Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

   Няма ў нашай таленавітай літаратуры песняра, які б з такой мастацкай сілай паказаў узвышанае ў зямным, прыгожае — у будзённым, вечнае — у імгненным, які быў бы такім настойлівым у сцвярджэнні думкі, што самае прыгожае «ў свеце Божым» — зямля і на ёй чалавек, як Якуб Колас. Ужо радкамі ў пачатку паэмы: 

Мае знаёмыя няўзрачны,

Нічым не слаўны і нязначны —

   Народны пясняр быццам «правакуе» нас на спрэчку з ім. Якой жа сілай і значнасцю трэба валодаць, каб з такой мужнасцю і без страты сваёй душы вынесці ўсе тыя выпрабаванні, што выпалі на долю яго «знаёмых»! Героі Коласа ўсім нам даюць урок, як нават у бесчалавечных абставінах ад чалавека залежыць самае галоўнае — застацца чалавекам, бо абсягі поўнага валадарства чалавека — яго ўласная душа.  

   Героі Коласа зямныя, рэальныя і адначасова асобы моцныя, выключныя, сіла якіх — у бязмежнай любові да сваёй зямлі-карміцелькі, да бліжняга свайго і — найперш — да сям'і і родных дзяцей.  

   Моцную асобу вызначае «одна, но пламенная страсть» (М. Лермантаў) — мэта, да якой яна ідзе так, як наш Міхал: «станоўка, ненарокам ішоў да мэты крок за крокам». Мэта і невынішчальная мара, ад якой Міхал не адрокся нават на Божай пасцелі, — воля:  

Бог не судзіў мне бачыць волі

і сыпаць зерне ў свае ролі...

   Здзяйсненне гэтай мары ён наказвае тым, хто будзе жыць пасля яго:  

Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін...

Як лепшы брат, як родны сын.

   Мэта ў многіх людзей можа быць адна, але шляхі да яе розныя. 

   Менавіта шлях і тая настойлівасць, з якой чалавек па ім ідзе, і вызначае яго сутнасць. Міхал перакананы, што адзіным шляхам да волі з'яўляецца «свая зямля» як аснова ўсяму. У светапоглядзе Міхала — народнае ўсведамленне зямлі як найвялікшай каштоўнасці нацыі:  

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля — аснова ўсёй айчыне.

   Лексічнай анафарай зямля паэт дасягае эфекту малітвы, бо зямля ва ўсведамленні беларуса — святыня, абяцаная Богам. І здрада ёй — вялікі грэх.  

   Зямля для коласаўскіх герояў — гэта і промень волі і свабоды; гэта і ўмова рэалізацыі сваіх прыродных якасцяў, хлебаробскага таленту, які з усіх талентаў самы святы; гэта і гарантыя дабрабыту; гэта і залог годнага і людскага жыцця для нашчадкаў, клопат пра якіх — спрадвечная рыса характару беларуса. Сапраўды, зямля — скарб, бяздоннае багацце.  

   Каб узвысіць свайго героя, Колас праводзіць яго праз самыя цяжкія і страшныя, ва ўяўленні Міхала, выпрабаванні — беззямелле і як вынік яго — рабства, здзек, прыніжэнне. Але жыццёвыя калізіі («Міхал як толькі ажаніўся, Тады ж ад бацькі аддзяліўся, Бо стала цесна. З той прычыны Пайшоў на сплаў ён, на віціны...») толькі ўмацавалі яго мару:  

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,

Каб з панскіх выпутацца пут,

і там зажыць сабе нанова:

Свая зямля — вось што аснова!

   У вобразе Міхала ўвасоблены пісьменніцкі ідэал чалавека. На такіх, як Міхал, стаіць свет і трымаецца наша зямля. Працавітасць, сумленнае стаўленне да справы, хай сабе і нялюбай, прымусовай (не сваёй і не на сябе), клопат пра дзяцей, іх будучыню, мудрасць — далёка не поўны пералік добрых якасцей, якімі валодае Міхал. І ўсё ж дамінавальным і вызначальным у яго жыцці з'яўляецца пачуццё ўласнай годнасці і свабодалюбства. Так, Міхал цярпімы і цярплівы («Маўчы, калі ёсць хлебу роце»), але да пэўнай мяжы — пакуль не прыніжаецца яго чалавечая годнасць. Ён здольны «хоць раз, ды добра агрызнуцца». Агідна бачыць яму, як прыніжаюцца іншыя: «Цьфу ты, мардасіна пагана!»  

   І ўсё ж пачуццё ўласнай годнасці Міхала вызначае нават не толькі здольнасць не прыніжацца ні пры якіх абставінах. З гэтым вобразам звязана пісьменніцкае ўсведамленне сапраўднага пачуцця ўласнай годнасці. Свабодны толькі той чалавек, ва ўяўленні Коласа, хто не пасягае, не абмяжоўвае свабоды бліжняга свайго. Доказ таму — братэрскія адносіны да Антося і павага, з якой ставіцца Міхал да жонкі, маці сваіх дзяцей. Мы захапляемся мудрасцю, годнасцю і свабодай Ганны. А каму яна абавязана сваёй свабодай? Нічога ідэальнага на свеце не бывае, але сям'я Міхала і Ганны, узаемаадносіны паміж імі — выключэнне з гэтага правіла. Павага, з якой ставіцца Міхал да людзей, а найперш — да жонкі, не могуць не захапляць.  

   Самы галоўны бацькоўскі клопат у Міхала пра сваіх дзяцей — каб яны ніколі не былі рабамі. «Дык трэба грунт мець пад нагамі, Каб не бадзяцца батракамі», — даводзіць герой сваім дзецям. Таму і да яго строгасці, а часам і суровасці ў адносінах да дзяцей мы ставімся з разуменнем і павагай. Уражваюць сямейныя сцэны, калі Міхал па-дзі-цячы адчайваецца з-за някемлівасці і хітрасці аднаго, няздатнасці да вучобы другога сына. Затое якой радасцю поўніцца яго бацькоўскае сэрца, калі бачыць у сваіх дзецях тое добрае, што якраз і дае надзею на іх вольнае і людскае жыццё ў будучым, тады, калі ён ужо не зможа пра іх клапаціцца.  

   Праз вобразы Міхала, Ганны і Антося выяўлена і пісьменніцкае стаўленне да народнай педагогікі, асноўнымі прынцыпамі якой з'яўляюцца прыклад бацькоў, іх любоў да дзяцей, што не выключае, а наадварот, уключае і строгасць. Добрых дзяцей вучыць граза, а не лаза, сцвярджае народная мудрасць. Пра «папружку» Міхал больш нагадвае дзецям, чым пускае яе ў ход (толькі аднойчы, ды і то, калі Алесь не ацаніў тактоўнасці і далікатнасці бацькоў і не скарыстаў шанц самому выправіць сваю памылку): «Калі пайдзе навука туга — Паходзіць бацькава папруга!», «Цыц, не смець казаць мянушку, А то здыму на вас папружку!»

   Пісьменніцкі ідэал жанчыны. жонкі і маці, нястомнай працаўніцы і ахоўніцы сямейнага ачага ўвасоблены ў вобразе Ганны. Не можа не здзіўляць тактоўнасць гэтай простай сялянскай жанчыны, тонкасць яе натуры і багацце душы. Ад яе залежыць духоўнасць усёй сям'і: цеплыня, шчырасць і лад. Усё ад яе і праз яе. Яна — носьбіт народнай мудрасці і маралі, яна — носьбіт вечнасці: традыцый, звычаяў. Яе любяць і шануюць усе ў сям'і, а першы прыклад павагі дае зноў жа Міхал.  

   Вялікага эстэтычнага ўздзеяння на чытача паэт дасягае вобразам дзядзькі Антося. Яму прысвечаны самыя светлыя, самыя радасныя старонкі паэмы. Гэтым вобразам славіцца не толькі працавітасць, духоўная сіла і веліч народа, але і яго таленавітасць.  

   Дзядзька — адароная ад прыроды, яркая, багатая натура, майстар на ўсе рукі: «што ні замысліць — то ўсё зробіць»; дагнаная ім да ладу «каса не косіць — каса брые, і шчытнякі бярэ сухія, бо ў дзядзькі рукі залатыя», «за дзядзьку людзі просяць Бога». Дзядзька — дбайны гаспадар, «ва ўсім парадак і лад любіць». Нястомны працаўнік, ён «адзін за двух на сваім карку цягнуў ярэмца хлебароба».  

   Але найбольш поўна выявіўся талент дзядзькі Антося у педагогіцы, у выхаванні сваіх пляменнікаў. Лёс яго склаўся так, што ён, адналюб па сваёй прыродзе (каханая Наста, не дачакаўшыся Антося са сплаву, «яго змяніла на другога»), бескарысліва аддаў свае сілы сям'і брата, яго дзецям, іх шчасцю і дабрабыту. За яго дабрыню і любоў усе ў сям'і плацілі яму таксама любоўю:  

Дык і не дзіва, што любілі,

Што на руках яго насілі.

   Любоў да ўсяго, што яму дорага і міла, вызначае і стан душы гэтага чалавека, і сутнасць яго таленту. 

   Вялікае назначэнне партрэта ў абмалёўцы гэтага вобраза:  

...Ён невысок, не надта ёмак,

Ды карчавіты і няўломак,

А волас мае цёмна-русы,

і зухаўскія яго вусы

Умеру доўгі, густаваты,

Угору чуць канцы падняты;

А вочы шэры, невялічкі,

Глядзяць прыветна, як сунічкі,

Але раптоўна і адразу

Не расчытаеш іх выразу:

То смех, то хітрасць з іх бліскае,

То дабрата, але якая!

   Праз гэты партрэт пісьменнік выяўляе і філасофскую думку, што прыгожае для кожнага чалавека тое, што ён любіць, што яму дорага.  

   Самі па сабе адзнакі паставы і рысы яго аблічча прыкметамі прыгажуна наўрад ці могуць быць («ён невысок»; «а вочы шэры, невялічкі»), Але гэта рысы чалавека, якога любяць і які любіць, — і тым усё вызначана: прыгожае тое, што мілае, роднае, дарагое.  

   Вялікую ролю ў стварэнні гэтага эстэтычнага вобраза адыгрывае гумар. Менавіта выкарыстаннем гумару як мастацкага сродку дасягаецца ўздзеянне вобраза Антося на чытача. Гумар узвышае героя і адначасова робіць яго даступным, родным і блізкім кожнаму чытачу.  

   Антось зачароўвае непасрэднасцю сваёй натуры і рэдкай для людзей здольнасцю пасмяяцца з самога сябе, што сведчыць пра яго дабрыню, розум і аптымізм: «Які ж ты, хлопча, нецярпячка, Няхай цябе затопча качка!»; «Забілі зайца, не забілі, Але ж, брат, груку нарабілі». Сваё кухарскае «вынаходства» самакрытычна ацэньвае так: «Паскудства, брат, і не пытайся!»  

   Узвышэнню коласаўскіх герояў, носьбітаў лепшых народных якасцей, садзейнічае і прыём кантрасту. На фоне сатырычных вобразаў паноў яшчэ яскравей, яшчэ відавочней веліч і прыгажосць, мудрасць і шчырасць чалавека працы, які да ўсяго ўмее хораша адпачываць, весяліцца, правіць святы.  

Похожие статьи:

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі пра ўваскрэсенне душы і перамогу чалавека над злом

Пераказы, дыктантыРэкі і людзі

Міхась КавыльМіхась Кавыль - Чалавек

Пераказы, дыктантыЧалавек і прырода

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Чалавек