Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Бадак - Адзінокі васьмікласнік жадае пазнаёміцца

   Чытаць аповесць "Адзінокі васьмікласнік жадае пазнаёміцца"

 

   Кампазіцыя аповесці неардынарная. У сюжэтную плынь уведзены некалькі своеасаблівых эсэ, якія быццам бы не маюць непасрэднага дачынення да асноўных падзей. Адно з такіх эсэ, дзе аўтар прамаўляе ад уласнага імя, выступае ў творы ў якасці пралогу: "Я збіраю шарыкавыя аўтаручкі. <…> Я пісьменнік, і даўно зразумеў, што кожнаму твору патрэбна свая, асобная, скажам так, прылада працы. Часам даводзіцца перабраць добры тузін аўтаручак, каб нарэшце знайсці патрэбную, якую пра пісьме зусім не адчуваеш, быццам яна – частка тваёй рукі. Я пішу марудна, шмат крэслю, але пасля таго, як тэкст з'яўляецца ў друку, больш ужо не ўношу ў яго ніводнай праўкі. А каб усё ж не з'яўлялася спакусы нешта ў ім паправіць, я праводжу – як правіла, гэта адбываецца на лецішчы – творчае ахвярапрынашэнне: спальваю аўтаручку на спецыяльна разведзеным для гэтай мэты вогнішчы. Таму мая калекцыя ўвесь час абнаўляецца…". З улікам таго, што далей у творы разгортваецца гісторыя юнацкага кахання, гэтае "лірычнае адступленне" можа падацца дзіўным або недарэчным.

   Арыгінальнасць і мэтазгоднасць аўтарскай задумы робіцца відавочнай значна пазней… Тады, калі ўзнікае разуменне, як няпроста часам бывае вярнуцца да мінулага, прымусіць сябе нанава перажыць тое, што, падавалася б, незваротна адышло, але чамусьці на працягу жыцця вярэдзіць душу, непакоіць і хвалюе. Каб асэнсаваць былое, даць яму аб'ектыўную ацэнку, часта не стае ці мужнасці, ці маральнай спеласці, ці адпаведнага стану душы, ці элементарнага часу… У дадзеным выпадку, як засведчыў пісьменнік, яму не хапала адно стрыжня для аўтаручкі. Бо ў той аўтаручцы, што была адзіна прыдатнай для напісання аповесці і "дваццаць гадоў чакала свайго часу", у стрыжні высахла паста. "Да ўсяго, іншыя стрыжні, якія я ўстаўляў у ручку, пры пісьме хісталіся, і словы таксама атрымліваліся хісткімі, чужымі, быццам іх пісаў нехта іншы, а значыць, чужую, не маю гісторыю. Мне не заставалася больш нічога, як адкласці пісанне, выдатна разумеючы, што можа прайсці нямала часу, перш чым я зноў вярнуся да гэтай гісторыі. А можа, і не вярнуся да яе ніколі. Я адчуваў, як ува мне пачынае расці абыякавасць да яе". Што ж, атрымліваецца, што з-за "непрыдатнасці" аўтаручкі пісьменнік не можа падступіцца да новага твора?.. Сумнеўна. Тут, верагодней за ўсё, вобразна вытлумачваецца іншае – спецыфічная ўнутраная "негатоўнасць", адчуванне таго стану, які мастакі часцяком называюць "супраціўленнем матэрыялу". Міжвольна, падсвядома адчуваючы, што адпаведны момант яшчэ не надышоў, аўтар не дазваляе сабе прымусовай працы… Пра гэтую з'яву – своеасаблівую духоўную спеласць, маральную падрыхтаванасць творцы да ўвасаблення мастацкай задумы – цікавыя развагі  сустрэліся ў кнізе Алеся Яскевіча "Грані майстэрства": "Асабістае жыццё мастака ў значнай ступені адрозніваецца ад жыцця іншых людзей. Мастак усё ўбірае ў сваё сэрца. Толькі праз сэрца – перамога, толькі праз перажыванне, спачуванне і творчасць – вызваленне! Ёсць, безумоўна, іншы выбар – пазбегнуць пакут, аднак ён не можа спадзявацца, што яму адкрыецца вышэйшая праўда свету. Пра гэта шмат гаварыў у сваіх дзённіках І. С. Тургенеў. Аб гэтым жа піша Стэфан Цвейг: "Для мастака ёсць лячэбны сродак, якога ўрач не можа прапісаць іншым сваім пацыентам. Ён можа, толькі ён адзін, пераадольваць клопаты і выпрабаванні, апісаўшы іх. Ён можа ператварыць свой горкі вопыт у хвалюючыя вобразы і ўсё, што было жорсткай жыццёвай неабходнасцю перарабіць у творчую сілу". Перамога пакут творчасцю… Няма вышэйшай асалоды для мастака, як авалодаць хаосам жыцця, стварыць свой свет і ўсёй унутранай мерай адчуць, што ўдалося, "стварылася". Па-мойму, менавіта пра гэткія моманты – унутранага выспельвання задумы, чакання душэўнага імпульсу, руху, натхнення – вядзе гаворку Алесь Бадак, калі расказвае пра пільны падбор аўтаручкі для твора. Доўгачаканы момант урэшце надыходзіць. І пісьменнік ізноў звязвае яго з "прыладай працы": "І калі амаль праз паўгода мой сябра пісьменнік Барыс Пятровіч, вярнуўшыся з Польшчы, са словамі: "Ён ідэальны для еўрапейскага пісьменніка, бо аб'ём чарніла ў ім вызначае самы прымальны для еўрапейскага чытача памер рамана", падарыў мне стрыжань, які – нарэшце – падышоў да маёй аўтаручкі, я падумаў, што гэта здарылася, відаць, надта позна. І ўсё ж цяпер, у гэтыя хвіліны, <…> я сяджу за сваім рабочым сталом і пішу радкі, якія вы зараз чытаеце, і ў руцэ маёй аўтаручка з польскім стрыжнем, якога, як лічыць Барыс Пятровіч, якраз хапае на напісанне самага ідэальнага па сваім памеры рамана. Праўда, у мяне будзе не раман, а хутчэй за ўсё, невялікая аповесць, і вярнуцца да яе мне дапамог адзін выпадак, які здарыўся са мной на мінулым тыдні". Аднак ключавы сэнс утрымлівае, несумненна, словазлучэнне "адзін выпадак". Менавіта выпадковы збег абставін змушае пісьменніка не толькі згадаць сваё школьнае мінулае, але і літаральна "судакрануцца" з ім, высветліць нечаканыя і вельмі балючыя наступствы даўняга неабдуманага ўчынку…
   Эпізод, з якога пачынае рэканструявацца былое, робіцца не толькі першым крокам да разумення канфлікту дваццацігадовай даўнасці, але і ў цэлым адыгрывае ў сюжэтабудове даволі істотную ролю: інтрыгуе, насцярожвае, абвастрае цікаўнасць...
   Абставіны складаюцца наступным чынам: колішні аднакласнік, які ўжо сам стаў настаўнікам, запрасіў пісьменніка выступіць у школе – "у яго класе адбыўся надзвычайны выпадак": вучань-васьмікласнік падцікаваў зручны момант і сфатаграфаваў сваю настаўніцу на мабільнік у непрывабным выглядзе. Ды яшчэ намысліў размясціць фотаздымак у Інтэрнеце… Прыехаўшы ў раённы гарадок да сябра дзяцінства, каб "папярэдне абгаварыць з ім нюансы гэтага выступлення", пісьменнік сустракае на аўтобусным прыпынку сваю школьную настаўніцу – тую, у якую калісьці быў па-дзіцячы наіўна і шчыра закаханы. Аднак дыялог, які адбываецца паміж імі, выклікае ўражанне, што настаўніца вядзе гаворку не з былым вучнем, а з заклятым ворагам:
   – Добры дзень, – сказаў я… <…> – Вы мяне пазналі?
   – Пазнала, – сказала яна дастаткова суха, каб зразумець, што нават праз дваццаць гадоў не хоча рабіць выгляд, быццам ёй прыемна мяне бачыць.
   – Відаць, вы на мяне тады моцна пакрыўдзіліся, і не можаце дараваць па сённяшні дзень…
   – Я вас тады ўзненавідзела.
