Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Уладзімір Караткевіч - Званы Віцебска

   Уладзімір Караткевіч імкнуўся "падымаць Беларусь" разнастайнымі творчымі намаганнямі. Найбольш ярка ён вылучыўся як празаік, стваральнік гістарычных раманаў і аповесцей, выдаў некалькі выдатных зборнікаў паэзіі, працаваў у жанры нарыса, эсэ. Разам з тым Уладзімір Караткевіч, па сутнасці, перастварыў, вывеў на сучасны ўзровень жанр беларускай гістарычнай драмы.
   Варта падзівіцца той творчай смеласці, з якой празаік аднойчы пераключыўся на драматургію, прычым імкнуўся пры гэтым вырашыць адначасова некалькі складаных творчых задач. Зразумела, што яго п'есы выклікалі часам разгубленасць у рэжысёраў.
   Праблемы пры пастаноўцы гэтых твораў узнікалі не ад маладасведчанасці аўтара, які выпрабоўваў свае сілы ў новым для сябе відзе творчасці. Гэта быў вынік ускладненасці мастацкага цэлага твораў, шырыні аўтарскіх задум, размаху творчасці. У драматычных творах Уладзіміра Караткевіча праглядаецца і пэўнае адзінства, якое лучыць іх у цыкл. Гэтыя чатыры п'есы: "Званы Віцебска", "Маці ўрагану", "Кастусь Каліноўскі", "Калыска чатырох чараўніц" літаратуразнавец Адам Мальдзіс прапанаваў лічыць драматычнай тэтралогіяй.
   П'есы пералічаны паводле храналогіі тых гістарычных падзей, якія яны адлюстроўваюць. Атрымліваецца, што кожны твор уводзіць гледача ў новае стагоддзе, пачынаючы ад XVII. У кожным стагоддзі драматург вылучае крызісную, сімптаматычную падзею: паўстанне ў Віцебску і забойства Іасафата Кунцэвіча ("Званы Віцебска"); крычаўскае паўстанне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы ("Маці ўрагану"); паўстанне Кастуся Каліноўскага ("Кастусь Каліноўскі"); юнацтва Купалы і пярэдадзень "нашаніўскага" Адраджэння ("Калыска чатырох чараўніц").
   Ёсць пэўная паслядоўнасць і пераемнасць у выбары і характарыстыцы галоўнага персанажа твора. Аўтар шукае не проста моцнага, надзеленага значнай палітычнай воляй героя, але яркую, багатую на душэўныя і духоўныя якасці асобу, носьбіта самабытных рыс нацыянальнага менталітэту.
   Пры гэтым разбураўся міф пра адвечную, характэрную нібыта ўсёй беларускай нацыі пакорлівасць, бясконцую цярплівасць, што часам выдаваліся за памяркоўнасць, талерантнасць. Драматург даследуе тыя абставіны, калі келіх цярплівасці перапаўняецца і беларус адважваецца на актыўны супраціў.
   Адным з такіх момантаў была сітуацыя ў Беларусі напрыканцы XVI - у пачатку XVII стагоддзяў, адлюстраваная ў п'есе "Званы Віцебска". Нашая краіна разам з Рэччу Паспалітай апынулася ўцягнутай у ланцуг кровапралітных войнаў. Абвастрыліся сацыяльныя і рэлігійныя супярэчнасці, што было нязвыклым для краіны, дзе спрадвеку пільнаваліся прынцыпу верацярпімасці. Берасцейская царкоўная унія (1596 г.), не зняла, а часам узмацняла гэтыя супярэчнасці. Далучэнне вернікаў да уніяцтва, здаралася, набывала гвалтоўны, прымусовы характар. Прыхільнікі уніі, захопленыя ідэяй паяднання каталіцкай і праваслаўнай канфесій, не заўсёды задумваліся над тымі сродкамі, праз якія ажыццяўлялася гэтая ідэя. Спраўджвалася вядомае выслоўе пра "добрыя намеры, якімі выслана дарога ў пекла". Адным з такіх дзеячаў быў, паводле версіі Уладзіміра Караткевіча, Віцебскі і Полацкі арцыбіскуп Іасафат (Ізахват) Кунцэвіч.
   Несумненна, У. Караткевіч усведамляў складанасць увасаблення гэтай неардынарнай гістарычнай постаці. Ён ведаў пра два адрозныя, нават палярныя погляды на асобу Кунцэвіча. Савецкія гісторыкі школы Л. Абэцэдарскага схільныя былі залічваць Віцебскага арцыбіскупа ў цемрашалы, рэлігійныя фанатыкі, праваднікі варожай простаму народу палітыкі Рыма. Вернікі уніяцкай канфесіі лічаць Кунцэвіча пакутнікам за веру.
   Бясспрэчна, што вобраз Кунцэвіча ў п'есе "Званы Віцебска" быў пазбаўлены арэолу святасці. Аднак нельга сцвярджаць, што драматург прытрымліваўся толькі афіцыйнай версіі гісторыкаў і вывеў Кунцэвіча як цалкам адмоўнага персанажа. Пісьменнік знайшоў фарбы, каб паказаць і жорсткую волю, і сумненні, і яго балючыя перажыванні. Вобраз атрымаўся супярэчлівы, скрозь драматызаваны, як і павінна быць, калі аўтар пераасэнсоўвае мінуўшчыну. Асабістая драма Кунцэвіча - гэта драма яго ідэі, пераканання, што "чыя ўлада, тая і вера", што ўладары маюць права вырашаць лёс народа, не пытаючыся яго згоды.
