М. Р. Каваленку.
Шумлівы лес –
Падручнік роднай мовы.
Тут дрэвы,
Як назоўнікі,
Стаяць,
А птушкі утвараюць дзеясловы –
Пяюць і свішчуць,
Звоняць і крычаць.
Прыметнікамі бор здалёк прыметны –
Зеленачубы,
Стройны,
Залаты.
Сустрэне гай займеннікам прыветным:
Нібы з сябрамі,
3 намі ён на «ты».
Зязюля раніцой лічэбнік вучыць –
Плыве наўсцяж стараннае «ку-ку».
Цвіце багун.
Цвіце чабор гаючы.
Вісяць,
Што коскі,
Шышкі пры суку.
Грыбы, нібы часціцы і прыслоўі,
Хаваюцца
Сярод імхоў і траў.
У верасным,
Сунічным палясоўі
Я ласкавыя словы напаткаў.
Звіні ж вякамі,
Мова,
Па-над краем –
У жніўні дзень,
На лузе,
Пры сасне!
Жыццё не адмаўляе,
А сцвярджае
Адмоўная часціца мовы – «не».
Не знішчым іх,
Не спляжым,
Не загубім –
Сваіх азёр, лугоў, сваіх лясоў.
І родны край і мову не разлюбім –
У кожным сэрцы гэты дзеяслоў!
Крыніца: Гардзей В. Засевак Радзімы: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1983. – 94 с.
Похожие статьи:
Л → Літаратурная мова
В → Вершаваная мова
М → Мова мастацкай літаратуры
Н → Няўласна-простая мова
А → Аўтарская мова