
Бедны хлопчык быў загнаны,
У бацькоў нялюбы сын,
Бо відочныя заганы
І меў толькі ён адзін.
Не такі, як усе дзеці,
Нейкі вырадак, дзіўны,
Нёс віну за ўсё на свеце,
Вінаваты без віны.
З ім і дзеці не дружылі,
Не прымалі да гульні,
І ў самоце прахадзілі
Веснавыя яго дні.
І любіў ён адзіноту,
Бо так лепей было жыць:
Тут ён мог сабе ў ахвоту
Песні пець і гаманіць.
Вось улетку дык раздольна:
Выйдзе з хаты ў поле, луг;
Цёпла ўсюды і прывольна,
Сонца многа, чысты дух.
На каменьчык сядзе ў збожжы,
Не схіснецца і маўчыць,
Ловіць сэрцам спеў прыгожы,
Як жытцо загаманіць,
Як зазвоняць, заіграюць
Мушкі, конікі, жучкі,
І галоўкай заківаюць, -
Засмяюцца васількі.
Спеў у сэрцы адклікаўся,
І так дробненька было,
Што Сымонка сам смяяўся,
Ўсё смяялася, цвіло.
Заміраў тады хлапчынка,
І здавалася яму,
Што ён знае, як травінка
Сваю думае думу,
Што гаворыць жытні колас,
І аб чым шуміць ячмень,
І чаго спявае ўголас
Мушка, конік, авадзень,
Што ўгары над срэбрам жыта
Пяе жаваранак той
Так прыгожа-самавіта,
І зачым у высь блакіту
Ідзе ветрык пехатой,
У высь тую, дзе хмурынкі
Над зямлёй плятуць вянкі...
Ці ж не мілыя часінкі?
Ці ж не слаўныя дзянькі?
Замляваў увесь Сымонка,
Як увосень жураўлі
Крык музычны роняць звонка
Над прасторамі зямлі.
Шнур жывы, загнуты крукам,
Ледзь чарнеецца ўгары,
І ўсё стада з -смелым гукам
Журавель вядзе стары;
Плыўка, згодна ходзяць крылы,
Як адно, у тахт адзін –
Пакідаюць край свой мілы,
Родны кут глухіх лядзін.
Шнур знікае, тоне ў багне
Мора сіняга нябёс,
У прастор і хлопчык прагне:
Там другі, напэўна, лёс.
І ён доўга, нерухомы,
Там стаіць і ўсё глядзіць
У край светлы, невядомы,
Дзе знікала тая ніць
Вольных пташак на ўсю зіму...
Ну, прашчайце да вясны!..
Поле, неба прад вачыма,
І ўжо крыкі не чутны.
Так і жыў ён, гадаваўся,
Бы пры сцежцы той гарох:
Сам з сабою забаўляўся,
Бегаў, бавіўся ў палёх
І размовы вёў з жытамі
І складаў ён песні дню,
З матылькамі, бы з братамі,
Час дзяліў свой і гульню.
Адказы на пытанні:
1. Аўтар вельмі ярка малюе вобраз таленавітага хлопчыка, якога іншыя лічаць дзіваком і цураюцца яго. Але ў нас ён выклікае вельмі добрыя і прыветныя адносіны, бо ў гэтага хлапчука адметны ўнутраны свет, які захоплівае чароўнымі фарбамі, жывымі і добрымі.
2. Сымонка ўяўляецца нам невысокім светлавалосым падлеткам з удумлівымі вялікімі блакітнымі вачамі. Яго незвычайная ўражлівасць пакінула адбітак на знешнасці. Позірк хлопца ўважлівы, глыбокі, зацікаўлены. Твар здаецца добрым і прыгожым у абрамленні доўгіх прамых валасоў. Адзеты ў саматканую ільняную вопратку з вышыванкамі. Лёгка ўявіць хлопца на лузе, калі ён прыслухоўваецца да шэпту жыта або назірае за адлётам журавоў. Ён любіць адзіноту, яго не прымаюць у свае гульні іншыя дзеці.
