Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Творчасць Максіма Танка
Максім Танк (псеўданім Яўгена Скурко) быў не толькі адным з найбуйнейшых паэтаў Заходняй Беларусі міжваеннага перыяду, але таксама і найбольш адораным ад прыроды паэтам XX ст. Свежасць і рэвалюцыйны дух ягоных больш ранніх зборнікаў крыху змяніліся пасля ўз’яднання Беларусі ў 1939 г., калі такі перакананы камуніст, як Танк, адчуў сябе ў сацыялістычным раі, пра які ён марыў яшчэ маладым палітзняволеным. Аднак гэтая падзея зусім не ўзбагаціла ягоную паэтычную творчасць, а хутчэй наадварот – звузіла яе фокус, паколькі паэт атрымаў яшчэ больш ганаровых абавязкаў (у тым ліку і членства ў Цэнтральным Камітэце Камуністычнай партыі Беларусі і Беларускай акадэміі навук), што вымусілі альбо, прынамсі, далі магчымасць досыць многа вандраваць у якасці афіцыйнага прадстаўніка Савецкай Беларусі. У 1968 г. ён атрымаў званне народнага паэта БССР.
Максім Танк нарадзіўся 17 верасня 1917 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Спачатку ён скончыў пачатковую польскую школу, потым вучыўся ў Вілейскай рускай і ў Радашковіцкай гімназіях, але ў 1927 г. быў выключаны з апошняй за ўдзел у школьным страйку. Да 1939 г. ён адыгрываў значную ролю ў нелегальнай дзейнасці Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, упарта змагаючыся з польскімі ўладамі. Пачынаючы з 1933 г. ён некалькі разоў сядзеў у турме.
Першыя вершы Танка былі апублікаваны ў 1932 г. у нелегальным часопісе «Пралом» (адно з шэрагу нелегальных беларускіх выданняў гэтага часу, што вымушана было спыніць сваю дзейнасць пасля першых двух выпускаў), а ягоны першы зборнік, «На этапах», быў выдадзены ў 1936 г. пры падтрымцы музыказнаўцы і фалькларыста Рыгора Шырмы (1892-1978) і КПЗБ. Нягледзячы на тое, што гэты зборнік неўзабаве пасля выдання быў канфіскаваны, ён аказаў значны ўплыў як на беларускіх чытачоў, так і на пісьменнікаў таго часу. У адрозненні ад большасці твораў, напісаных беларускімі паэтамі пад польскай уладай, творчасць Танка прыцягвала ўвагу нават звычайна абыякавай польскай прэсы, якая без аніякай паблажлівасці абвясціла яе выбітнай, сапраўды унікальнай культурнай з’явай.
На фоне даволі пасрэднай заходнебеларускай паэзіі першы зборнік Танка быў адразу заўважаны дзякуючы свайму моцнаму рэвалюцыйнаму духу, тэматычнаму і жанраваму багаццю. Сапраўды, для творчасці Танка на працягу ўсяго ягонага жыцця характэрны пошукі разнастайнасці ва ўсім. Для некаторых вершаў гэтага зборніка ўласціва звышскладанасць, асабліва што датычыцца не заўсёды досыць празрыстай інтэлектуальнай вобразнасці. Аднак нават нягледзячы на тое, што гэта магло быць адпаведнай рэакцыяй на даволі абмежаваныя інтэлектуальныя і творчыя здольнасці сучаснікаў, Танку ўсё ж лепш удаваліся простыя вершы. Уласцівая паэту інтуітыўная віртуознасць і сапраўдная гарманічнасць дазваляюць пазбегчы сухасці, невыразнасці верша. Добрым прыкладам ягонай простай манеры пісьма можа лічыцца верш з турэмнай лірыкі «Спатканне» (1936), у якім Танк вельмі проста і выразна апісвае спатканне старога са сваім зняволеным сынам. Творы на палітычную тэматыку працягваюць пераважаць і ў другім зборніку М. Танка «Журавінавы цвет» (1937), у якім верш «Песня кулікоў» (1937) адлюстроўвае іншую адметную асаблівасць Танкавых твораў – а менавіта схільнасць да адточаных вобразаў, што часам укладаюцца ў вусны простых людзей – герояў значнай часткі ягоных вершаў. У пейзажнай лірыцы першых двух зборнікаў пануе тужлівы настрой, што розніць іх ад аптымістычнага духу твораў на палітычную тэматыку. Аднак яны таксама вельмі выразна дэманструюць няспыннае імкненне Танка да самабытнай, складанай, асацыятыўнай вобразнасці, багатай на нечаканыя супастаўленні, параўнанні і сувязі, як у вершы «Восенню» (1939) альбо ў больш лаканічнай вершаванай драме «На пероне» (1938).
