Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Уладзімір Караткевіч - Чазенія - ГДЗ

1. Задума напісаць твор пра мужных людзей, пра першабытную прыроду з’явілася ў пісьменніка падчас наведвання ў 1965 г. Далёкага Усходу і Прыморскага краю. Пісьменнік адзначаў, што штуршком для напісання аповесці сталі ўражанні, атрыманыя падчас паездкі, а героі яго аповесці маюць рэальных прататыпаў. Не апошнюю ролю ў задуме гэтага твора адыграла і трагедыя ў Хірасіме, а наперадзе быў Чарнобыль.

2. У аповесці "Чазенія" аўтар уздымае маральна-этычныя, экалагічныя і філасофскія праблемы. Ён даследуе праблему чалавечых узаемаадносін, адносін чалавека да прыроды, да навукова-тэхнічнага прагрэсу, гаворыць пра пачуццё абавязку і маральнага выбару.
Узнятыя Уладзімірам Караткевічам праблемы вызначаюць і літаратуразнаўцы. Напрыклад, А. Русецкі гаворыць, што ў творы "б'ецца неспакойная, трывожная думка нашага сучасніка пра будучае чалавецтва, пра адказнасць за асобу, за кожнага чалавека, за грамадства і цывілізацыю"'. Польскі даследчык Ф. Няўважны лічыць, што аповесць "Чазенія" — гэта твор "пра сілу жыцця, трываласць дружбы, пра сілу кахання і спачування, магутнасць дабра, чалавечнасці і праўды, што выяўлена не толькі ў вобразах галоўных герояў, іхніх сяброў, але таксама ў з’явах прыроды, якая выступае тут, хто ведае, ці не галоўным героем і паказчыкам прагрэсу". Даследчык Г.С. Гарадко адзначае, што У. Караткевіч вырашае ўзнятыя праблемы "не проста на аснове асабістых узаемаадносін герояў, а галоўным чынам праз адносіны персанажаў твора да гэтых праблем". А. Мальдзіс сцвярджае: "Чазенія" — гэта ўзнёслы гімн першабытнай далёкаўсходняй прыродзе, Усурыйскай тайзе".
3. Асноўная роля ў вырашэнні ўзнятых аўтарам праблем адводзіцца галоўнаму герою Севярыну Будрысу. Ён служыць навукова-тэхнічнаму прагрэсу: з захапленнем займаецца фізікай і дасягнуў у гэтай галіне значных поспехаў. Але толькі навука не задавальняе маладога таленавітага вучонага. Ён час ад часу пачынае адчуваць незадавальненне сваёй працай і перажывае "дзіўнае адчуванне непатрэбнасці і нават шкоднасці сваёй працы і сваёй навукі". Герой усведамляе, што навуковыя адкрыцці робяцца дзеля карысці чалавека, але могуць прывесці да катастроф і чалавечых ахвяр. Каб пазбавіцца пачуцця стомы, пустаты і расчаравання і зарадзіцца новай энергіяй для далейшага жыцця, герой пакідае сваю справу і ў пошуках сябе новага апынаецца ў прыморскім запаведніку "Тыгравая падзь". Сустрэча з Гражынай Арсайла, якая ў творы ўвасабляе адзінства чалавека з навакольным светам, і каханне да яе вяртае герою радасць жыцця і абуджае цікавасць да любімай работы. Разрыў герояў немінучы: "I пакуль што Будрыс перарабіць нічога не можа".
4. Экалагічная праблема ў творы раскрываецца ў асноўным праз вобраз Гражыны Арсайла, якая не прымае ўмяшання чалавека ў свет прыроды. Гераіня па прафесіі біёлаг, ведае назву кожнай таежнай расліны, добра знаёма і з жывёльным светам. Для яе непрымальна грубае ўмяшанне чалавека ў свет прыроды: "Не люблю "ўладароў", "пакарыцеляў", не люблю "гаспадароў жыцця". Гаспадарыце над гэтым няшчасным жыццём. Паны. Двухногае наканаванне. Эксперыментатары над жывым... Не магу глядзець на іх..."
Гражына не аддзельная ад прыроды. Яна — "сама як захад, сама як лістота, сама як добрае паветра, якое не заўважаеш, але без якога немагчыма жыць" — увасабляе сабою арганічнае адзінства чалавека з навакольным светам.
5. Аўтар назваў свой твор "Чазенія", паколькі быў уражаны жыццястойкасцю і самаахвярнасцю далёкаўсходняга дрэва чазенія. Яно пры поўнай адсутнасці спрыяльных умоў, фактычна на камянях, пышна раскідала свой султан драбналістых галін там, дзе іншыя б дрэвы загінулі. "А гэтае расло, немаведама адкуль чэрпаючы сокі на тое, каб выгнаць у неба ствалы такой вышыні і прыгажосці". Яно расце, прабіваючы каранямі цвёрды грунт, і дае "магчымасць для жыцця іншым раслінам, хоць само гіне". У творы назва набывае сімвалічны сэнс: прызначэнне чалавека, яго апраўданне існавання на зямлі аўтар бачыць у служэнні іншым людзям, у "пладаносным самаахвярным пачатку".
6. Асобныя даследчыкі вызначаюць жанр "Чазеніі" як "аповесці рамантызаванай, паэтычнай і дынамічнай" (С. Андраюк). Іншыя лічаць яе "паэмай у прозе, дзе спалучаны лірыка-рамантычны пачатак з эпічным дзеяннем" (А. Русецкі, Ф. Няўважны).
7. У аповесці Караткевіч сцвярджае, што кожны чалавек павінен берагчы ў сваёй душы любоў да прыроды і чалавека як яе часткі, развіваць пачуццё абавязку перад зямлёй, прыродай і самім сабою; цвёрда ведаць сваё прызначэнне на зямлі і заўсёды памятаць, што ты чалавек, разумны і маральна выхаваны.
8. Фінал твора прымушае чытача задумацца над праблемай "прырода і навукова-тэхнічны прагрэс". Як павінен чалавек будаваць сваё далейшае жыццё? Што трэба зрабіць, каб карыстацца вынікамі навукова-тэхнічнага прагрэсу і ў той жа час захаваць прыроду, тую крыніцу, адкуль чалавек чэрпае сілы для шчаслівага жыцця? А можа, ёсць неабходнасць адмовіцца  ад навуковых дасягненняў на карысць першабытнай прыроды? На гэтыя і іншыя пытанні кожны з нас спрабуе даць адказ у час роздуму над фіналам твора.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!