Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віктар Гардзей - Шалапут на гаспадарцы

Урывак з трылогіі «Аселіца ў басейне Чорнага мора»

   На базар у мястэчка маласельцы1 выпраўляюцца зазвычай на цямочку, калі толькі пачне сачыцца чырванню ўсходні край неба, бо са сваім няхітрым пажыткам: рабою курыцай пад пахай, галкай масла і якімісьці трыма дзесяткамі яец у кошыку, трэба паспець на базарны пляц загадзя, пакуль там не віруюць натоўпы цікаўных і безграшовых местачкоўцаў. Дарога ж няблізкая – вёрст пятнаццаць, ды ўсё сухадоламі, балотцамі, і толькі перад самымі Ганцавічамі сцяжына выведзе на грунтавы наезджаны тракт. Дзед Сцяпан павёз на продаж падгладжанага асенчука2, укінуўшы яго на салому ў задок воза, то і выбраўся з дому яшчэ раней – пеўні не спявалі. Збоку ў палукашыку прымасцілася баба Марка: будзе ў мястэчку крычма расхвальваць лычаваты твар ды лічыць кіпы грошай, чаго, на яе думку, вусаты недарэка не ўмее рабіць. Дзеля такога ўрачыстага выпадку, як выезд у вялікі свет, яна апранула свае лепшыя строі: квяцістую кофту, рыжую саржавую спадніцу, стракатую турэцкую хустку. Не баба, а царэўна, тым болей, што і на кіпцюрастыя ногі ў яе знайшліся ў куфры зусім прыстойныя сандалеты. Прыбраная, як на вяселле, баба Марка, аднак, і тут паказала круты нораў – перад ад’ездам успарола Вінаградава3 з ложка і хоць набурчэлася ўдосталь.
   – Гультай! Бяртош4! Мы вунь паршука вязем прадаваць, каб якога корту5 набраць ды гультаю лыткі прыкрыць, а ён, бачыш ты, разлёгся і дрыхне сабе, як пан. Падымайся, лежань! Карову я падаіла, табе адно застанецца ў стаду загнаць. Потым у печы прапрышчыш – трэба свіное даварыць. Хочаш, дык і аладак спячы – цеста ў дзежачцы стаіць. Потым курэй пакорміш, бо не будуць несціся, потым прыгаршчы жыта змелеш – у падсітку на шкапчыку знойдзеш. Ды не забывай, раскол, гэтую погань з агуркоў зырыць, ды паршукам зелле рві акуратна. Удзень жа Міхаліну гукні – хай карову падоіць.
   – На воўка мне Міхаліна! – абурыўся разаспаны Вінаградаў, хаваючыся глыбей пад коўдру. – Хіба я ўломак які? Карову я не падаю? Вы мне казу дайце, то я і казу падаю!
   – Вырабіцца ў трэску – таквёле6 хлопцу клопату, – шкадобліва сказаў дзед Сцяпан, мацаючыся прыцемкам у дзвярах.
   – Не зблажае за дзень! Болей турботы – менш пакасці вытварыць, – сярдзіта сказала баба Марка, бразгаючы клямкай.
   Пад цёмнымі вязамі зарыпелі гужы, дзвынкнулі атосы, заляскацелі колы – двухжыльны дзедаў Жук лёгка выхапіў фурманку на сярэдзіну вуліцы, і неўзабаве стук конскіх капытоў заціх наводдаль. У вокнах яшчэ сініцца начны змрок, у верхняй шыбцы паблісквае над садком ступлены рог маладзіка, але спаць ужо не хочацца – ноч патрывожана, сон перабіты. Ды раніца бярэ сваё. На седале нема залямантаваў сонны певень, загрымеў бодняй аб сценку зруба калодзежны журавель: якаясьці гультайка не азапасілася нанач вадою. Малое Сяло прачынаецца. Дзесьці паблізу, у Крыжах, зарыкала карова, замэкалі авечкі, са свістам ляснула пастухова пуга. Вінаградаў борзда падхапіўся з ложка, загнаў Чарнушку ў статак і, па сцюдзёнай расе вяртаючыся назад, у брамцы пад вязам міжволі спыніўся зачараваны казачнымі малюнкамі пагодлівай, сядравай раніцы.
