Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Алеся Жука

   Па вобразным выражэнні Алеся Марціновіча, у сваіх творах Алесь Жук змагаецца за чалавечнасць у чалавеку. Практычна ва ўсіх яго творах, прысвечаных вёсцы, ваенным падзеям, каханню ці іншым тэмам, уздымаюцца маральна-этычныя праблемы.
   Героямі ваенных апавяданняў "Гаркавы дым", "Свята Перамогі", "Асеннія халады", "Каценька-Кацюша", "Багамолка" з’яўляюцца воіны, партызаны, сувязныя, жыхары акупіраванай тэрыторыі, а таксама ветэраны вайны, нашы сучаснікі, з успамінаў якіх узнаўляюцца гады ваеннага ліхалецця.
   У цэнтры аповесці "Праклятая любоў" – працавіты і гаспадарлівы селянін Ян Кулеш. Сваё жыццё ён пражыў сумленна: аддана працаваў на зямлі, ваяваў з ворагам, гадаваў дзяцей, нідзе не схітрыў, да людзей адносіўся па-людску. І вось на схіле жыцця прыйшло да яго крыху запозненае, але сапраўднае каханне. Але стаць шчаслівым герою твора не было суджана. Злыя языкі, пляткарства, дзеянні грубай і недалёкай розумам жонкі прымусілі каханую выехаць з вёскі. Ад перажыванняў у Яна абвастраецца старая кантузія, ад чаго ён аслеп. Урачы змаглі толькі часткова вярнуць яму зрок. Кулеш, такім чынам, жорстка караецца ў старасці. Аўтар не дае канкрэтнага тлумачэння прычын гэтай кары. Магчыма, за "праклятую любоў" да зямлі-карміцелькі, якая засланіла іншыя жыццёвыя праблемы і не дала магчымасці бачыць жыццё ва ўсёй яго мнагастайнасці. А чалавек павінен быць відушчым.
   Тэме жыцця ў невялікіх і неперспектыўных вёсках, экалагічным праблемам прысвечаны творы А. Жука "Не забывай мяне", "Халодная птушка", "Белым снегам", "Паляванне на Апошняга Жураўля". Сярод іх асабліва вылучаецца аповесць "Паляванне на Апошняга Жураўля", якая прымушае адарвацца ад дробязнага, мімалётнага, выпадковага і задумацца над сэнсам чалавечага жыцця, яго непарыўнай еднасці з прыродай і сусветам.
   Галоўны герой аповесці – былы партызан, брыгадзір Сцяпан Дзямідчык. Усё сваё жыццё ён сумленна працаваў на зямлі, "хварэючы" і за вырашчаны хлеб, і за алешнік каля вёскі, і за зайцоў, курапатак, і за сям’ю баброў. Сцяпан выступае супраць безгаспадарлівасці ў калгасе, яго турбуе выміранне роднай вёскі. З некалі вялікай вёскі засталося ўсяго 37 двароў, і толькі чатыры з іх не пенсіянерскія. "Адышлі людзі, адыходзяць і коні, кажуць, адыходзіць, вымірае і сама вёска. Вось дажывуць яны, цяперашнія старыя, і не будзе больш Альховых Крыніц", – з жалем і шчымлівым болем зазначае галоўны герой твора. У Дзямідчыка складаны, уедлівы, няўжыўчывы характар, за якім хаваецца чулая і ўзнёслая душа. Герою твора да ўсяго ёсць справа. Яго рэзкасць, непрымірымасць неабходна трактаваць як своеасаблівую рэакцыю чалавека на несправядлівасць, безгаспадарлівасць, абыякавасць жыццёвай пазіцыі многіх аднавяскоўцаў. Не даспадобы Дзямідчык і старшыні калгаса Прымачку, які ў хуткім часе расправіўся над незгаворлівым брыгадзірам, адправіўшы таго на пенсію.
   Дзямідчык гіне ў барацьбе з браканьерамі. Цяжка паранены, ён, так і не ачуняў на працягу трох дзён. Перад смерцю як бы ў сне праходзіць усё яго жыццё (вайна, праца ў вёсцы, каханне, сям’я), асвечанае верай у справядлівасць і чалавечнасць. Развітальны жураўліны кліч, зліты з небам, родным полем і цішынёю, як бы яднае душу Сцяпана з космасам, не дае ёй знікнуць бясследна. Аўтар аповесці ўзнімае праблему заўчаснага старэння вёсак, выступае супраць бяздумных і жорсткіх адносін да прыроды. Разам са старым пакаленнем, заўважае А. Жук, вымірае і любоў да зямлі, сялянскай працы. Апошнія прадстаўнікі старэйшага пакалення сялян-працаўнікоў, як апошнія жураўлі, самотна і тужліва ўглядаюцца ў сённяшні дзень, заклікаюць моладзь да захавання "жураўлінай радзімы", вяртання да вытокаў жыцця, яго першаасновы: "Праміналі гады, не стала за палямі тых вялікіх і родных балот, і цяпер на новыя паселішчы другая пралягла жураўліная дарога. Але кожнага года прыляталі жураўлі на роднае поле, кружыліся, доўга шукалі пакінутае і забытае і потым адляталі, адляталі туды, дзе няроднае цёплае сонца... Малыя жураўлі не ведалі, не памяталі тых палёў і тае свае жураўлінае радзімы, дзе засталася душа старых жураўлёў, дзеці пачалі любіць за сваё чужое".
   Алесь Жук плённа працаваў ў рэчышчы сучаснай прозы. Ён пашырыў тэматыку твораў, а таксама жанравыя магчымасці прозы. "Чорны павой", напрыклад, з’яўляецца дэтэктыўна-прыгодніцкай аповесцю, а "Белым снегам" – кінааповесцю.

 

Похожие статьи:

Алесь ЖукАлесь Жук - Праклятая любоў

Алесь ЖукАлесь Жук - Стары бабёр

Алесь ЖукАлесь Жук - Мужчыны

Алесь ЖукАлесь Жук - Песня

Алесь ЖукАлесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля