Пасадзілі бульбіну вясною
ў цёплую вільготную зямлю.
Сонца нахілялася над ёю,
воблака паіла дажджавое,
вецер напяваў ёй: «Люлі-лю!»
Падрамала бульбіна ў зацішку,
як і сёстры меншыя яе.
Потым паднатужылася крышку –
і да сонца, ветру і хмурынак
распасцёрла парасткі свае.
Як яна запрэглася ў работу!
Сілы набіралася, расла.
Пад зямлёй яе таўсцела цела,
вопратка наверсе зелянела –
цветам светла-бэзавым цвіла.
Адкапалі бульбіну пад восень:
ну і дзіва! Важыць паўкіло.
Так ужо спрадвеку павялося:
лепей нашай бульбы беларускай
анідзе на свеце не было!
Ля кастра прыемна ёй сагрэцца –
вось ляжыць і млее на баку.
Акалі на славу падпячэцца –
на далонь шырокую кладзецца
ў рудавата-шэрым кажушку.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Гаспадары зямлі
Пераказы, дыктанты → Каралева агарода
Іван Чыгрынаў → Іван Чыгрынаў - Бульба
Авяр’ян Дзеружынскі → Авяр’ян Дзеружынскі - Беларуская бульба
Пераказы, дыктанты → Каралева агарода