Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пятрусь Макаль - Родная мова

Як самую звонкую ў свеце навуку,
Як ройных вякоў пчаліную складчыну,
Прымаю па складу, па смаку, па гуку
Мову маю матчыну!
 
З калыскі, ад першага лепету «мама»,
Які акрыліў жаўтароціка-хлопчыка,
Да грамавога «ура», што ўзнімала
Мяне ў штыкавую атаку з акопчыка.
 
Пароль неўміручасці – родная мова.
Рассуньцеся, часу перагародкі:
Вядуць, як суседзі праз вокны, размову
Учора і Заўтра, патомкі і продкі...
Мы ці нямыя вякамі мычалі?
Струны ржавелі без пальцаў музыкі.
Нібы ўзрыўчатку, запасіў маўчанне
Род мой,
Народ мой,
Набат без’языкі.
 
Мову маю, як праўду, падноскамі
На плошчах парадна глушылі,
Душылі
Пятлёй зацяжною, што Каліноўскаму
Вужакаю падступіла да шыі.
 
Таму не стамлюся славіць, як сонца, я
Цябе, рэвалюцыя, што назаўсёды
Агучыла, як кінастужку бясконцую,
Гісторыю збуджаных воляй народаў.
 
Ты ў нетрах маёй беларускай старонкі
Залежы музыкі адкапала,
Каб з сэрца, нібы з невычэрпнай скарбонкі
Высыпаў песні народу Купала.
 
Мы слова прыгубілі, як крыніцу,
Што камень маўчання прабіла са звонам,
Пілі, як паветра пасля навальніцы,
Прапахлае сонейкам і азонам...
 
Ды рынулі браніраваныя вусені
На край мой, нібыта на ліст кляновы.
Але прыслухацца іх прымусілі
Мы да сваёй выбуховае мовы.
 
Трэсліся, быццам ад землетрасення,
Гвалтоўныя сейбіты сталі рурскай
Ад партызанскага вымаўлення
Грымотнай мовы маёй беларускай!
 
І мінамётамі, і гарматамі
Краіна мая, што ад гневу бурліла,
Па грозных законах ваеннай граматыкі
Чужынцаў скланяла аж да Берліна...
 
Нас дзеці і ўнукі паўтораць нанова –
Народы не спісваюцца на пенсію.
Ты будзеш звінець, мая родная мова,
Як слова, якое не выкінуць з песні!

 

Похожие статьи:

ЛЛітаратурная мова

ММова мастацкай літаратуры

ААўтарская мова

ВВершаваная мова

ННяўласна-простая мова