   Удалечыні, за Горскай, узыходзіла сонца. Вузкая палоска неба там ярка барвавела, і вось імклівыя, як стрэлы, промні спачатку пазалацілі макаўкі векавых дубоў і старых дзічак на схілах узвышша, потым сляпуча пырснулі ў лагчыну, акрапілі вільготнай чырванню руды алешнік наўсцяж канавы. Не верачы ці то вокамгненным пераўвасабленням прыроды, ці то нявінным забавам сваёй уласнай фантазіі, Вінаградаў ажно затаіў дыханне. З варухлівых клубоў касмыкаватага волглага туману раптам узнік, быццам лятучы прывід, знаёмы ўжо нам беласнежны паруснік. За высокаю сцяной канопляў самога судна не было відаць, пасярод аселіцы плылі толькі велічна раскрыленыя ветразі, туга напятыя ранішняй свежасцю. Дзівосны карабель на хаду абмакнуўся станьгамі7 ў густую чырвань неба, беласнежная парусіна ўвачавідкі пачала сачыцца, ацякаць пунсовым колерам, ад чаго незвычайнае відовішча нараджэння новага дня стала яшчэ больш прыгожым і чароўным. Між тым лятучы паруснік па роўнядзі плёса наблізіўся да грэблі, ткнуўся носам у бярвенні моста, і пунсовыя ветразі затрапяталі, хіснуліся, заваліліся набок і зусім прапалі з вачэй. Караблекрушэнне! Бог мой, а чаго лепшага можна было чакаць, калі за штурвалам таямнічага карабля, як і ў мінулы раз, напэўна, стаяла няўдаліца Міхаліна, якая і сваёй уласнай сківіцы сама не можа даць рады.
   Дзіўна, але іменна гэтага і хацеў Вінаградаў – караблекрушэння! Цяпер ён не проста жыхар Малога Сяла, не проста часовы гаспадар на чужым котлішчы8 – ён мужны і адважны мараход, які цудам, як і вядомы вам Рабінзон Круза, выратаваўся ў час буры, выплыўшы пад зялёны кучаравы вяз з разбітага ўшчэнт парусніка. Сяму-таму будзе, канечне, смешна, такога бедства з Вінаградавым увогуле не магло здарыцца, але нейкую падобную прыгоду з ім усё ж можна ўявіць, з чаго лагічна вынікае, што і трапіў ён зусім не на дзедаву сялібу, а на бязлюдны, ненаселены востраў. Стаць ахвярай караблекрушэння Вінаградаў пажадаў сам, ды вось цікава: якою пільнай справай найперш заняўся б той, сапраўдны, Рабінзон, калі б ён пасля трывожнай ночы апынуўся ў Малым Сяле? Думаеце, ён кінуўся б парадкаваць сваю гаспадарку ды падлічваць мізэрныя запасы харчу? Не, ён як чалавек практычны хутчэй пабег бы ў хату пячы на зыркім агні пульхныя пшанічныя аладкі!
   Не такая ўжо і складаная навука – арудаваць абсмаленай чапялой і драўляным апалонікам перад вогненным зевам печы, тым больш, што ёсць і гатовае цеста ў дзежачцы, і дровы сухія, бы порах. Глядзець збоку, як яны гараць, і то любата. Дрыготкія языкі полымя салыпаюць9, аблізваюць нізкае скляпенне10 чалеснікаў11, а там, у глыбі зева, бліжэй да кладкі дроў, на цагліне, пастаўленай рубам, ужо разаграецца чыгунная патэльня. Адзін узмах чапялой, і яна бразь на прыпек. Цяпер у ход пайшла подмазка – звычайны шматок свінога здору, загорнуты ў суконны акравачак, каб знячэўку не папячы пальцы. Подмазка шыпіць, сквірчыць, пішчыць, але сваю справу робіць досыць умела: дно патэльні шчодра паквэцана растопленым тлушчам. Цяпер клопат апалоніку, які, будучы лёгкім на пад’ём, нецярпліва вытыркваецца дзяржальнам з асінавай дзежачкі. Цеста – раз! Цеста – два! Цяпер яго трэба распусціць тонкім і роўным слоем па ўсёй патэльні, а грувасткую патэльню сунуць пад полымя, у самы зыр. Увачавідкі цеста пачынае пухкаць, падымацца, брацца пухірамі і, зноў жа, трэба ўлавіць момант, калі печыва заружовіцца, каб выхапіць з агню і перавярнуць на другі бок. Вось нарэшце! Ружовы, нічуць не падгарэлы пухнацік, апякаючы Вінаградаву пальцы, злятае з распаленай да чырвані патэльні і смачна пляскаецца на шкапчык. Ах, блін!
   Бывае, іншы чалавек пражыве на свеце і надта багата, а ні разу так і не задумаецца, што блін і аладка – гэта па сутнасці адно і тое ж. Бліны пякуць на вялікай патэльні, аладкі пякуць на малой скавародцы – вось і ўся паміж імі розніца. Мяркуючы па велічыні белага пшанічнага круга, што сыходзіць дымком на шкапчыку, Вінаградаў спёк іменна блін, а не аладку. Ім можна любавацца, на яго можна глядзець бясконца, але ж яго можна і з’есці, праглынуць за тры коўці, разарваўшы на кавалкі. I які толькі разумнік выдумаў, што першы блін – камяком! Руская печ тым часам ажно гудзе, зеляпае чырвонымі языкамі агню, капрызна патрабуючы новай порцыі пшанічнага цеста. Выдатная ўсё ж рэч – умелыя, спрытныя рукі, а спрыту, увішнасці якраз і вымагае зыркая печ. Вінаградаў ледзь паспявае хапаць па чарзе то чапялу, то подмазку, то апалонік.
   Блін! Яшчэ блін! Тут ужо бездакорна дзейнічае закон прыроды: калі нечага там убавіцца ў дзежачцы, то абавязкова чагосьці прыбавіцца на шкапчыку. Перад гарачым зевам печы Вінаградаў расчырванеўся, упарыўся, але, паглядзеўшы на высокі касцёр пульхных бліноў, не скажаш, што ён самахоць апынуўся на бязлюдным, ненаселеным востраве. Пачуўшы свіргат подмазкі на патэльні, трэцца каля ног ненажэрны кот Муртон, пачуўшы духмяны водар пшанічнага печыва, у сенцах з таго боку дзвярэй нехта ўжо бразгае клямкай, маючы відавочны намер трапіць у хату. Калі працягваць аналогію з пустэльным марскім востравам, то ў сенцах шоргаецца няйнакш як папуас альбо дзікун, альбо і зусім нейкі галодны людаед.
   – Ой, Васька, напаліў ты печ, ажно сапаціць! – На парозе стаіць зяўластая12 Міхаліна і старанна прынюхваецца, не могучы адразу зразумець, адкуль шыбае такі прыемны, смачны пах. – Не трэба было столькі дроў пхаць.
   – Гэта не я, гэта баба Марка напхала, – незадаволена буркнуў Вінаградаў, выскрэбваючы ў дзежачцы апошняе цеста. – Там жа, у печы, свінням зелле варыцца.
   – Дык і мяне баба Марка папрасіла наглядаць за яе хаджайствам. – Ад парога Міхаліна прайшла на хату, стала бокам да шкапчыка. – Але, бачу, ты і сам добра спраўляешся. – Дзікунка з суседняга двара глыбей нюхнула паветра, крутнулася на гэты дзіўны, ашаламляльны пах. – Ого, Васька! Ты і блінцоў напёк? Малайчына! Ды і якія блінцы? Белыя.
   – Бо з пшанічнага цеста, – важна, ганарліва ўдакладніў Вінаградаў. – Калі б з жытняй мукі, то не былі б такія белыя.
   – Можна папробаваць, га?
   – Пробуйце, хіба шкада?
   – Смачна! Дальбог, смачна! Ну, ты, Васька, і кухар! Мне, старой, ажно зайздросна. – Белыя пшанічныя блінцы, добра падрумяненыя з абодвух бакоў, Міхаліна проста нявечыць, мне кашчавымі пальцамі, пхае вялікімі кавалкамі ў шырозны рот, быццам век нічога не ела. – Дальбог, я і сама такіх не спяку. Чуеш, Васька, а смятана ў бабы Маркі е?
   – Калі паглядзець у каморы, то е.
   – Мо і крышан масла знойдзеш?
   – Калі баба Марка ўсё не забрала на базар, то знайду.
   – Знайдзі, служка, знайдзі! – Міхаліна весела, з маху апусцілася на табурэтку і ветліва запрашае: – Ды і сам сядай са мною снедаць. Нябось, натупаўся каля печы.
   – Натупаўся ці не, а снедаць не хачу! – сярдзіта азваўся Вінаградаў, нехаця лезучы ў цёмную камору. – Знайдзі тое масла ў гэным змроку!
   Чаго лепшага, а сквапных людзей хапае і ў Малым Сяле, якім чыясьці камора заўсёды здаецца багацейшай за сваю. Седзячы каля шкапчыка з надта апетытным сняданкам, Міхаліна нават і не падазрае, што іменна яна стала прычынай караблекрушэння, ды сама ж яна і трапіла з разбітага карабля на баль. Не сказаць, быццам той баль, ці банкет, на ўвесь свет, але з чужога шалу13 ў Вінаградава галава пайшла кругам. Нязваная дзікунка як прысела ля капца румянага печыва, пакаштавала бліноў і з маслам, і са смятанай, і так, сухама, дык і ўтрубіла няўзнак паўкапца смакоцця, расхвальваючы паміж справай збянтэжанага пекара. Праўда, цяжка падняўшыся з табурэткі, Міхаліна павыцягвала вялізныя чыгуны з печы, патаўкла варыва ў ражцы, замяшала і дала свінням есці. Ну, што ж, дзякуй і за гэта. Сам Вінаградаў замучыўся б, вымаючы на прыпек тыя чыгунныя катлы, аднак і цяпер у яго не хапае сілы проста азірнуцца на апусцелы, без ніякага пшанічнага паху шкапчык.
   Такое бедства, зрэшты, ён павінен быў прадугледзець, таму што Малое Сяло – далёка не бязлюдны востраў. Уздыхай тут ці не ўздыхай, Вінаградаву засталося толькі засланіць бляхай гарачае зева печы, чыста падмесці падлогу ды надзейна схаваць подмазку. Не дай Бог, гэты здор у суконцы ўкрадзе неразборлівы кот Муртон, тады ад бабы Маркі будзе такога прачуханца – не схаваешся і ў каноплях. Ужо ж адзін раз дзед Сцяпан і яго спалоханы ўнук ледзь не ўкленчвалі перад разгневанай гаспадыняй і просьма прасіліся, што не бралі і не елі подмазку. Можа, толькі праз тыдзень прапажа знайшлася пад шкапчыкам, куды яе, гуляючы як з мышшу, зацягнуў паршывец кот, але пра подмазку – гэта так, да слова.
   Скажыце, што Вінаградаву бракуе вопыту? Больш, чым пра ўсё астатняе, ён паклапаціўся, каб дзед Сцяпан зноў не стаяў на каленях, і тады, на хаду штурхануўшы зламыснага Муртона, з лёгкай душою, яшчэ расчырванелы ад печы, выскачыў на двор. За гэты час, пакуль адважны мараход завіхаўся з чапялой і апалонікам, раніца ўзялася на поўную сілу: высахла раса на траве, прапаў туман у нізках, а ўсім жа вядома, як хутка ажывае Малое Сяло, калі над камінамі хат знікаюць белыя дымы і наўсцяж вуліцы перастаюць рыпець калодзежныя жураўлі. Пасля снедання, у каго з нішчымнай бульбай, у каго з белымі пшанічнымі блінамі, як у Міхаліны, Малое Сяло бярэцца за свае звыклыя штодзённыя клопаты і турботы: хто бяжыць у лес па грыбы і ягады, хто спяшаецца з касой на аддалены лужок, нехта выправіўся з матычкай палоць калгасныя буракі, а Вінаградаў, працягваючы гульню ў Рабінзона, вомельгам узвіўся на свой любімы вяз, адкуль лепш за ўсё і відаць, якімі клопатамі і турботамі жыве яго родная вёска.
   Тут, на высачыні, канечне, не зашкодзіла б мець дзесяцікратную падзорную трубу, але ж дзе ты яе возьмеш у палескай глухамані, хаця, зрэшты, і без падзорнай трубы лёгка пазнаць, што сцежачкай, ціснучыся бліжэй да платоў, у Крыжы з процьмай брыгадзірскіх нарадаў шыбуе мнагадзетны пагарэлец Людвік. Нейкім дзівам ён усё ж прыдбаў сабе новыя кірзавыя боты, затое суконныя бухматыя брыджы зваляліся, страцілі сіні колер, а ва ўсім астатнім брыгадзір такі ж, як і быў: рыжавалосы, цыбаты ды худы, нібы смык, не кажучы ўжо, што і цікаўны ён горш за якую бабу.
   – Вінаградаў, вам так падабаецца лазіць па дрэвах, і вы, мабыць, днюеце і начуеце на гэтым ніжнім суку?
   – Дзядзька Людвік, калі я зверху любуюся ваколіцамі, вы, мусіць, знарок прабягаеце міма?
   – Якое знарок! – бянтэжыцца Людвік, запыніўшыся на момант пад кучаравым вязам. – То ж да Міхаліны бягу, можа, як удасца выгнаць на буракі? Запусціла сваю дзялку – глянуць боязна. – Брыгадзір заклапочана пачухаў патыліцу. – I што мне з Міхалінай рабіць, каб яна не цуралася калгаснай працы?
   – Вы ёй соткі разарыце, як летась разаралі Еўцы і кульгаваму Хвядосу, – сур’ёзна раіць Вінаградаў, ямчэй уладкоўваючыся на сваім ніжнім суку. – Тады гультайка наўскапыта паджгае14 буракі палоць.
   – Скуль, Вінаградаў, у вас такія неразумныя думкі? Хіба можна чалавека без картопелькі на зіму пакінуць?
   – Але ж Еўку і Хвядоса пакінулі.
   – Думаеце, гэта я? Гэта лысы Глеб на іхнія засеўкі эмтаесаўскі трактар паслаў.
   – Дык вы і не разворвайце. Вы толькі напалохайце Міхаліну соткамі.
   – Вінаградаў, у вас жа не галава, а макітра! – радасна ўсклікнуў Людвік. – Дальбог, пайду, напалохаю Міхаліну соткамі.
   – Пабаіцца яна вас, – засумняваўся верхалаз, хмурнеючы. – Але ўсё роўна вам добра.
   – Гэта ж чаму, Вінаградаў?
   – Вам бегаць па Малым Сяле ды нарады раздаваць, а мне злазіць з вяза ды жорны круціць.
   – Неблагі, аднак, занятак. Кажуць, хто круціць, той і мае.
   – Жартуеце, дзядзька Людвік. Там жа цэлы падсітак жыта.
   – Радуйцеся, Вінаградаў! Падсітак – гэта ж не сіта.
   Тут ужо, запнуўшыся на паўслове, спахмурнеў сам Людвік. Відаць, толькі цяпер, калі ў яго прама над галавой была выказана адкрытая пагарда да сялянскай працы, ён заўважыў, як багата змарнавана каштоўнага брыгадзірскага часу на пустыя размовы з жулікаватым блазнам, і, маркотна апусціўшы рыжую галаву, подбегам прыпусціў далей па вясковай вуліцы. Людвік – у Крыжах, верхалаз – на зямлі. Тыя скрыгатлівыя жорны, што стаяць у сенцах, самі, вядома ж, круціцца не будуць – трэба добра папацягаць за млён, зноў жа, баба Марка, мякка кажучы, увяла свайго мукамола ў зман: падсіткам назвала вялікае сіта, а жыта ў ім укоптур – глянуць страшна. Сюды б, у сенцы, таго сапраўднага Рабінзона, які на сваім бязлюдным востраве, як вы помніце, нейкі хлебны злак збіраў па зярнятку, – вось бы ён, ашалелы ад шчасця, папакруціў бы цяпер дзедавы жорны сабе ў асалоду. Славуты астраўны пустэльнік мог бы і не ўцяміць простую хітрасць: жорнавыя камяні круцяцца лягчэй, калі драўляным клінком трошкі падняць жалезны шпень разам з паўпрыцай, на якой ляжыць верхні жарон. Зерне тады мелецца спарней, хаця мука сыплецца ў карыта шатраваная, грубага памолу, але менавіта такая мука і патрэбна для спажыўнага вясковага хлеба.
