Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рамантычны герой у рамантычных абставінах (па рамане У. Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім")

А будучыня парасткам належыць.

У. Караткевіч


   Развіццё рамантычнай плыні ў беларускай літаратуры звязваецца з творчасцю Янкі Купалы, асабліва з яе пачатковым этапам, калі паэт адчуваў моцны ўплыў польскага рамантызму ХІХ ст. У прозе рамантызм дасягнуў вяршыні свайго развіцця ў творах У. Караткевіча "Сівая легенда", "Цыганскі кароль", "Нельга забыць" і асабліва ў рамане "Каласы пад сярпом тваім".
   Каноны рамантызму патрабавалі стварэння ідэальнага ва ўсіх адносінах героя – змагара за праўду і волю, абаронца бедных і пакрыўджаных, патрыёта сваёй бацькаўшчыны. І калі ў польскім рамантызме такім прататыпам з’явіўся Т. Касцюшка, то ў беларускім ім мог быць К. Каліноўскі. Таму зварот У. Караткевіча да падзей пярэдадня паўстання 1863-1864 гг. не з’яўляецца выпадковым. У літаратуры наспела неабходнасць стварэння абагуленага рамантычнага героя, і ён з’явіўся ў "Каласах пад сярпом тваім". Праз лёс аднаго героя выявіць характар і ідэалы эпохі – такая асноўная задача, якую вырашае аўтар у сваім творы.
   Назва рамана і яго дзвюх частак невыпадковыя. Каласы – людзі, якіх, нібы серп, зразае смерць з палеткаў жыцця. Серп, хутчэй за ўсё, – уціск царызму, прадбачанне пісьменнікам трагічнага "жніва". "Выйсце крыніц" – гэта вытокі маладога пакалення, звязанага кроўнымі сувязямі з бацькоўскай зямлёй, з Айчынай. Прадстаўнікі гэтага пакалення – Алесь Загорскі і Кастусь Каліноўскі – павінны аб’яднаць, згуртаваць людзей, павесці іх за сабой, каб кроплі народнага гора паступова зліліся і ператварыліся ў магутную раку гневу і помсты. "Сякера пры дрэве" – гэта і сялянская зброя, якая чакала свайго часу, і "зброя" генерала-вешальніка Мураўёва, які жорстка расправіўся з удзельнікамі паўстання.
   Галоўны персанаж рамана – Алесь Загорскі. І хаця мы ўспрымаем яго як гістарычную асобу, не трэба забываць, што гэта ідэальны, а не канкрэтны герой. Ён увасобіў спрадвечную мару народа аб месіі, збавіцелю, які абудзіць родную зямлю ад доўгага сну, верне яе да жыцця. У гэтым выяўляецца яшчэ адна рыса рамантызму, якая бярэ пачатак з вуснай народнай творчасці. І хаця Алесь не робіць нейкіх звышнатуральных учынкаў, ён – рамантычны герой, бо ў яго душы спалучаюцца рысы сапраўднага змагара за народнае шчасце і наіўнага летуценніка, які верыць у ідэалы дабра і справядлівасці, змагара, які выяўляе памкненні ўсіх пакаленняў: вольна, свабодна жыць на роднай зямлі. І, можа, ніхто не адчуваў так востра гэтай патрэбы, як чалавек працы – селянін. Таму аўтар ідзе на свядомае парушэнне гістарычных рэалій: Алеся аддаюць на дзядзькаванне, хаця ў ХІХ ст. гэтага звычаю шляхта ўжо не прытрымлівалася. Чалавек, нават калі ён і шляхціц, павінен з дзяцінства зведаць на ўласным вопыце цяжкую сялянскую працу і побыт. Толькі ў гэтым выпадку ён будзе ведаць іх сапраўдны кошт і зможа выступіць у абарону тых, хто за яго бяднейшы і мае менш правоў. Такім уяўляецца аўтару шлях станаўлення сапраўднага беларуса, выратавання яго спадчыны і роднай культуры.
