Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Мікола Гіль - Партызанскі фотаздымак

Увага!!! Поўны змест
  
   У Мінску стаіць прыгожы светла-шэры будынак. Міхась ведае, што ў тым будынку – музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Хлопчык даўно хацеў пабываць там. Некалькі разоў прасіў тату звадзіць яго туды. Тата абяцаў, але яму ўсё штосьці перашкаджала. Урэшце пайшоў Міхась у музей з бабуляй.
   Доўга хадзілі яны з адной залы музея ў другую. Найбольш цікавілі хлопчыка вінтоўкі, кулямёты ды гарматы, з якіх партызаны стралялі па фашыстах. Падоўгу стаяў каля іх, шкадаваў, што няможна дакранацца да тых кулямётаў і гарматаў. I на бабулю злаваўся, што падганяла яго. Сама бабуля, смешна казаць, на вінтоўкі і кулямёты амаль не глядзела. Усё больш да фотаздымкаў прыглядалася, што па сценах развешаны. Каля аднаго здымка стаяла так доўга, што Міхась не стрываў.
   – Ці ты, бабуля, пазнала там каго? – спытаў ён.
   – Але ж, унучак, пазнала, – адказала бабуля. Міхась толькі ўсміхнуўся і пацягнуў бабулю ў другую залу, дзе стаяла самая сапраўдная «кацюша». Пра той фотаздымак хлопчык і забыў адразу. Нічога цікавага на ім не было: стаяць нейкія дзядзька з цёткай, а між імі – хлопчык у кажушку і аблавушцы.
   I вельмі здзівіўся Міхась, калі ўжо дома бабуля адчыніла свой куфэрак, дастала адтуль старую, пажоўклую фотакартку і паклікала ўнука:
   – Падыдзі, унучак, паглядзі!
   Глянуў Міхась – дзіва, ды годзе! Той самы музейны фотаздымак, каля якога бабуля так доўга стаяла! Толькі той быў вялікі, а гэты малюсенькі, як карабок з-пад запалак.
   – Дзе ты яго ўзяла? Хто тут сфатаграфаваны? – падаўся Міхась бліжэй да бабулі.
   – А ты вось сядзь і паслухай. – I пачала расказваць.
   – Здымак гэты, – гаварыла бабуля, – зрабіў партызанскі фатограф. Даўно зрабіў. Ажно трыццаць пяць гадоў назад. Сфатаграфаваў ён партызанскую сям'ю: бацьку, маці і іхняга сынка.
   – I ўсе яны ваявалі з фашыстамі? – перабіў хлопчык.
   – Але, унучак, ваявалі. Па-сапраўднаму ваяваў, вядома, бацька, партызанскі камісар. Ён і страляў у фашыстаў, і цягнікі іхнія пад адхон пускаў. Маці есці партызанам варыла, параненых глядзела. А калі трэба было, дык і ў разведку хадзіла. Ну, а Вова, сынок іхні, песні партызанам спяваў, пасыльным быў. А яшчэ – вогнішчы раскладваў. Надта ж умеў ён вогнішчы класці. Хай дождж ідзе, дровы мокрыя, а Вова ўсё роўна агонь развядзе.
   – А дзе яны цяпер, бабуля? – спытаў Міхась. – Чаму ў цябе фотакартка гэтая?
   – А ты, жэўжык, не перабівай, а слухай, – бабуля нібыта зазлавала на ўнука. – Дык вось... Сфатаграфаваў іх партызанскі фатограф сонечным вясновым днём. Гэта ўжо ў сорак чацвёртым было. Радаваліся ўсе, што хутка вызваленне прыйдзе, што хутка прагоняць фашыстаў з нашай зямлі. А неўзабаве блакада пачалася. Паслалі фашысты супраць партызанаў вялікае войска. Біліся з ворагамі партызаны, доўга біліся, аж пакуль патроны не скончыліся. I вымушаны былі народныя мсціўцы – гэта так партызанаў называлі – адступаць, глыбей у лес адыходзіць. Лес, унучак, партызанаў і карміў, і ратаваў. Адыходзяць партызаны, а фашысты па пятах за імі. Ужо і лес канчаецца, за ім балота дрыгвяністае раскінулася, парослае лазой ды іншым чэзлым хмызняком. Што рабіць? Пачалі партызаны ў гэтае балота адыходзіць. Спадзяваліся, што яно іх уратуе, што карнікі за імі ў балота не палезуць. Фашысты ж паабувалі гумавыя боты з доўгімі халявамі і паперліся ў балота – так ім хацелася ўсіх партызанаў знішчыць. Балота тое падступала да ракі. Як улетку, дык і не надта вялікая рака тая, уброд лёгка перайсці. А вясною шырока разлілася, як вокам акінуць. Трапілі партызаны ў пастку: наперадзе – рака, ззаду – карнікі, і патронаў няма. А фашысты ўсё бліжэй і бліжэй. I тады камандзір загадаў: перабірацца цераз раку на другі бераг. Вада ў рацэ ледзяная, па ёй крыгі, ламачча рознае плыве. Ды выйсця іншага няма. Кінуліся партызаны ў ледзяную ваду, паплылі да другога берага, а камісар і некалькі байцоў ад фашыстаў адстрэльваюцца, таварышаў прыкрываюць. I толькі тады, калі ўжо ўсе былі на другім беразе, кінуліся ў раку і яны. Камісар добра плаваў, ён мог бы першым пераплысці раку. Але побач плылі яго таварышы. Некаторыя з іх былі паранены. I камісар падтрымліваў на вадзе то аднаго, то другога. Некалькім байцам памог ён выбрацца з імклівага патоку на бераг. Урэшце і сам ступіў на яго. Ступіў і азірнуўся – ці ўсе байцы пераправіліся? У гэтую хвіліну па беразе застрачыў фашысцкі кулямёт, і камісар упаў. Падбеглі да яго партызаны, а ён ужо і не дыхае… Пахавалі партызаны свайго камісара, а самі хутчэй пайшлі на злучэнне з іншымі атрадамі, каб агульнымі сіламі адолець карнікаў…
   Бабуля змоўкла. Доўга маўчала. Ажно пакуль Міхась не крануў яе за рукаў:
   – А з хлопчыкам што было? З мамай яго?
   Бабуля схамянулася:
   – Вова і яго мама выратаваліся. Яны і цяпер жывуць. За гэты час мама Вовы стала бабуляй. А Вова вырас, стаў татам, і ў яго нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Міхаськам.
   – Міхаськам? Бабуля, дык гэта…
   Бабуля ўсміхнулася:
   – А ты і не здагадваўся? Але, унучак, але! Цётка, што на фотакартачцы, гэта – я. Хлопчык – твой тата. А камісар – твой дзед. Кандратам яго звалі. Татку ж твайго Уладзімір Кандратавіч завуць? Вось так, унучак! А ты пытаўся, каго гэта я на тым здымку ў музеі пазнала…
   Міхась узяў у бабулі здымак, доўга ўзіраўся ў яго, нарэшце спытаў:
   – Значыць, і я – з партызанскай сям'і?
   – А як жа! Вядома, з партызанскай! – адказала бабуля.