   Не менш складаны, не пазбаўлены ўнутранай супярэчнасці і той "персанаж", што проціпастаўлены вобразу Кунцэвіча, - просты люд, які віруе на вуліцах старажытнага Віцебска. На пачатку п'есы гэта - нізы горада, шматгалосая людская стыхія, у якой часам мільгаюць абліччы прамоўцы, юродзівага, святара або блазна, але яны адразу знікаюць ў натоўпе. Вобраз грамады асацыіруецца з меркаваннямі вядомага філосафа Міхаіла Бахціна пра жывое "народнае цела", "карнавалізаваную" грамаду. Уладзімір Караткевіч па-майстэрску выбудоўвае масавыя сцэны, праз дыялог, які ўвогуле датычыцца важных, усеагульных пытанняў, але ў якім знаходзіцца месца і народнаму смеху, жарту, моцнаму слоўцу:
   "П а л а ч а н і н. Яны яшчэ раз хочуць свой каляндар рымскі ўвесці. Каб было на дзесяць дзён наперад ад нашага. Дзесяць дзён жыцця кожнага з нас украсці. Каб перад Богам не ведалі, як сказаць, што мы ў іх рабілі. Забылі, як мы, палачане, ужо хрысцілі іх за гэтыя дзесяць дзён доўбнямі.
   Н а в у м В о ў к. Кіньце вы пра калдуны ды календары. Справу кажыце.
   М а м к а (выйшаўшы з шалаша). А ў храме, а пане мой божа. Я пабыла на Прачыстую, то закаялася. Пань і паннаў голкамі колюць і за паню з падкручаннем шчыкаюць.
   І л я. Ну, гэта табе не вялікая бяда.
   М а м к а. Змоўч, поп, нахабная твая пыса. Хто, як не брат твой, у Заручаўі, напіўшыся, вакол Уваскрасенскай царквы на казле са спяваннем сто другога псалма ездзіў?! Вось за такіх і зваліўся на нас Ізахват".
   У выказваннях людзей з натоўпу нямала бязладнага, ірацыянальнага; іх бунт цяжка назваць усвядомленым. Дзейнічае стыхійны пратэст вольнай па свайму духу грамады супраць прымусу, гвалту.
   Канфлікт твора не засяроджваецца вакол рэлігійных пытанняў. У. Караткевіч не імкнуўся падкрэсліваць перавагу адной веры над іншай. Закранаюцца перадусім сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя моманты жыцця народы, нацыі. У п'есе паспешлівыя, неабачлівыя дзеянні канцлера Сапегі (да якога драматург у цэлым ставіцца не без сімпатыі), Іасафата Кунцэвіча ды іншых адэптаў уніі абарочваюцца для віцябчан стратамі ў сацыяльных правах, традыцыях, культуры, прыніжэннем чалавечай і нацыянальнай годнасці. Вось біскупская гвардыя разганяе натоўп, што прыйшоў да храма з каласкамі і гронкамі арабіны ў руках. Вось служкі арцыбіскупа спрабуюць падпаліць царкву. Праціўнікаў уніі збіваюць, здзекуюцца з іх. Зачапілі нават нябожчыкаў - іх загадана выносіць з горада задняй брамаю, разам са смеццем.
   Гвалт спараджае гвалт, зло спараджае зло - вось адна з галоўных маральных высноў твора.
   У масавых сцэнах падкрэсліваецца бязладдзе, што апанавала горад. Неўсвядомлены пратэст перарастае ў адкрыты бунт гарадскога натоўпу. У гэтай агрэсіўнай і напачатку бязладнай чалавечай масе пачынаюць, аднак, спакваля вымалёўвацца чалавечыя характары. Поруч з істотнай беларускай якасцю -вялікай (але не бясконцай) цярплівасцю праглядаецца іншая рыса: абвостранае пачуццё справядлівасці. Бунт перарастае ў змаганне - са зброяй у руках. Гучыць удар ратушнага звона...
   Уладзімір Караткевіч вылучыў вобразы асобных паўстанцаў: Сцяпана Пасіёры, Марцыяна Ропата, Вольхі, Багусі, Ілі... Яны выглядаюць больш як прадстаўнікі натоўпу, чым самастойныя, надзеленыя яркай індывідуальнасцю асобы.
   Пошук нацыянальнага характару ў драматычных творах У. Караткевіча меў працяг.
   Рэха віцебскіх званоў стагоддзем пазней адзавецца крывавымі падзеямі ў Крычаўскім старостве - менавіта так успрымаецца кампазіцыйная сувязь паміж п'есамі "Званы Віцебска" і "Маці ўрагану", экспазіцыя якой таксама ўяўляе сабой крызісную сітуацыю, што можна параўнаць са сціснутай да апошняй мяжы спружынай.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!