Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Змітрок Бядуля - Малыя дрывасекі
Зімовы дзень блішчыць тысяччу агнёў. Люты мароз. Снег пад нагамі скрыпіць, як жывы.
Бор атулены ў белую пушыстую світку. Ён стаіць задуменны, як сівы дзед.
Грукат дрывасекаў разлягаецца водгаласкамі па ваколіцы.
Трах-трах! Трах-трах!
Яшчэ здалёк можна было прыкмеціць, як блішчыць пад сонцам піла, а абапал матулі-хвоі мітусяцца, як мурашкі, двое маленькіх хлапчукоў.
Яны махаюць рукамі гэтак шпарка, што іх падраныя лахманы расхрыстваюцца і адкрываюць голае цела... Шла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі тра-а-ах! — плазам упала шурпатае дрэва. 3-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка.
Малыя дрывасекі — браты. Старшаму — Цішку — дзесяць гадоў, меншаму — Халімону — восем.
Іх бацька — кульгавы Цыпрук — сам працаваць не мог.
Выпраўляў кульгавы Цыпрук хлопчыкаў да купца ў лес на заработкі. Гэтым кармілася сям'я. Трудна жылося малым дрывасекам.
— Добра, што хоць на полудзень маем па кавалку хлеба...
Паваліўшы некалькі хвой, хлопчыкі ўзяліся шчыра грызці сухі хлеб. Вочы іх заіскрыліся, шчокі расчырванеліся...
— Ого, есці, ого!.. Якая радасць!..
Яшчэ не скончылі яны палуднаваць, як узнялася завея, мяцеліца. Застагнаў, закрахтаў хвойнік. Пачаў кружыцца снег. Быццам белыя коні, уздыбіліся гурбы...
Усе дрывасекі разбегліся хутка дамоў, а Цішка з Халімонам баяліся, каб бацька не наракаў, што зарана прыйшлі з лесу... Селі пад вялікай хвояй, прытуліліся адзін да аднаго і дрыжэлі...
— Баюся! — усхліпваў меншы, Халімон.
— Во, дурань, чаго баяцца?! — супакойваў яго большы, Цішка.— Зараз дамоў пойдзем.
— Дамоў пойдзем! — шаптаў Халімон. Яны пайшлі.
Стагнаў і палохаў бор, але хлопчыкі так-сяк ішлі, а на чыстым полі нічога не відаць было. Гурбы снегу, нібы белыя мядзведзі, качаліся на прасторы, дыхалі холадам ды сыпалі цвёрдым шротам у вочы...
Хадзілі-хадзілі, брылі-брылі, але куды — і самі не ведалі...
Змарыліся. Агарнула ноч. Снег дайшоў вышэй пояса.
— Ляжам! — сказаў меншы, Халімон.
— Ляжам! — сказаў большы, Цішка.
I ляглі. Моцна-моцна прытуліліся адзін да аднаго. Зрабілася так цёпла...
I здаецца ім — сядзяць яны за сталом... Маці радуецца, што прыйшлі... Корміць іх цёплым праснаком... Бацька пазірае на іх добрымі вачамі і лагодна ківае галавой. Пад'елі і паляглі на палок каля печы... Котка лашчыцца да іх, і яны радасна заснулі...
. . . . . . . . . . . . . . . .
У поўнач усцішылася мяцеліца.
Вынырнуў з-за хмар чырвоны месяц. Вакол яго мігацеліся зоркі і пазіралі весела на белую зямлю.
Толькі на трэці дзень адкапалі замёрзшых малых дрывасекаў.
Похожие статьи:
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Дзеці вайны
Пераказы, дыктанты → Слухайце адзін аднаго!
Максім Танк → Творы Максіма Танка для дзяцей