   Што Вінаградаў вялікі хітрун, пра гэта, здаецца, ведаюць нават куры. Пачуўшы скрогат жорнаў, усёй сваёй крыклівай плоймай на чале з грудастым чырванапёрым пеўнем яны набіліся ў сенцы і захоплена сочаць за кожным рухам успацелага мукамола. У дзюбатых гасцей хапае нахабства чакаць гасцінцаў, у мукамола стае цярпення круціць млён. Жорны нагадваюць вялізны скрыгатлівы грамафон, а верхні жарон – старую заезджаную кружэлку: круці сюды, вярці туды! Няхай сабе нудны і праціўны гэты скрыгат, але жыта ўвачавідкі змяншаецца, а мукі ўвачавідкі прыбаўляецца. Душа добрая – рука шчодрая! Жменька жыта – жорнам, жменька – курынай плойме. Круці-вярці, жытцо – туды, жытцо – сюды! Нездарма кажуць: гуртам уежна і каля гаршка з кашай. Мо з дзесятак курыц-сакатух, грудасты певень і расчырванелы Вінаградаў паразумеліся ў адной кампаніі, пашчыравалі дружна, пакруціліся хто над жорнамі, хто пад жорнамі і як бачыш змалолі ўсё зерне да каліва. Галоўны мукамол хацеў абмесці жорны, махнуў гусіным крылом і раз, і другі, ды так і анямеў ад жаху: мукі ж там усяго крыха, толькі на сподзе драўлянага карыта. Але як спорна, лёгка малолася: круці туды, вярці сюды!
   – Акыш, погань ненажэрная! – з роспаччу, з бояззю, з сумным прадчуваннем Вінаградаў пагнаў курыную плойму на двор. – Дзюбы паадкручваю!
   Сваім курыным галопам уцекачы, якія ўмеюць абдурваць легкаверных не горш за тых цыганоў, прамчаліся цераз увесь панадворак і там, пад старымі слівамі, як нічога і не было, пачалі купацца і грабціся ў гарачым пяску, шукаць і глытаць дробныя каменьчыкі – гэта ў іх замест цукерак, ці што? Злыдзень Людвік нібы ў ваду глядзеў, калі пажартаваў: хто круціць, той і мае. Вернецца баба Марка з мястэчка, і Вінаградаў будзе мець усё, чаго нават і не заслужыў. Ён, як высветліцца, гультай, лодар і абібок, ён паленаваўся змалоць жыта, а высыпаў курам – хай цяпер укусіць цвілую скарынку, а не свежага хлеба. Калі баба Марка сярдзітая і грозна лаецца, тады яе нягоднага ўнука ні яго добрая хрысціянская душа, ні яго шчодрая праваслаўная рука, вядома ж, не апраўдаюць. Спадзяванняў на літасць няма ніякіх, тым болей, што да вечара шалапутны Вінаградаў, гаспадарачы ў адзіноце, паспее яшчэ не раз правінаваціцца перад бабай Маркай. Верагодна, той дзівосны карабель з пунсовымі ветразямі, убачаны на канаве пры ўзыходзе сонца, якраз і быў прадвеснікам сённяшніх няўдач і нешанцунку, ды хутчэй за ўсё маласельскі Рабінзон проста рана падняўся, кепска выспаўся, а таму часова страціў сваю звычайную асцярожнасць і пільнасць, свой ранейшы спрыт і ўмельства.
   Ах, баба Марка! Яна быццам прадбачыла бяду і, ад’язджаючы ў Ганцавічы, нездарма наказвала, каб удзень карову падаіла Міхаліна. Вінаградаў, як вядома, Міхаліну не ўпадабаў за яе абжорства і пад Чарнушку палез сам, маючы толькі ўяўны, зрокавы вопыт у гэтай тонкай і далікатнай справе. Між іншым, кожны вясковы мужчына павінен умець завіхацца з даёнкай, і ніякага сораму тут няма. Помніце, на сваім бязлюдным востраве адважны мараход гадаваў прыручаных дзікіх коз, але хіба нейкую брыдотную казу можна параўнаць з прыгожай, рахманай і, да таго ж, удоістай каровай Чарнушкай?
