Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Уладзіміра Караткевіча

   Ён некалі паабяцаў сабе і людзям, што напіша кнігі, якія будуць чытацца на беларускай мове. I напісаў такія кнігі, якія не толькі вяртаюць нам нашу святыню-мову, але і памяць, забраную ў нас даўно. Лепш за многіх усведамляючы, што ў народа без памяці пра свае вытокі, карані, пра мінулае будучыні няма, ён так вызначыў сваю ролю ў рэанімацыі душы і памяці:

Я, ў некаторым сэнсе, нават Бог,
Бо занава я свой народ ствараю.

   Уладзімірам Караткевічам упершыню ў гісторыі нашай культуры створана рамантычная літаратура пра мінулае, прычым на трывалым гістарычным падмурку. Рамантычнае і фантастычнае, прыгодніцкае і дэтэктыўнае ў яго творах не самамэта, не толькі для таго, каб чыталі яго кнігі і на роднай мове. Вывучаючы і даследуючы старонкі гісторыі, Уладзімір Караткевіч найперш для сябе зрабіў адкрыццё, што у нашым мінулым ёсць адказы на пытанні, якія не толькі хвалююць нас сёння, а ад вырашэння якіх залежыць, ці будзем мы «людзьмі звацца».
   Дзякуючы яго кнігам мы можам адказаць і на Купалава пытанне, «скуль, якога мы роду». Мы — народ, мы — нацыя не горшая за іншыя, у нас ёсць свае карані, а ў нашым мінулым — не толькі гаротнае, трагічнае, але і гераічнае, вартае гонару і захаплення, здрадзіць якому — не мець світання.
   Нельга не здзіўляцца таму, колькі старонак гісторыі прачытана Уладзімірам Караткевічам для нас, колькі «белых плямаў» зліквідавана, — і ўсё дзеля таго, каб вярнуць нам памяць, бо без памяці нам не быць...
   Сапраўды, як ён сам казаў, вякі яго спяваюць ротам.
   «Роўнага яму няма і наўрад ці ўжо будзе, замяніць яго ў нашай літаратуры не можа ніхто. Ужо хоць бы таму, што ніхто з такім бляскам не спалучае ў нас талент паэта з талентам празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, эсэіста, гісторыка. Ён быў аднолькава таленавіты амаль ва ўсіх літаратурных жанрах, што, можа, натуральна для літаратуры мінулага, але рэдка сустракаецца ў сучаснай літаратуры з яе багатымі, дасканала «развітымі літаратурнымі жанрамі», — такую высокую ацэнку творчасці Уладзіміра Караткевіча даў Васіль Быкаў.
   Праілюструем сказанае В. Быкавым пералікам толькі некаторых твораў Уладзіміра Караткевіча, каб пераканацца, што ён пісаў:

   Уладзімір Караткевіч пісаў выключна пра ўсё і для ўсіх. У яго творчасці знойдуць сучаснае сваім узнёслым пачуццям і закаханыя («Нельга забыць», «Чазенія»), і тыя, хто цікавіцца морам (і будуць здзіўлены выключнай кампетэнтнасцю аўтара ў марской справе, выяўленай у «Воку тайфуна»). Геаграфію і прыроду роднага краю дапамагаюць пазнаць кожнаму з нас «Дрэва вечнасці», «Былі ў мяне мядзведзі». З аўтабіяграфічнай аповесці «Лісце каштанаў» мы атрымалі ўяўленне пра першыя пасляваенныя гады.
   Усю творчасць Караткевіча можна з поўным правам назваць мастацкай этнаграфічнай энцыклапедыяй, бо ў ёй побыт, звычаі, традыцыі, легенды, песні, кулінарыя, будні і святы беларускага народа, яго душа. Самай характэрнай для творчасці Караткевіча ў гэтым накірунку з'яўляецца «Калядная рапсодыя».
   Пісьменнік не абмінае сваёй увагай сучаснае, заглядае ў будучыню, але сапраўднай яго страсцю з'яўляецца мінуўшчына, гісторыя. Па яго творах можна вывучаць гісторыю Беларусі. I творамі, прысвечанымі канкрэтным гістарычным падзеям, перыядам у жыцці беларускага народа, і рэтраспекцыямі ў творах пра сучаснае Караткевіч панарамна паказаў амаль усё, што было ў нашай краіне.
   З незвычайнай мастацкай сілай адказаў на такое хвалюючае для нас сёння пытанне, як «чым ты была, Беларусь мая родная?» Адказаў у імя таго, каб мы сёння зразумелі, што мaeм, што ёсць, каб помнілі пра тое, што будзе. У імя памяці пра будучыню. Пра аднаго са сваіх герояў (апавяданне «Барвяны шчыт») Уладзімір Караткевіч пісаў: «...ён любіў гэтую повязь з усімі і ўсім. З усімі вякамі і з усімі людзьмі, што былі, ёсць і будуць на гэтай зямлі».
   У поўнай меры гэтыя словы адносяцца і да самога Уладзіміра Караткевіча і могуць быць эпіграфам да яго жыцця і творчасці.
   Своеасаблівай мастацкай энцыклапедыяй народнага жыцця эпохі беларускага сярэднявечча (XVI ст.) з'яўляецца раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». «Трагікамедыя, смех праз слёзы, народная драма, калі хочаце», — так сказаў пра свой раман, прысвечаны паўстанню супраць царквы і караля, сам аўтар.
   У творы выкарыстаны матэрыялы хронік і летапісаў, біблейскія сюжэты, вытрымкі з мастацкіх твораў і народныя выслоўі, алегорыя, умоўнасці, іронія, сатыра, гумар, прыгодніцкі сюжэт — усё тое, што ставіць гэты твор па яго мастацкіх вартасцях у адзін рад з творамі такіх лепшых майстроў слова, як Ф. Рабле, Р. Ралан, М. Булгакаў.
   Паўстанне 1623 г. у Віцебску — тэма п'есы «Званы Віцебска», пра якую сам Караткевіч сказаў так: «Я напісаў «Барыса Гадунова». Гэта быў страшны час. Многім здавалася, што нават сярэднявечча — лепшы, бо ў ім хоць была раўнавага духоўная. Для вайны з ерасямі, увядзення уніі, умацавання саюза з Рымам і знішчэння іншаверцаў на беларускія землі быў дасланы біскуп Кунцэвіч. Беларусь яшчэ ніколі не стаяла так блізка да загібелі, як у XVII ст. Хто не згодзен — плаха, хто гаворыць і думае па-свойму — меч. Але адным з першых узнялі свой голас супраць знішчэння і смерці — Віцебскія Званы».