   Здавалася, цэлых дваццаць гадоў яна чакала моманту, каб кінуць мне ў твар усяго чатыры словы. Але я крыху памыліўся, гэтага ёй было мала. Яна адвяла позірк і дадала:
   – І думаю, з таго часу мала што змянілася ў маіх адносінах да вас.
   Тут, натуральна,  шэраг пытанняў: што ж гэта быў за ўчынак, які настаўніца не здолела дараваць вучню і праз дваццаць год? Няўжо правіна школьніка можа быць падставай для шматгадовай зацятай нянавісці? (Што ж гэта была за гісторыя, да мастацкага асэнсавання якой пісьменнік не мог падступіцца гэтулькі часу?!)
   Галоўны герой твора паўстае ў двух іпастасях. Найперш аўтар, як адзначалася, выступае ад уласнага імя, згадвае імёны рэальных вядомых персон, датуе факты дакладнымі часавымі каардынатамі, чым выразна падкрэслівае аўтабіяграфізм аповеду. Па сутнасці – пазіцыянуе сябе як героя-апавядальніка. Але калі гісторыя падыходзіць непасрэдна да падзей юнацтва, то на авансцэну выходзіць іншы персанаж – Сяргей Васілевіч – пра якога гаворка вядзецца ўжо ў трэцяй асобе. Дзеля чаго ж аўтар робіць такую "падмену", навошта "дыферэнцыруе" персанажаў? Якой мэты спрабуе дасягнуць пры дапамозе гэткага мастацкага прыёма? Як на маю думку, тут пісьменнік тонка вытлумачвае сваё бачанне ўласнага маленства праз адлегласць у два дзесяцігоддзі: "І калі я, перабіраючы фотаздымкі таго часу, гляджу – вочы ў вочы – на сябе самога, мне міжволі здаецца, што той Сяргей і зараз жыве там, у часе, які застаўся на фота. І мы нічога не ведаем пра цяперашняе жыццё адно аднаго, і, можа быць, у гэтыя хвіліны ён таксама ўспамінае сябе ранейшага, і, магчыма, якраз такім, якім я сябе ўжо не памятаю. Таму нават у сваіх успамінах мы з ім пражываем розныя жыцці, нібы зусім чужыя адно аднаму. Хоць каму, як не мне, да драбніц ведаць рысы яго характару, яго самыя інтымныя мары і жаданні". Ці не кожны з нас, згадваючы сваё дзяцінства, глядзіць на сябе нібыта вачыма старонняга чалавека – не проста дарослага, а іншага... Таго, хто амаль усё ведае пра цябе, дакладна разумее, чым ты кіраваўся ў сваіх памкненнях і ўчынках, ад чаго пакутаваў, чым суцяшаўся, чаго баяўся, чаму радаваўся, пра што марыў, што адчуваў… Гэты іншы чалавек з'яўляецца адначасова і самым шчырым сябрам, і самым строгім суддзёй.
   Сутнасць канфлікту адначасова і вельмі простая, і надзвычай складаная. Настаўніца – маладая дзяўчына, якая не мае належнага вопыту, каб мудра ці хаця б памяркоўна паставіцца да ўвагі наіўнага і рамантычнага хлопчыка. Закаханы вучань не ведае, як выявіць свае пачуцці, як звярнуць увагу маладой прыгожай настаўніцы на сваю персону. Яны ўступаюць у нежартоўнае супрацьстаянне…
   Неабходна падкрэсліць, што аўтару ўдалося стварыць аб'ектыўны падзейны малюнак. Ён не ідэалізуе мінулага, не рамантызуе сітуацый, не імкнецца апраўдаць учынкі персанажаў, але аналітычна ставіцца да фактаў, глядзіць на іх удумліва і быццам бы адстаронена. Па-філасофскі глыбокае стаўленне да рэчаіснасці ўзбагачае мастацкую форму твора, надзяляе апавядальную плынь жывой вобразнасцю і пластычнасцю. Рэалістычна і дакладна выяўлена аўтарам псіхалогія хлопчыка, яго характар абмаляваны натуральна, матывацыя ўчынкаў вытлумачваецца дэталёва і абгрунтавана.
   Знаёмства з новай настаўніцай пачалося ў падлетка з вельмі прыкрай сітуацыі. У школьным гардэробе Сяргея схапіла за руку (ў літаральным сэнсе) тэхнічка, калі рука вучня была ў кішэні курткі аднакласніцы. Ніхто не ведае, што ён зусім не з мэтай крадзяжу палез у тую кішэню. Наадварот: тайна падкладаў аднакласніцы цукеркі. Аднак прызнацца ў гэтым (што цалкам характэрна для ўзросту персанажа) падлетак ніяк не можа. Калі ж тэхнічка прыводзіць "злодзея" ў кабінет дырэктара школы, там якраз знаходзіцца новая "біялагіца": "Дырэктарка сядзела за сталом, а побач з ёй стаяла незнаёмая яму дзяўчына. Спыніўшыся ў дзвярах, ён, забыўшыся на тое, што пяць хвілін назад здарылася ў гардэробе, заварожана глядзеў на яе, глядзеў, і разам з тым не бачыў, таму што хацеў ахапіць позіркам за раз яе ўсю – ад залацістых валасоў, што ледзь краналіся плячэй, да ног, вышэй каленяў схаваных пад белай спаднічкай. У кабінеце стаяў пах духоў, якога ў іх школе раней ніколі не было, іначай ён бы яго абавязкова запомніў.
   – Міхайлаўна, прабачце, вось прывяла злодзея. У гардэробе лазіў па чужых кішэнях.
   Яму трэба было нешта гаварыць, апраўдвацца, але нехта нябачны схапіў яго за горла так моцна, што стала цяжка дыхаць. Апускаючы вочы, каб не сустрэцца з ёй позіркам, ён усё ж паспеў убачыць на яе твары здзіўленне і нават, як яму здалося, пагарду".
   Гэты эпізод выкрывае парадаксальнасць і драматызм сітуацыі, у якую патрапіў васьмікласнік; дэманструе раптоўную зачараванасць падлетка прыгажосцю настаўніцы і тым больш датклівым робіць адчуванне яго ганьбы. Апроч таго, эпізод з'яўляецца яшчэ і спецыфічным абгрунтаваннем далейшых паводзінаў Сяргея, які шчыра імкнецца рэабілітавацца: "Яму хацелася як мага хутчэй даказаць ёй, што ён не такі, як яна пра яго думае.    На кожны яе ўрок ён прыходзіў старанна падрыхтаваным, але за месяц яна ні разу яго не выклікала. І калі ў адным з кастрычніцкіх нумароў газеты "Піянер Беларусі" надрукавалі цэлую падборку яго вершаў, ён ухапіўся за іх як за выратавальную саломінку. Ледзь толькі пачаўся ўрок біялогіі, ён разгарнуў газету, усяляк стараючыся прыцягнуць да сябе Танеччыну ўвагу. Нарэшце яна зрабіла яму заўвагу, але праз хвіліну ён зноў стаў шамацець старонкамі, чакаючы, што на гэты раз Танечка загадае пакласці газету на яе стол. І ён зробіць гэта з таемнай радасцю, і пакладзе газету так, каб Танечка, кінуўшы на яе свой позірк, адразу ўбачыла яго прозвішча". Засяроджанасць аўтара на інтымных думках і псіхалогіі юнага героя не толькі раскрывае сутнасць перажыванняў і ладу мыслення хлопчыка, але і па-свойму ўзмацняе разуменне наіўнага свету дзіцячай душы, абвастрае разуменне яго балючай крыўды…  Верагодна, сталы педагог зразумеў бы пачуцці падлетка і адрэагаваў бы на іх адэкватна. Аднак хіба мала вядома прыкладаў, калі нават вельмі вопытныя педагогі паводзяць сябе імпульсіўна, неабдумана, рэзка? Што ж хацець ад маладзенькай выкладчыцы, якой бракуе элементарнага жыццёвага досведу, і якая гэтаксама імкнецца "сцвердзіцца" ў асяродку вучняў: "…Настаўніца, быццам баючыся перадумаць, хутка накіравалася да яго, выхапіла з рук газету і са злосцю парвала яе на шматкі…". Алесь Бадак, несумненна, наўмысна пакідае без каментарыяў некаторыя перыпетыі аповесці. І гэта, думаецца, беспамылковае рашэнне. У сюжэце не вытлумачваецца, напрыклад, якія пачуцці выклікала ў хлопчыка рэакцыя настаўніцы, як ён сябе паводзіў… Толькі канстатацыя самога факта. Тым больш кранае і хвалюе сітуацыя, тым вастрэй дазваляе адчуць сапраўдную бездапаможнасць вучня, яго залежнасць ад абставін.