   Вінаградаў зрабіў усё так, як і трэба: сеў з правага боку, падмыў тугое вымя, памасіраваў гэты цёплы бурдзюк з малаком і лёгенька, пяшчотна, каб Чарнушцы не забалела, пацягнуў за цыцкі. Ад першага ж дотыку пальцаў тугія малочныя струмені зацырымболілі аб дно, запеніліся, зазвінелі па сценках ацынкаванага вядра. Бачыце ж самі: няма нічога хітрага і складанага ў ручным даенні кароў, хаця не варта забываць, што флегматычным каровам не падабаецца, калі іх пачынаюць мучыць блазнаватыя даяры.
   Пеністы сырадой у дайніцы падабраўся ўжо да верхняга рубчыка, і можна было б смела пакінуць у спакоі ўсе чатыры ружовыя і пругкія шышачкі – больш з іх не выцадзіш ні кроплі, але, мабыць, Вінаградаву падалося, што малако ў вядро ён перапампоўвае не з дзесяцілітровага бурдзюка, а, прынамсі, з нейкай бяздоннай бочкі. Чарнушцы першы раз забалела, і яна папярэдзіла сквапнага даяра тым, што з размаху секанула яму хвастом па вачах. Вінаградаў нічога не зразумеў, і тут, як кажуць, прагнаць фраера згубіла. Рахманая Чарнушка другім разам аж прыгнулася ад болю і, цэлячыся капытом у нахабніка, прамахнулася, з усёй сілы стукнула нагой па вядры. Амаль поўная даёнка з попырскамі перакулілася, фраер ад нечаканасці ткнуўся носам у белую лужыну. Чарнушка павярнулася, зірнула на нядобрую справу капытоў сваіх і дакорліва, жаласна мукнула. У адзін момант Вінаградаў падхапіўся, спалоханы і мокры, увесь выпацканы ў каровіныя лепяхі. Вось ужо праўда: каб ведаў, дзе ўпадзеш, дык падаслаў бы саломы. Зразумела, Чарнушцы яе ваяўнічасць не прайшла марна: фраер добра адлупцаваў нягодніцу нейкай дзеравячынай, а потым доўга адмываўся на канаве.
   Да вечара ён смыкаўся каля хаты зажураны, сам не свой, сёе-тое яшчэ рабіў па гаспадарцы і з жахам думаў, што час расплаты за ўсе бачныя і нябачныя грахі ўжо блізка, у дарозе, можа, дзесьці на апошнім павароце да Малога Сяла. Сонца, як знарок, надта шпарка хіліцца на захад, чароўнага парусніка, які ад згрызот жыцця імгненна закінуў бы куды-небудзь на Чорнае мора, уяўленне надвячоркам чамусьці не малюе, ды і якая тут к чорту фантазія, калі бядак нос у нос сутыкнуўся з непазбежнай жорсткай рэчаіснасцю. На вуліцы пад кучаравым вязам фыркае ў нозры стомлены дарогай калгасны Жук, з парожняга, без асенчука, воза дзед Сцяпан здымае нейкія дробныя клункі, а галоўная дзея разгортваецца ў хаце. Там з кута ў кут матыляецца квяцістая кофта, саржавая спадніца, турэцкая хустка, і ў вобразе бабы Маркі ўяўленне сапраўды малюе Вінаградаву разлютаваную папуаску з далёкага неабжытага вострава.
   – Васька, дзежачка, бачу, пустая. Маладзец, што спёк аладкі, але ж дзе яны?
   – Прывалаклася Міхаліна і ўсе, халерніца, утрубіла.
   – Міхаліна? О, прорва! Яна, мусіць, думае, што ў мяне тут кублы стаяць з пшаніцаю. – Баба Марка нешта западозрыла, кумельгам выскачыла ў сенцы, роспачна бразнула млёнам. – Васька, жыта, бачу, ты змалоў, але ж дзе мука?
   – Дык там жа яна, у жорнах.
   – Ты кажаш: мука ў жорнах? Паглядзіце, як ён хлусіць! Няма тут мукі! Яе нават і на паўхлеба не хопіць. – Баба Марка раптам убачыла на шкапчыку пустую дайніцу і зусім зніякавела: – Васька, ты Міхаліну ўдзень клікаў карову падаіць?
   – На воўка мне Міхаліна, калі я сам умею даіць Чарнушку!
   – Маладзец, Васька, што ўмееш, але ж дзе малако?
   – Дзе, дзе! Чарнушка капытом тропнула, і поўнае вядро ў гной вылілася.
   – Гультай! Раскол! Бяртош! Агаліў! Па свету пусціў! – на ўсю хату залямантавала баба Марка і, хапаючыся за клямку, пагразіла нікчэмнаму ўнуку: – Пабягу гляну! Хай яшчэ і паршукоў не карміў, то жыткі табе ўжо не будзе, пустадомак!
   – Ды карміў я тваіх паршукоў, карбунец іх вазьмі!
   Як добра, што ў хаце няма дзеда Сцяпана – паехаў на брыгадны двор распрагаць Жука, бо сваёй ганьбы, сваёй вялікай няславы пры дзеду Вінаградаў, мусіць, не перажыў бы, а так ён упэўнена, з надзеяй глядзіць у блізкую будучыню. Баба Марка біцца не будзе – яна толькі палохае. Ведаючы яе нейкую хваравітую любоў да няўедных «паршукоў», ашуканец таксама схітраваў: надвячоркам, перад самым вяртаннем удачлівых гандляроў з мястэчка, пабег на аселіцу і там нарваў у каноплях цэлую посцілку ядкой, лапушыстай дзяцеліны. Цяпер свінні проста купаюцца ў свежай, сакавітай траве – баба Марка гляне і адразу супакоіцца. Тым не менш, бегучы цераз панадворак, яна пільна і здзіўлена аглядае сялібу, перакананая, што за дзень раскол і бяртош усё тут збаёдаў, але, слава Богу, хата, хлеў, варыўня, калодзеж стаяць на месцы, і ў гаспадыні ўвачавідкі лепшае настрой, з сухенькага, зморшчанага твару знікае сярдзіты і пануры выраз.
   Баба Марка сядзіць каля шкапчыка, перабірае, тасуе торбачкі і вузельчыкі з ганцавіцкімі пакупкамі, Вінаградаў сядзіць насупраць, памагае вачыма, і нарэшце настае жаданы момант, калі чыесьці магчымасці і чыесьці жаданні супадаюць. О, блаславёныя Богам прывазныя гасцінцы! Іменна з гэтага міласцівага моманту Вінаградаў вяртаецца ў рэальны стан, дзіўнае насланнё яго пакідае, і ён робіць нечаканую для сябе выснову: калі б нейкім цудам сапраўдны Рабінзон Круза трапіў у Малое Сяло, дзе пануе спрадвеку нераздзельная палітыка пугі і перніка, адважны мараход хапіў бы падзорную трубу і з першаю ж аказіяй паспяшаўся б у буру, насустрач жахліваму караблекрушэнню, каб з палескай глухамані хутчэй уцячы на свой пустэльны, ненаселены востраў.

1. Маласельцы – насельнікі вёскі Малое Сяло, у якой адбываюцца падзеі трылогіі.
2. Асенчўк – тут: парася, якое нарадзілася ўвосень.
3. Вінаградаў – мянушка галоўнага героя Васіля.
4. Бяртош – тут: нягоднік.
5. Корт – баваўняная тканіна для рабочага і спартыўнага адзення.
6. Таквёле – тут: столькі.
7. Станьга – мачта.
8. Котлішча – месца жыхарства, сядзіба.
9. Салыпаць – мільгаць, трымцець.
10. Скляпенне – дугападобнае перакрыцце.
11. Чалеснікі – адтуліна ў печы.
12. Тут: разгаворлівая.
13. Шалу – абыгрываецца прымаўка «ад чужога шалу (узбуджэння) у галаве круціцца».
14. Тут: памчыцца.

Похожие статьи:

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Старыя жорны

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Лясная трывога

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Каламутная вада

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Падарожжа ў Цельшына

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Бедная басота (урывак)