Апошні і, здаецца, найлепшы са зборнікаў паэта ў перыяд да 1939 г., «Пад мачтай» (1938), стылістычна больш стрыманы за ўсе папярэднія. Шырокі дыяпазон тэмаў, распрацаваных у класічным стылі, адрознівае яго ад больш ранніх твораў аўтара, напісаных у рамантычнай манеры. Але, як і раней, на першым плане стаяць грамадска-палітычныя праблемы, якія адлюстроўваюцца ў моцных, часта алегарычных вершах, як, напрыклад, «Зноў у аркестру скрыпачоў...» альбо «Каб хутчэй...» (абодва 1938 г.). У зборніку таксама багата пейзажных замалёвак, якія часта спалучаюцца з філасофскай ці любоўнай тэматыкай, што працягваюць дамінаваць у паэзіі Танка. Сярод шматлікіх цудоўных твораў пра прыроду таго часу можна адзначыць вершы «Лісце каштанаў» (1937) і «Такая лютая зіма...» (1938), пра каханне – вершы «Каля мора» (1938) і «За пацалункі і за вочы...» (1938). Больш філасофскі настрой маюць вершы «Над курганамі» (1937) і «Непрытульна, сіратліва...» (1938), якія могуць лічыцца вяршыняй беларускай паэзіі гэтага часу. Сатырычныя вершы таксама адыгрываюць значную ролю ў трэцім зборніку Танка. Моцныя хутчэй сваімі дэталямі, чым абагульненнямі, гэтыя афарыстычныя вершы спалучаюць у сабе элементы парадокса, іроніі і гратэску, аднак ім не стае таго спецыфічнага гумару, што ўласцівы творчасці некаторых беларускіх паэтаў, напрыклад, Кандрату Крапіве. Тым не менш Танк вельмі востра выкрывае літаратурных і палітычных ворагаў творцаў. Сярод найбольш яскравых прыкладаў можна назваць вершы «Кожны піша...» (1938) і добра вядомую рэвалюцыйную сатыру «Раманс» (1937).
Хаця Максім Танк і быў, у першую чаргу, паэтам-лірыкам, ён таксама досыць паспяхова праявіў сябе як стваральнік паэм і ў перыяд да ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, і пазней. Сярод ягоных паэм можна ўзгадаць «Нарач» (1937) – лірыка-рамантычны твор з элементамі эпічнага апісання рыбацкага бунту, дзе возера служыць сімвалам усёй Заходняй Беларусі. Прысвечаны палітычнай барацьбе твор «Каліноўскі» (1938) таксама малюе стрыманую, кранальную і гістарычна пераканаўчую карціну так званага рэвалюцыйнага нацыяналізму XІX ст. Дзве іншыя паэмы таго часу, «Журавінавы цвет» (1937), што дала назву зборніку, і «Сказ пра Вяля» (1937), прадэманстравалі шырокае выкарыстанне фальклорных матываў, што досыць добра ўдавалася паэту, нягледзячы на складанасць ягонай вершаванай тэхнікі і арыгінальную вобразнасць. Першая паэма ўяўляе сабой вясковы раман, у якім даецца ўсебаковае апісанне сялянскага побыту з дэталёвым разглядам этнічных, сацыяльных і псіхалагічных аспектаў. З высокім майстэрствам Танк выкарыстоўвае фальклорную мелодыку верша, у той самы час ствараючы жывыя дыялогі і карціны. У паэме «Сказ пра Вяля» з падзагалоўкам «Народная быліна» аўтар выкарыстоўвае элементы народнай легенды, аднак не цытуе яе дакладна, а як бы перастварае нанова, выдатна захоўваючы фальклорныя матывы і рытміку.
