Паўтары сотні гадоў пражылі з сабой беларусы і літвіны ў адной дзяржаве, быццам сям’я ў адной хаце. За гэты час лепей пазналі адны адных і лепей пачалі адны адных шанаваць. Літоўскія князі навучыліся мовы беларускай, беларускай граматы, пісалі ўсё па-беларуску і гаварылі ў сябе дома і ў княжнай радзе па-беларуску.
А былі ў канцы ХІV сталецця ў нашай зямлі два маладыя князі: аднаго звалі Ягайла, і ён княжыў у Віцебску, а другога звалі Вітаўт, і княжыў ён у Троках. Князь Ягайла пасля стаўся вялікім, гэта знача: старшым князем усёй Літвы і Беларусі. Ягайла ажаніўся з Ядвігай, каралевай польскай, і ўсё сваё абшырнае княства хацеў прылучыць да Польшчы. На гэта не згадзіўся зродны брат яго Вітаўт. Ён сабраў паноў беларускіх і літоўскіх, парадзіўся з імі і, сабраўшы войска, стаў бараніцца, каб народ беларускі і літоўскі не быў нічый слуга, а жыў сам па сваёй волі. Вайна была цяжкая і доўга цягнулася, але ў канцы Ягайла прымушаны быў прызнаць Вітаўта вялікім князем над усёй Беларуссю і Літвой, незалежнымі ад Польшчы. Пад старасць Вітаўт хацеў каранавацца на беларуска-літоўскага караля. У 1430 годзе ён склікаў да сябе многа каралёў і князёў на каранацыю. Папеж прыслаў праз паслоў яму залатую карону, але палякі злавілі тых паслоў і адабралі ад іх карону. Каранацыя не адбылася, і Вітаўт з непамыснасці захварэў і памёр. Але і пасля яго смерці доўга яшчэ наш край і народ быў вольны. Пахавалі Вітаўта ў Вільні, у скляпах віленскай катэдры.
Песня а князю Вітаўце
Ідзе Вітаўт па вуліцы,
За ім нясуць дзве шабліцы.
Слаўны князь Вітаўт,
Слаўны Гаспадару,
Слаўна наша Гаспадарства!
Адна шабля на татара,
Друга шабля для Спадара,
Слаўны князь Вітаўт і г. д.
Гукнуў-пукнуў у падковы:
Гэй, шыхуйся, пан кашовы!
Слаўны князь Вітаўт і г. д.
Стаўляй войска ў бітным ладзе,
Гэй, паслужым, брацця, праўдзе!
Слаўны князь Вітаўт і г. д.
Ударым у бубны, бразнем у мечы,
Усцелем поле трупам нейчым…
Слаўны князь Вітаўт і г. д.
[1916]
Похожие статьи:
Вацлаў Ластоўскі → Вацлаў Ластоўскі - Прывід
Вацлаў Ластоўскі → Вацлаў Ластоўскі - Лабірынты
Пераказы, дыктанты → Сустрэча ў Берасці
Вацлаў Ластоўскі → Вацлаў Ластоўскі - Варона і рак
Биографии → Вацлаў Ластоўскі