Я ведаў, што ты – бліскавіца,
Што хмары рассекла;
Я ведаў, што ты – вызваленне
З няволі і пекла,
Вясновая кветка,
Што камень прабіла магільны,
Разведчыка след
На дарозе крамністай і пыльнай;
Я ведаў, што ты – пацалунак,
Ты – дружба і радасць,
Ты – чорствага хлеба скарынка
I сок вінаграда.
А ты аказалася большым:
Ты – кроў, што пульсуе па жылах,
Ты – сонца, якое
Прасторы святлом азарыла,
І без чаго, як без маці
Або без радзімы,
Ні нараджацца, ні жыць
На зямлі немагчыма!
1955
Похожие статьи:
Максім Танк → Давераснёўская творчасць Максіма Танка
Максім Танк → Матывы і вобразы паэзіі Максіма Танка
Биографии → Максім Танк
Максім Танк → Жыццё і творчасць Максіма Танка
Максім Танк → Максім Танк - Люцыян Таполя. Ідэйны змест