   На подступах да кульмінацыі пісьменнік ізноў робіць філасофскае адступленне. Нягледзячы, што на гэты раз гаворка тычыцца не аўтаручак, а вясковых хат, рэфлексія аўтара ізноў асацыятыўна звязваецца з асэнсаваннем мінулага, яго развагі непасрэдна наводзяць на роздум пра хуткаплыннасць быцця, пра яго імклівую зменлівасць, пра тое, што дарослы чалавек заўжды па-іншаму ацэньвае і сябе ранейшага, і навакольны свет, і з'явы жыцця: "Прыходзячы ў бацькоўскую хату, у якой доўга не быў, пачынаеш разумець, што яна мае ўласцівасць адвыкаць ад цябе. Калі ты вярнуўся, а дома нікога няма, то, адмыкаючы дзверы, пераходзячы з пакоя ў пакой, адчуваеш ва ўсім затоеную насцярожанасць, з якою сустракаюць чужынца, яна сыходзіць ад сцен, ад кожнай рэчы, нават калі тая некалі была куплена ці змайстравана табой". Міжволі згадваецца вядомае выслоўе Геракліта: "Нельга двойчы ўвайсці ў адну раку". Глыбокі сэнс гэтай крылатай фразы зробіцца асабліва выразным, калі герой даведаецца нарэшце пра вынікі свайго даўняга ўчынку.
   Варта адзначыць, што спецыфічная дыскрэтнасць аповеду (чаргаванне былога і сучаснага, устаўныя эсэ і інш.) ніякім чынам не перашкаджае выяўленню логікі падзей. На працягу аповеду аўтар захоўвае меру кампазіцыйнай паслядоўнасці, паступова падводзячы да сутнасці даўняга канфлікту; заглыбляючыся ва ўспаміны маленства, па драбніцы ўзнаўляе колішні дзіцячы свет, прыгадвае амаль забытыя думкі, эмоцыі, ўражанні… У апавядальнай плыні гучаць такія далікатныя ноты, што ўзнікае адчуванне гранічнай шчырасці, праўдзівасці, ці, інакш кажучы, сапраўднай "перажытасці" пачуццяў. Вельмі трапна ролю жыццёвых уражанняў у творчасці мастака патлумачыў У. Калеснік: "Трапіўшы ў душу мастака, знаходкі не залежваюцца: яны дабіваюцца ад творцы афармлення. Творчая фантазія захоплівае іх і кружыць па сваіх арбітах, паварочвае рознымі гранямі, шліфуе, надае форму. Фрагменты жыцця ператвараюцца ў кампаненты <…> твора".
