Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эдуард Валасевіч - Шпачыны канфуз

Шпака прырода ані ў чым не абышла:
І слых, і голас, і душу дала,
І крылы для палёту!
І Шпак лятаў, свае выводзіў ноты.
Ды неяк, пабываўшы за мяжой,
Такіх акордаў і мелодый нахапаўся,
У такое пер’е ён стракатае прыбраўся,
Што птушкі зачырыкалі наперабой –
Хто з зайздрасцю, хто з абурэннем.
Па лесе гамана пайшла і зацікавіла Арла.
– Ну, братка, пакажы сваё ты ўменне,
А я паслухаю ў цяньку, –
Прапанаваў Арол Шпаку.
Тут і завёў спявак з натхненнем:
То як Калібры, то як Какаду,
То імітаваў Фламінга, то Тукана,
То кошкай мяўкаў нейкую нуду,
То шротам сыпаў барабана –
Аж водгулле грымела над ляском...
– Hішто сабе. Займальна.
Заморскае cxaпіў ты дасканальна.
А зараз – заспявай Шпаком!
І дзіва –
Не толькі варыяцыі і пералівы,
Шпак і мелодыю сваю забыў...
Тады Арол загаварыў
З дакорам:
– Якая ганьба! Ну і сорам!
Спрадвеку птушкі славяць родны гай,
А ты злятаў разок за мора –
Дык стаў не Шпак, а Папугай...
Запомні, зapyбі сабе на дзюбе:
Хоць сто матываў іншых знай,
А песняй роднаю, мой любы,
Не пагарджай!

Скажу на чысціню, як адсяку:
Не спадабляйся гэткаму Шпаку!

 

Похожие статьи:

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Шпак спявае

Янка ЖурбаЯнка Журба - Шпак

ПераказыБясхвосты шпак

ПераказыШпак

Кастусь ЖукКастусь Жук - Шпак купіў магнітафон