Павязлі цягнікі
Восень з вёсак у горад
Праз імглу,
Праз іржышча, бары, –
Каб з антонавак сонца
І з стагоў памідораў
Дагарала на шыбах вітрын.
Ды ніколі не можна
Было ўдоваль напіцца
Таго сонца сіротам малым
З беспрацоўных кварталаў,
Сівым камяніцам,
Сутарэнням глыбокім,
Сырым.
Але можна было
Складаць песні пра восень
І пра жоўтае лісце
Дарожных бяроз.
Ў кожным слове шумелі
Мільёны калосся
І звінела сталь вострая кос.
Толькі, гэткую песню
Пачуўшы, вітрыны
Раптам гаслі,
Трывожна крычалі гудкі...
І ляцелі на вёскі
З новай весткай няспынна
Ашалелыя,
З грывай агню
Цягнікі.
Іх на кожным паўстанку,
Бы ўраджайнае лета,
Спатыкалі дзяўчаты
І хмары касцоў,
І з усёй Беларусі
Скрыпачы і паэты, –
А іх больш, як ў краіне
Маёй каласоў!
1937
Похожие статьи:
Максім Танк → Жыццё і творчасць Максіма Танка
Максім Танк → Максім Танк - Люцыян Таполя. Ідэйны змест
Биографии → Максім Танк
Максім Танк → Давераснёўская творчасць Максіма Танка
Максім Танк → Матывы і вобразы паэзіі Максіма Танка