   Як у хату, у якой доўга не быў, герой "уваходзіць" у сваё мінулае. Ён прыгадвае, якія захады прадпрымаў, каб прыцягнуць увагу прыгажуні-настаўніцы… Яна зняважыла хлопчыка ў лепшых пачуццях, калі парвала газету з вершамі. Аднак гэта, натуральна, толькі "падагрэла" імпэт вучня, распаліла ў ім так званы дух супраціўлення. Пісьменнік з адмысловай дакладнасцю адлюстраваў паводзіны падлетка. Сяргей пачаў паводзіць сябе навязліва, амаль нахабна. Аднак "біялагіца" па-ранейшаму ігнаравала ўсе яго высілкі – жарты, "ананімныя" тэлефанаванні ёй дадому. І вось аднойчы хлопцу выпала нагода "пажартаваць" чарговы раз: калі позна ўвечары настаўніца вярталася з працы, Сяргей з сябрамі напалохалі яе крыкамі і аглушальным стрэлам з самапала…
   Эпізоды, з якіх скампанавана аповесць, паступова дадаюць гісторыі цэласнасць. Мажліва непрыймальнымі, але зразумелымі бачацца ўчынкі падлетка і маладой выкладчыцы, асобныя факты арганізуюцца ў лагічныя ланцужкі… Толькі ведаючы ўсе дэталі "супрацьстаяння" вучня і педагога, па-ранейшаму цяжка паверыць, што менавіта той "жарт" стаў нагодай для зацятай варожасці з боку настаўніцы. За дваццаць год выпадак павінен быў або забыцца, або, як часта бывае, набыць рысы анекдатычнасці, камічнай недарэчнасці…
   Вельмі ўдалым падаецца аўтарскае рашэнне "адкрыць сутнасць" даўняй падзеі толькі ў фінале аповесці. Сам герой даведваецца пра вынікі свайго ўчынку ад былой дырэктаркі школы:
   " – Тваё каханне да яе было вельмі агрэсіўным. Яна была зусім яшчэ маладая і не ведала, як гэтай агрэсіі супрацьстаяць. На жаль, гэтаму нельга навучыцца ва універсітэце, таму што на кожны какрэтны выпадак мусіць быць свой падручнік. <…> Дарэчы, яна павяла сябе вельмі годна, калі пасля ўсяго, што з ёю здарылася, не ўчыніла ніякага скандалу, не паскардзілася ў райана, а проста перавялася ў іншую школу. <…> .
   – А што з ёй здарылася? – недаўменна спытаў я, адчуваючы, як словы пяском захрасаюць на языку.
   – Ты хіба не ведаеш? Яна была на пятым месяцы, калі вечарам вы яе так напалохалі, што ад стрэсу яна ў выніку страціла дзіця".
   Такім чынам, наступствы дзіцячага жарту робяцца вядомымі галоўнаму герою праз дваццаць год… Менавіта тады, калі персанаж – ужо сталы чалавек і здольны ўсвядоміць увесь маштаб трагедыі. Нічога нельга змяніць, нічым нельга апраўдацца, нават словы прабачэння будуць недарэчнымі. Нельга двойчы ўвайсці ў адну раку.
   У аповесці Алеся Бадака "загана" зусім не трыумфуе. Для героя адкрыццё сапраўднага стану рэчаў не проста балючае, – шокавае, і з гэтым пакутлівым усведамленнем уласнай правіны яму прыйдзецца жыць. Але аўтар дадае да гісторыі яшчэ адзін "штрых", які надзяляе яе шматзначным сэнсам, паглыбляе філаcафічнасць.
   Перад сустрэчай з вучнямі (на якую запрасіў былы аднакласнік, школьны настаўнік) герой даведваецца, кім на самой справе з'яўляецца юны "папарацы", дзеля якога па сутнасці гэтая сустрэча і была арганізавана:
   " – …Дарэчы, ты ведаеш, чый ён сын?
   "О Божа, – падумаў я, – толькі гэтага мне не хапала. Хутчэй за ўсё, сын якога-небудзь мясцовага чыноўніка. Цяпер зразумела, чаму ім займаецца не міліцыя, а няшчасны пісьменнік".
   – Гэта сын Танечкі. Ну, памятаеш нашу біялагіцу ў восьмым класе? Яна папрацавала толькі год, а пасля звольнілася.
   Кожнае яго слова ўва мне адзывалася рэхам, быццам у маёй душы ў гэтую хвіліну было зусім пуста".
   Вось так "замкнулася" кола падзей. Аўтар усё ж такі пэўным чынам рэабілітуе героя. "Няхай кіне ў яго камень той, хто сам бязгрэшны!" – быццам бы гаворыць пісьменнік. Так, ад памылкі ніхто не застрахаваны. Аднак вельмі выразна гучыць ключавая думка твора: перад тым, як штосьці зрабіць, заўжды неабходна падумаць пра магчымыя вынікі ўчынку… Жыццё – не чарнавік, які можна перапісаць. Нельга двойчы ўвайсці ў адну раку.

Похожие статьи:

Алесь БадакАлесь Бадак - Пагоня

Алесь БадакАлесь Бадак - Маці

Алесь БадакАлесь Бадак - Душа

Алесь БадакАлесь Бадак - Беларусачка

Алесь БадакАлесь Бадак - Вецер