Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віктар Гардзей - Падарожжа ў Цельшына

Урывак з эсэ


   За акном вагона ўжо ад самых Баранавіч замільгалі знаёмыя краявіды: чэзлыя ўздоўж чыгункі, пакурчаныя хвоі, мізэрныя сваёй беднасцю пасёлачкі тых, яшчэ першых, дачнікаў, густа зарослае чаратамі рэчышча ціхаплыннай Шчары, але чым далей, то ўсё выразней прыкмячалася сапраўднае Палессе. Абапал двухпуткі часцей і часцей трапляюцца белыя бярэзнікі, адзінокія ў полі дубы, неасушаныя гразкія балацявіны, а ў прамежку між імі на сухіх пагорках вабяць зрок гонкія грыбныя ды ягадныя бары. Прыгарадны дызель-поезд, мерна пагрукваючы коламі на стыках рэек, пачынае замаруджваць імклівы бег і нарэшце спыняецца на бязлюдным паўстанку ў вядомай мне змалку вёсцы, чыгуначным палатном раздзеленай на дзве неаднолькавыя палавіны.
   Дзень добры, Цельшына!
   Пасажыры, найбольш хлопцы і дзяўчаты, выкульваюцца на пясчаны насып, што служыць тут перонам, бягуць на пераезд, а мне чамусьці мроіцца: у іхнім гаманкім, вясёлым натоўпе матлянуўся на момант і знакаміты паношаны «лапсярдак» маладога настаўніка Андрэя Лабановіча. Але раптоўная мроя знікла, як і прыйшла, вочы паступова звыкаюцца з даўно нябачанымі палескімі малюнкамі, якія набываюць першапачатковы, рэальны сэнс. Так, гэта не Цельшына. Гэта славутая вёска Люсіна, дзе ў мясцовай школцы працаваў Якуб Колас, і нават цяпер, на размежжы двух стагоддзяў, яго тут любяць і помняць, бо вось і сціплы паўстанак, дзе спыніўся наш дызель-поезд, ужо даўным-даўно носіць імя народнага песняра Беларусі.
   Што ні кажы, а ўсё ж прыемна сам-насам прайсціся па тых сцежках і дарожках, па якіх у такой жа скрушнай адзіноце калісьці блукаў галоўны герой трылогіі «На ростанях», вялікі праўдашукальнік і рамантык Андрэй Лабановіч. У першай частцы твора – аповесці «У палескай глушы» Якуб Колас надзвычай маляўніча і сакавіта апісаў побыт і звычкі палешукоў, іх гаротнае жыццё ў часы царызму, а многія жыхары Люсіна сталі прататыпамі непаўторных персанажаў кнігі – тутэйшай інтэлігенцыі і сялян. Даўнія з’явы і малюнкі выразна паўсталі ў вачах, і ўжо на пераездзе, паблізу невялічкай пачакальні з акенцам касіра і раскладам руху цягнікоў, нешта змушае прыцішыць крок, азірнуцца вакол сябе.

Похожие статьи:

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Шалапут на гаспадарцы

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Старыя жорны

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Бедная басота (урывак)

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Лясная трывога

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Каламутная вада