Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Уладзімір Караткевіч - Маці ўрагану

   У сярэдзіне XVIII стагоддзя, калі адбываецца дзеянне п'есы, у Рэчы Паспалітай назіраўся глыбокі крызіс абсалютысцкай улады і дзяржаўнасці. Былі амаль паралізаваны выканаўчая і судовая ўлады, бяздзейнічаў закон. Магнаты, аддаючы цэлыя рэгіёны пад апеку арандатараў, асуджалі гэтыя вобласці на беззаконне. Пры гэтым няшчадна прыгняталася амаль усё насельніцтва краю - ад сялян і мяшчан да дробнай шляхты і святароў. У такой сітуацыі апынулася Крычаўскае староства, фактычна аддадзенае на рабункі хіжым адкупшчыкам - братам Іцкавічам.
   У прадмове да п'есы Уладзімір Караткевіч падрабязна аналізуе эканамічную сітуацыю на Крычаўшчыне, што папярэднічала выбуху народнага гневу ў 1743 - 1744 гадах. Гэта сведчыць пра тое, што пад рамантычныя ў цэлым дзеянне і характары аўтар імкнуўся падвесці трывалую рэалістычную падставу.
   Трагізм сітуацыі, у якой апынуліся крычаўцы, акрэсліваецца аўтарам надзвычай эмацыянальна: "Поўная безвыходнасць панавала над крычаўскімі паўстанцамі. Няма выйсця. Нідзе.
   Але чалавек не можа пагадзіцца з гэтым. Зламаць шыю лёсу, нават калі сам пры гэтым зломіш шыю. Адказваць безнадзейнай барацьбою на безнадзейнасць, уласнай загібеллю на безвыходнасць становішча.
   Нават самім паражэннем перамагчы - гэтага чалавеку не можа забараніць ніхто.
   У гэтым пафас паўстання, як яго разумее аўтар...".
   Аўтар зноў выбірае панарамны спосаб паказу падзей паўстання. Ёсць у творы і масавыя, і нават батальныя сцэны. Дзеянне штораз пераносіцца то ў палац князёў Радзівілаў, то ў карчму, то ў шляхецкі маёнтак, то на поле бітвы. Трагічныя эпізоды чаргуюцца са сцэнамі, у якіх пераважае смех, часам грубаваты народны гумар. Смехавая, карнавальная стыхія звязана перадусім з вобразамі карчмаркі Магды і яе каханка Лаўрэна Каўбасы, якія выконваюць у творы амплуа блазнаў.
   У гэтым сэнсе п'еса таксама мае прыкметы кінематаграфічнасці; зрэшты, па матывах твора быў пастаўлены аднайменны мастацкі фільм у 1990 годзе (рэжысёр Юры Марухін).
   Асноўнае дзеянне твора пабудавана паводле законаў драмы. На першы план вылучаюцца дзве асобы - Агна і Васіль Вецер.
   Цікава, што ў лік цэнтральных персанажаў не трапіў нават Васіль Вашчыла, натхніцель і кіраўнік паўстання. Ён сваім душэўным складам, бунтарскімі якасцямі настроены на барацьбу.
   У адрозненне ад яго Васіль Вецер - чалавек далікатнага, вытанчанага душэўнага складу, высокаадукаваны, схільны да самааналізу інтэлігент, гуманіст. Паўстанне распачынаецца якраз у той момант, калі Вецер бярэ шлюб з Надзеяй, у якую бязмерна закаханы. І вось у момант найвялікшага чалавечага шчасця прыходзіць вестка пра паўстанне і прапанова Васілю ўдзельнічаць у ім. Ад чаго ён спярша адмаўляецца.
   Не, дарэмна Васіль Вашчыла ў гарачцы называе Ветра здраднікам. Васіль Вецер - не здраднік і не баязлівец. Але як чалавек інтэлекту, міралюбівы па натуры і закаханы ў жыццё, ён мае свае аргументы супраць кровапраліцця і забойстваў. Ён прыводзіць іх у размове з маці.
   "В е ц е р. Я не жадаю крыві. Ува мне зараз неба. І я так палюбіў жыццё і Надзею, што трэба баяцца, як бы я не зганьбіў сябе яшчэ горш... Вось схопяць... Ты можаш зрабіць так, каб я не пахіснуўся, каб смяяўся ім у вочы, каб не стагнаў ад успамінаў у апошнюю ноч? Я не жадаю даць ім гэтае ўцехі. Я не хачу чужой крыві і не хачу ліць сваю! Ратуй мяне. Зрабі, каб я не шкадаваў іхняга жыцця і свайго. Ратуй мяне ад ганьбы!".
   Маем адвечны ў драматургіі выбар - паміж грамадзянскім абавязкам і асабістым шчасцем. У гэтым творы сітуацыя выбару вырашаецца спосабам, надзвычай характэрным для рамантычнага стылю, -- праз экстраардынарны, выключны ўчынак. Гэты ўчынак робіць маці Васіля Ветра, Агна.
   Яна таксама як і сын, не пазбаўлена ваганняў; выбар даецца ёй не менш балюча. Але Агна натура дзейсная, рашучая, бескампрамісная. Гэтыя якасці былі ўласцівыя славутым жанчынам Беларусі.
   Агна пасылае сына ў пячору, дзе жыве "чалавек", Пракажоны. Захварэўшы на праказу, Вецер перастане шкадаваць аб страчаных жыццёвых радасцях і цалкам аддасць сябе барацьбе. Яго лёс дзеляць з ім маці і жонка.
   У творы яшчэ нямала ўражлівых, неардынарных, эфектных эпізодаў, якія сведчаць пра рамантычны характар дзеяння. Напрыклад, лютая, фантастычна жорсткая расправа князя Гераніма Радзівіла над паўстанцамі - іх зашываюць у мядзведжыя шкуры і цкуюць сабакамі. Або помста Агны Вецер, якая перадае праказу паслугачам князя і праклінае самога Гераніма.
   Рамантызацыі падлягаюць і антыгероі. Гэта азначае, што перад намі не проста адмоўныя персанажы, але асобы, надзеленыя выключнай жорсткасцю, падступніцтвам, дэманізмам, "метафізічным злом". Асабліва вылучаецца паміж астатнімі сам Геранім Радзівіл - разумны і цынічны, страшны як для ворагаў, так і для свайго атачэння, але не пазбаўлены пачуцця "чорнага гумару".
   Пошук характараў у творы ідзе ўскладненым шляхам: на рэалістычнай, гістарычнай глебе, але з дапамогай сродкаў рамантызацыі, узбуйнення вобразаў, гіпербалізацыі. У параўнанні з п'есай "Званы Віцебска" персанажам у большай ступені ўласцівае адчуванне гісторыі, свайго месца ў ёй, значнасці сваіх учынкаў. Займальнасць, дынаміка дзеяння, вострая інтрыга не заміналі аўтару паставіць філасофскае пытанне пра сэнс змагання і ахвяр, пра магчымасць чалавека ўплываць на ход гісторыі. Ці магчыма перамога, хаця б маральная, у безнадзейных абставінах? Які кошт такому супраціву, ці будзе ён мець наступствы?
   Як бы ў адказ на гэтыя пытанні ў фінальнай сцэне твора "далятае аднекуль, як з таго свету, трубны голас ці то Ільі, ці то Дудара".
   "Г о л а с. Маці. Пачуй нас. Не чуеш? Маці ветру. Маці ўрагану! Чорта яны нас узялі! Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас!".

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!