Знаходзячыся ў польскай турме, Танк быў застрахаваны ад сталінскіх чыстак, што праводзіліся ў Савецкай Беларусі. Але ў хуткім часе пасля ўз’яднання Беларусі ён стаў назіральнікам тых жа самых палітычных працэсаў, якія зведалі савецкія пісьменнікі, што прайшлі праз сталінскія чысткі і ваеннае ліхалецце. Сярод тых твораў, што могуць падацца чыстай кан’юнктурай свайго часу (хоць, звычайна, шчырасць і татальны кантроль не суіснуюць побач), можна ўзгадаць «Партыю» (1946) і «Рускую мову» (1952). Апошні твор рэзка кантрастуе з паэмамі даваеннага перыяду, напрыклад, з «Пушчай», і ўвогуле з шэрагам твораў многіх беларускіх паэтаў, у тым ліку і з уласнымі вершамі Танка, дзе ў 60-я гг. ён апявае беларускую мову (напрыклад, верш «Не толькі ўзяў таму я гэту мову...», 1962). Трэба адзначыць, што як бы ні складвалася жыццё Танка, ён працягвае верыць у рэвалюцыйныя і сацыялістычныя ідэалы. Застаючыся энтузіястам і рамантыкам, ён мала агульнага меў з такімі цынічнымі прыстасаванцамі, як, напрыклад, П. Броўка. Калі ў сярэдзіне 50-х палітычны клімат змяніўся ў лепшы бок, Танк не кінуў пісаць у сваёй вельмі індывідуальнай, самабытнай манеры, хаця ў 70-я і 80-я гг. у ягонай творчасці меліся значныя перапынкі.
У савецкі час Танк выдаў некалькі дзесяткаў паэтычных зборнікаў, найбольш адметныя сярод якіх: «Праз вогненны небасхіл» (1945), «Каб ведалі» (1948), «След бліскавіцы» (1957), «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964), «Хай будзе святло» (1972), «Нарачанскія сосны» (1972), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Прайсці праз вернасць» (1979), «За маім сталом» (1984).
У 50-я гг., пасля смерці Сталіна, Танк стварыў некалькі цудоўных вершаў, азіраючыся назад, на жыццё ў Заходняй Беларусі ці на падзеі Вялікай Айчыннай вайны (у час вайны ён быў у арміі і працаваў у розных савецкіх газетах), часам проста перадаючы эмоцыі і пачуцці маладосці, а часам набліжаючыся да крытыкі савецкай рэчаіснасці. Але, тым не менш, не можа не здзіўляць тая аптымістычная вера ў мудрасць палітычных дзеячаў, у чые шэрагі ён, у нейкім сэнсе, уступіў. Найбольш яскравымі рысамі ягонай паэзіі паслясталінскага перыяду былі нястомныя пошукі новых формаў і памераў, якія спалучаліся з трапным выкарыстаннем традыцыйных літаратурных вобразаў. У творчасці Танка метафарычнае багацце спалучаецца з простай, натуральнай мовай, часам расквечанай фальклорнымі вобразамі. Магчыма, такі сінтэз зразумелай штодзённай мовы і свежых, арыгінальных вобразаў разам з выразным нацыянальным каларытам характэрны для лепшых вершаў паэта, а таксама няспыннае ўдасканальванне ягонага пісьма – вось што надае паэзіі Танка індывідуальнасць і нязменную папулярнасць сярод чытачоў. І гэта нават пры тым, што імкненне пісаць на злабадзённыя пытанні ў нашыя дні робіць некаторыя ягоныя паэмы безнадзейна састарэлімі.
У 50-я і 60-я гг. Танк стварае лірычныя вершы на разнастайную тэматыку. Ягоныя вандроўкі выліліся ў цэлы шэраг новых вершаў, звычайна з менш прадузятай палітычнай пазіцыяй, чым у творах некаторых ягоных суайчыннікаў, хоць пры тым сам паэт заўсёды застаецца перакананым камуністам. Туга па дому, якая, магчыма, не была галоўным фактарам у творчасці паэта, спрыяла стварэнню маляўнічай карціны ў вершы «Смаленне кабана» (1961), дзе аўтар расказвае пра прыгатаванне парсюка да стала, як гэта ўзгадваецца яму ў далёкім Нью-Йорку. Другім каларытным апісаннем прыгатавання ежы, традыцыі, распачатай Якубам Коласам у «Новай зямлі», з’яўляецца верш «Аўсяны кісель» (1965).
Патрыятычныя пачуцці Танка цесна звязаны з радасцю фізічнай працы, прыгажосцю беларускай мовы, суровай гісторыяй вайны, жывёльным і раслінным светам Беларусі і асабліва ягоных родных нарачанскіх мясцінаў.
Танкавы вершы 50-х і 60-х гг., прысвечаныя вайне, часта досыць апасродкавана раскрываюць гэтую тэму. Верш «Жэтон» (1955) уяўляе сабою антываенны заклік праз раскрыццё значэння сімволікі асабістага значка – адзінай рэчы, якая засталася ад нямецкага салдата. У той жа час у вершы «Конаўка» (1959), каб расказаць пра свой смутак, ён выкарыстоўвае іншы вобраз:
З гільзы пустой, у якой некалі смерць
начавала,
Зроблена добрая конаўка. Служыць каторы
ўжо год!
Бачу сваіх незабыўных сяброў, у агні
небазвод...
І гаркаватым, як слёзы, нават становіцца
мёд.
Шмат якія вершы, палітычныя і не толькі, напісаныя Танкам у 50-я гг., з цягам часу страцілі сваю актуальнасць. Але нават у самых простых і трывіяльных з іх, як, напрыклад, у «Ave Maria» (1957) альбо ў збітым «інтэрнацыяналісцкім» «Тосце за дружбу» (1956), добра бачна тэхнічнае майстэрства Танка, а дэтальна выпісаныя праніклівыя вобразы ўзвышаюць ягоную працу над творчасцю суайчыннікаў з пасляваеннай Савецкай Беларусі. Танк застаўся палітызаваным, задзірлівым і актыўным, аднак не заўсёды рэзкім каментатарам падзей навакольнага свету. Асабліва добра паэт перадае асабістыя пачуцці, не ў апошнюю чаргу звязаныя з жанчынай у ягоным жыцці. Верш «Ноччу» (1963), да таго ж, дэманструе тонкае пачуццё гумару аўтара:
– Ты чуеш, прыйшоў я!
– Цішэй!
– Ледзь хату знайшоў я.
– Цішэй!
– Дзе ж клямка, не знаю.
– Цішэй!
– Што ж не адчыняеш?
– Цішэй!
– Ці ўсе спяць, Анета?
– Цішэй!
– Ноч цёмная. Дзе ты?
– Я тут.
Два вершы са зборніка «След бліскавіцы» на тэму паэзіі і беларускага патрыятызму найлепшым чынам раскрываюць талент Танка. У «Трактаце аб паэзіі» (1962) ён крытыкуе акадэмічны падыход да вершаскладання, але ці не больш уражвае напісаны раней верш «Паэзія» (1955), які сведчыць пра майстэрства паэта ў выкарыстанні параўнанняў.
У вершы гэтага ж перыяду «Я гэта люблю падарожжа...» (1956), ёсць простыя, але незабыўныя словы пра патрыятызм, што перажыве ўсе вершы паэта, натхнёныя палітычнай мэтазгоднасцю ці вялікай верай у будучыню і ў правату Савецкага Саюза:
Я гэта люблю падарожжа,
З якім і зраўняцца не можа
Вандроўка ў любыя Таўрыды –
У казачныя краявіды.
А гэта – вандроўка праз сёлы,
Праз край мой шырокі, вясёлы,
Бясконцыя нівы, дубровы –
У маю беларускую мову.
У родную мову, якая
Усімі вясёлкамі ззяе,
Смалістымі пахне лясамі,
Жывымі звініць галасамі.
О, колькі яшчэ не адкрыта
Адценняў у ёй і блакіту,
Патрэбных народу, паэтам,
Каштоўнай руды, самацветаў.
Максім Танк, без сумнення, вялікі паэт, лепшыя творы якога былі напісаны ў маладосці на тэрыторыі Заходняй Беларусі, але які, тым не меней, зрабіў значны ўнёсак і ў беларускую паэзію 50-х гг. і пазней. Ягоны статус быў яшчэ раз пацверджаны ў 1987 г., калі ён быў названы ганаровым жыхаром горада Мінска. Праз сем год Танк памёр, і ягоная смерць знайшла больш шырокі водгук у людскіх сэрцах, чым смерць каго-кольвечы з ягоных сучаснікаў.
Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.
Похожие статьи:
Максім Танк → Жыццё і творчасць Максіма Танка
Максім Танк → Давераснёўская творчасць Максіма Танка
Максім Танк → Максім Танк - Люцыян Таполя. Ідэйны змест