3. Гэты хлопчык адрозніваецца ад іншых сялянскіх дзяцей. Ён сапраўды незвычайны. Сымонка валодаў здольнасцю бачыць дзівоснае там, дзе іншыя нічога не заўважалі, і гэтым адрозніваўся ад іх. Сымонка – своеасаблівая, непаўторная асоба, якіх вельмі часта не разумеюць іншыя. Ён жыве ў сваім свеце – прыгожым, яркім, жывым.
4. Сымонку вельмі хвалююць і чаруюць розныя з’явы прыроды і навакольны свет. Усё знаходзіць водгук у душы героя:
...I ў душы яго ўсе з’явы
Сваё мелі адбіццё.
Сымонка з яго чуйным успрыняццем рэчаіснасці бачыць непаўторную прыгажосць роднай зямлі. Ён не проста "чуе шэпт каласоў", а "ловіць сэрцам спеў прыгожы".
Каб паказаць прыроду ва ўяўленні Сымонкі, аўтар карыстаецца шматлікімі вобразна-выяўленчымі сродкамі. Напрыклад:
Што гаворыць жытні колас,
I аб чым шуміць ячмень,
I чаго спявае ўголас
Мушка, конік, авадзень.
Што ўгары пад срэбрам жыта
Пяе жаваранак той
Так прыгожа – самавіта,
I зачым у высь блакіту
Ідзе ветрык пехатой...
У гэтым урыўку ўжыты ўвасабленні (колас гаворыць; мушка, конік, авадзень спявае, жаваранак пяе, ветрык ідзе пехатой).
Усё ажывае перад вачыма таленавітага хлопчыка. Таксама аўтар выкарыстоўвае эпітэты: срэбра жыта, край мілы, глухіх лядзін, вольных птушак, слаўныя дзянькі.
5. Сымонка не падобны да іншых дзяцей. Яго не займалі гульні, якім аддавалі ўвесь вольны час яго аднагодкі. Радасць хлопцу прыносіла яднанне з прыродай. Ён мог гадзінамі назіраць за паводзінамі жучкоў, кветак або палётам птушак. Сымонка знаходзіў радасць у шэпце каласоў ці васількоў. Такія паводзіны героя не зразумелі ні яго родныя, ні іншыя дзеці. Яны былі не здольныя ўбачыць незвычайны талент хлопца, а бачылі толькі дзіўныя паводзіны. Таму яны не бралі яго ў гульні і "у самоце прахадзілі веснавыя яго дні…"
6. Падчас адлёту журавоў, хлопчык востра адчувае разнастайныя эмоцыі: "у прастор і хлопчык прагне", яму здаецца, што "там другі, напэўна, лёс", больш шчаслівы для яго, там яго зразумеюць. Напэўна там, у прасторы, іншыя людзі будуць адносіцца да яго з разуменнем і спагадай. Там ён зможа адкрыцца, падзяліцца і ніхто не назаве яго дзіваком ці вырадкам.
7. Якуб Колас (сапраўднае імя Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч; 1882-1956) – класік беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі, аўтар шматлікіх вершаў, паэм, аповесцей, твораў для дзяцей і юнацтва.
Творчасць народнага паэта Беларусі Якуба Коласа складае цэлую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры. Яго па праве лічаць заснавальнікам нацыянальнай прозы, хаця пяру празаіка належаць і паэтычныя шэдэўры – паэма "Новая зямля" і "Сымон-музыка". Жыццё і творчасць гэтага чалавека сталі значным укладам у беларускую культуру. Заслуга Якуба Коласа як нацыянальнага пісьменніка ў тым, што ён адкрыў для развітых літаратур свету беларускае пісьмовае слова, апеў беларускі народ.
На партрэце Стальмашонка, Якуб Колас паказаны не стандартна – у капелюшы, плашчы, а таксама ў простай вопратцы, сын Беларусі, сялянскі хлопец, уяўляецца звычайным чалавекам, простым, адкрытым, глыбокім.
Похожие статьи:
Якуб Колас → Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»
Сачыненні → Вобраз Сымона ў драме Я. Купалы "Раскіданае Гняздо"