   Вобраз Алеся грунтуецца не толькі на рамантычным, але і на рэальным светаўспрыманні, бо рамантыка – гэта заўсёды пэўнае адлюстраванне рэчаіснасці. Алесь выступае як рыцар з высакародным і шчырым сэрцам, якое чула ўспрымае ўсе беды народа. У сям’і Кагутоў ён навучыўся цаніць гонар і годнасць простага чалавека, не прыніжаць іншых і самому ні перад кім не прыніжацца, ашчадна адносіцца да духоўнай спадчыны сваіх продкаў і тых каштоўнасцей, якія набывалі для іх часам значэнне сакральнага сімвала. Адным з сімвалаў чалавечай працы і поту быў хлеб. У гэтым плане паказальны той эпізод з рамана, калі юны князь Загорскі падымае кавалак хлеба, які ўпаў са стала, і цалуе яго са словамі "Даруй, Божухна!" Алесь не толькі рамантык, які бачыць у сне белых коней – увасабленне свабоды і светлых ідэалаў, але адначасова і рэаліст, які думае аб самых звычайны, паўсядзённых справах (карысці цукраварні, ролі грошай і матэрыяльнага дабрабыту ў жыцці людзей). У вобразе маладога Загорскага выяўляюцца рысы характару і паводзін рэальнага чалавека.
   Грамадзянскае сталенне Загорскага, такім чынам, узнікае не толькі на рамантычным грунце. Бацькі Алеся добра ўсведамлялі, што, каб быць патрыётам сваёй зямлі, патрэбна найперш ведаць яе мінулае – тое, што надае змаганню мэту і служыць светлым ідэалам гэтага змагання. Вялікую ролю ў гэтым адыграў стары Вежа, дзед Алеся, прозвішча якога таксама невыпадковае. Вежа – гэта нібы маяк, на які павінна арыентавацца маладое пакаленне. Нездарма дзед кажа, што ён "трошкі лепшы" за ўнука. Дзед навучыў Алеся таму, што павінен ведаць сапраўдны грамадзянін: праўду аб прыгоне і парадках, якія панавалі ў Расіі, аб шляхах грамадскага развіцця. І, пазнаючы гэту праўду жыцця, Алесь разумее, што здольны змяніць рэчаіснасць, яле яшчэ не ўсведамляе як. Гэты разрыў паміж здольнасцю і немагчымасцю (пакуль) ажыццявіць задуманае – яшчэ адна рыса героя рамантычнага характару. Разумеючы, што нельга абхапіць неабдымнае, Алесь дае сабе клятву змяніць хаця б нешта, тое, на што ў яго хопіць моцы. "Колас да коласа – сноп будзе", – кажуць у народзе. Загорскі ўсведамляе, што адзін ён, як колас у полі, што патрэбна вялікая сіла, каб зварухнуць акамянелыя пласты жыцця. Сустрэча з Каліноўскім натхніла Алеся прыкладам адданага служэння справе, за якую ахвяраваць можна не толькі каханнем, але і жыццём. Увабраўшы ў сябе ўсё лепшае ад простага народа і ўзбагаціўшыся веданнем сапраўднай мінуўшчыны, уступае герой у дарослае жыццё, выразна ўсведамляючы цяжкасці на шляху да дасягнення выпакутаванай мэты.
   Ці з’яўляецца Алесь рамантычным героем? Безумоўна, з’яўляецца. Бо не можа не быць рамантыкам герой, які ахвяруе сабою і сваім лёсам дзеля светлых ідэалаў жыцця і справядлівасці, герой, дэвізам якога маглі б стаць словы "за нашу і вашу свабоду" і "людзьмі звацца". Словы двух рамантыкаў ХІХ і ХХ стст. – Тадэвуша Касцюшкі і Янкі Купалы.

 

Похожие статьи:

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Кніганошы

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Чазенія - ГДЗ

Уладзімір КараткевічТворчасць Уладзіміра Караткевіча

РРамантызм