Паляць грудзі мне вогнівам
скруха, адчай –
I штоноч
я крычу ад кашмарнага сну.
Родны край, любы край,
ты мяне прабачай,
Што бяду тваю
сэрцам не захінуў.
Спудна стукае ў скроні –
набатам! –
жуда,
Працінае да болю,
вярэдзіць душу.
Чую:
прашчур варочаецца
на кладах,
Праз магільныя травы
адчуўшы жуду.
Бачу:
ў вёсках сіротна
стаяць жураўлі,
Плачуць зернем
нязжатыя ў зоне жыты,
А камбайны не йдуць і не йдуць на палі...
I не вяжуцца думкі,
што немачны ты
Перад гэтай стыхіяй,
лядашчай, як мор,
Перад гэтай атрутай,
нябачнай зусім.
Тут на гора
не быў і ў вайну недабор, –
Гора й зараз
прайшлося па Белай Русі.
Ад някошаных траў
волка пахнуць лугі,
Па начах – бэры звоняць трывожна ў садах...
Край палескі,
край, сэрцу майму дарагі,
Ты сабою прыкрыў
страшны ядзерны жах.
Знаю: ты ажывеш, запульсуеш...
Але
Ад няпрошаных дум – не схавацца нідзе, –
Будзе моцна балець,
будзе доўга балець
Гэта скрушная памяць
у сэрцах людзей.
Похожие статьи:
Алесь Жук → Алесь Жук - Стары бабёр
Алесь Жук → Алесь Жук - Праклятая любоў
Алесь Жук → Алесь Жук - Песня
Алесь Жук → Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля
Алесь Жук → Алесь Жук - Мужчыны