   Паўстанню пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы (1743-1744) прысвячаецца п'еса «Маці урагану». Паўстанцы выступілі супраць староства і арандатараў, якіх Радзівіл надзяліў поўнай уладай.
   Арандатар павінен быў плаціць пэўную суму, а колькі ён пасля выб'е з мужыкоў, рамеснікаў і купцоў, нікога не датычылася.
   Пасіліліся паншчына, рабунак, гвалт, забівалі людзей, забаранялі скаргі. Хто ішоў са скаргамі — забівалі, катавалі, кідалі ў турмы. Ды і каму паскардзіцца? У імператрыцы дапамогі не чакай: там свае паўстанні, сялянскія бунты.
   Вашчыла — войт вёскі Селішча — ездзіў скардзіцца на Радзівіла ў Варшаву, па вяртанні атрымаў ад арандатара 150 бізуноў, цяжка хварэў пасля гэтага. Потым яшчэ раз ездзіў у Мір, быў збіты і кінуты ў крычаўскую турму. Нібыта там і памёр ад хваробы страўніка, але ёсць версіі, што яго атруцілі.
   I ўсё ж найбольшая ўвага, «агонь душы і сэрца жар» Уладзіміра Караткевіча прысвечаны паўстанню Кастуся Каліноўскага. Нельга не пагадзіцца з пісьменнікам, што больш трагічнай і гераічнай старонкі ў нашай нацыянальнай гісторыі няма, як і самай для нас вызначальнай, павучальнай і папераджальнай.
   Тэма паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага найбольш распрацаваная ў творчасці Уладзіміра Караткевіча: п'еса «Кастусь Каліноўскі», пралог да рамана «Нельга забыць», вядомы юнаму чытачу пад назвай «Паром на бурнай рацэ», аповесць «Зброя» і нарэшце самы значны твор у спадчыне пісьменніка — раман «Каласы пад сярпом тваім».
   Зробленае Уладзімірам Караткевічам — гэта прарыў у мастацкім даследаванні гісторыі. Аднак творы Уладзіміра Караткевіча — гэта творы не толькі і не столькі пра паўстанні, войны, змаганні, а творы аб годнасці і гонары, «о подвигах, о доблести, о славе», аб тым, што трэба жыць не прыніжаючы і не прыніжаючыся...
   Кнігі Караткевіча — гэта не кнігі падзей, а кнігі ідэй. Для сучаснага чытача яны найбольш цікавыя менавіта філасофскім асэнсаваннем мінулага ў імя будучыні. «На гістарычных сюжэтах я стварыў сваю матрыцу будучага... Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам».
   Уладзімір Караткевіч лічыў чытача складовай часткай мастацтва, сваёй творчасці, бо менавіта чытач у многім вызначыў форму перадачы пісьменнікам свайго духоўнага вопыту, сваёй філасофіі. I форма тая — рамантычная, а нярэдка прыгодніцка-фантастычная і нават дэтэктыўная.
   Пра многае «размаўляе» з намі Караткевіч. Філасофскі змест яго твораў яшчэ чакае сваіх даследчыкаў. Аднак чытач ужо атрымаў поўнае ўяўленне пра тое, у чым пісьменнік-філосаф асабліва настойлівы і паслядоўны.
   У рамане «Каласы пад сярпом тваім» ёсць эпізод (апісанне абраду пастрыжэння ў падлеткі, калі Басак-Яроцкі наказвае Алесю быць мужам, дваранінам), дзе амаль даслоўна паўтараецца «дваранскі ганаровы кодэкс», сфармуляваны пісьменнікам у драме «Кастусь Каліноўскі»:

   Кастусь....A ў прыдняпроўцаў, у мяне ёсць цвёрдае перакананне ў тым, што павінен і чаго не павінен рабіць дваранін... чалавек. Што ён павінен мець.
   Мураўёў (з жудаснай іроніяй). Прасвяціце старога. Што?
   Кастусь. Толькі душу для праўды, жыццё — для сапраўдных людзей, сэрца — для жанчыны... I яшчэ гонар. Чуеце? Гонар... для самога сябе і ні для каго на свеце больш.
   Мураўёў. У чым жа ён, калі не сакрэт?
   Кастусь. У тым, каб быць незалежным з моцнымі, роўным з роўнымі, памяркоўным для ніжэйшых. У тым, каб быць добрым для жанчын, дзяцей і слабых, пераможаных. У тым, каб быць літасцівым да звяроў... I яшчэ ў тым, каб ніколі не лаяць мёртвых, якія не могуць адказаць: ні дрэнныя, ні высакародныя...
   Такі своеасаблівы «плагіят» Караткевіча сведчыць пра яго настойлівае перакананне ў тым, што чалавек — толькі той, хто не прыніжаецца і не прыніжае.
   Юнаму чытачу, чалавеку, «што стаіць перад выбарам, кім яму быць», належыць удумліва асэнсаваць і эпіграф да першай кнігі рамана — «Выйсце крыніц»:
   «Увечары вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырвана; A ўранні: сёння непагадзь, бо неба пахмурнае. Крывадушнікі! аблічча неба распазнаць умееце, а знаменій часу не можаце?»
Евангелле ад Мацея, XVI
   «Знаменіе часу» ў кантэксце Евангелля — прышэсце Збавіцеля, Які «стаіць пры дзвярох і стукае», а ўжо адчыніць Яму дзверы сваёй душы ці не — выбар кожнага і залежыць толькі ад кожнага з нас.
   Па-рознаму можа ўсведамляцца гэты эпіграф у кантэксце рамана тымі, хто «стаіць перад выбарам, кім яму быць».
   «Знаменіе часу» некім усведамляецца як становішча народа, не распазнаць якога — знішчыць сябе і сваю будучыню, бо «ў рукі галодных беднякоў» будуць аддадзены ворагі ўсіх краін, бо прыніжаны будуць самыя магутныя. I адданне тое, і прыніжэнне заўсёды адбываецца з «сякерай пры дрэве...» Пра становішча народа сведчыць не толькі яго фізічнае здароўе ці выміранне, матэрыяльны дабрабыт ці галеча (пры пераказе рамана робіцца акцэнт і на гэтыя канцэптуальныя моманты), але найперш духоўнасць ці бездухоўнасць. Прычынай галечы і вымірання з'яўляецца рабства. Алесь усвядоміў, «што страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце» — гэта прыгон.
   Самай страшнай выявай бездухоўнасці з'яўляецца рабская псіхалогія.
   I яна не толькі гне да зямлі перад моцным: «Толькі б не пападаці на калені!» - думае Мусатаў, спатольваючы сваю Прагу здзекавацца і прыніжаць гэта «быдла», як ён у думках называе удзельнікаў півошчынскага бунту.
   Псіхалагічна тонка заўважана пісьменнікам, што людзі з рабскай псіхалогіяй, людзі, пазбаўленыя гонару і годнасці, асабліва ганарыстыя і зласлівыя. Грыня Паківач перасцерагае Корчака: «Ты залішнюю злосць з сабе выпусці, задушыць.» Марная перасцярога: «хто згубіў памяць — згубіў усё».
   I ніякія довады, нават напамін пра тое, што, менавіта Алесю Корчак абавязаны сваім выратаваннем ад злюцелага Кроера, на Корчака не падзейнічаў бы. Кандрат Когут слушна гаворыць, што такі напамін нават пашкодзіць, бо Корчак ганарысты: «Дагэтуль усім кажа, што смяротны Кроераў бой вытрымаў адзінай толькі сваёй жывучасцю. I раптам — на табе, панская ласка.
   Мінулае ў рамане не толькі вучыць, а перасцярагае пра вялікую небяспеку прышэсця да ўлады злюцелых рабоў. Грыня Паківач даводзіць. што Корчак, калі б стаўся панам, быў бы не лепшы за Кроера: «Няма горш, як з хама пан...» Шэрым князем назваў Корчака і Кандрат Когут: «Каб табе ягоную [Алесеву] сілу — мы б праз тыдзень уплакаліся б. Крывёю сплылі.»
   Бяспамяцтва, чорныя няўдзячнасць і злюцеласць Корчака-хама ўражваюць. Асабліва ў эпізодзе яго расправы з Раўбічам, з якога вырашыў пачаць»народную помсту», каб падвысіць свой аўтарытэт «мсціўцы». Стоячы звязаным перад Корчаком, церпячы яго жудасныя здзекі і ў думках падрыхтаваўшыся да немінучай смерці, Яраш Раўбіч душыўся ад злосці на самога сябе: «Так па-дурному трапіць!.. Усе гады пакутаваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання...» Яшчэ адна прычына дзікунскага намеру Корчака менавіта з такіх, як Раўбіч, пачаць «народную помсту» — тое, што ў Раўбіча была зброя, шмат зброі. Бо рыхтаваўся закалат супраць царызму, прыгону...
   Рабская псіхалогія не толькі штурхае «заўсёды рахманага, паважна-маўклівага» на тое, «чаго ніхто не чакаў» ад яго. Рабская псіхалогія вынішчае душу аканчальна, яна асляпляе нянавісцю настолькі, што раб гатовы знішчыць нават свайго збавіцеля. I са збавіцеля найперш і пачаць вынішчэнне і помсту. Захапляючыся смеласцю, адвагай Алеся Загорскага, прызнаючы яго высакароднасць і тое, што «цвэнькае» па-мужыцку, усё роўна некалькі разоў, як заклінанне, Корчак паўтарае: «Хай бы цябе забілі, князь...»
   Нікому і ніколі не дараваў Алесь абразы свайго гонару, заўсёды змагаўся з несправядлівасцю, але на гэты праклён-рэфрэн Корчака адказаў: «А я хачу, каб ты жыў. ...Дзеля сапраўднай волі».

Похожие статьи:

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц