Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Караткевіч - У снягах драмае вясна

Кнопка отправить на печать

   Уласны вопыт і вопыт свайго пакалення ўвасобіў Уладзімір Караткевіч у аповесці "У снягах драмае вясна". Узнікла аповесць на хвалі грамадскіх перамен, якія адбыліся пасля выкрыцця культу асобы Сталіна. Асноўныя яе падзеі адбываюцца ў 1952 годзе. На самым пачатку аўтар піша, што "пачалося гэта ў канцы лютага тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят другога года ў вялікім горадзе, дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала гарластая і хударлявая, дасціпная і яхідная парода людзей, якіх завуць студэнтамі".
   Аповесць "У снягах драмае вясна" — твор аўтабіяграфічны. I хоць не названы горад, у якім адбываецца дзеянне, але гэта, безумоўна, Кіеў. Многія персанажы мелі сваіх прататыпаў. Напрыклад, у Яне Паважным, аднакурсніку і сябру Караткевіча, пазнаецца Фларыян Няўважны, вядомы польскі перакладчык і даследчык украінскай і беларускай літаратур. Мелі сваіх прататыпаў таксама іншыя героі твора.
   Шмат узяў ад пісьменніка і галоўны герой Уладзіслаў Берасневіч. Заўважаецца падабенства іх імёнаў і прозвішчаў. Берасневічу, як і аўтару, у 1952 годзе было 22 гады. Ён таксама не хадзіў на нецікавыя лекцыі, а замест гэтага працаваў у бібліятэках. Не ведаў, кім ён будзе, навукоўцам ці паэтам. Рыхтаваўся да паступлення ў аспірантуру, але ў выніку сфабрыкаванай дэмагогамі і кар'ерыстамі справы паехаў настаўнічаць у вёску Вавуліцкі Млын. Караткевіча пры падобных абставінах таксама не прынялі ў аспірантуру, і ён пасля заканчэння універсітэта працаваў у Лесавічах каля Тарашчы.
   Ёсць і біяграфічныя адрозненні паміж аўтарам і галоўным героем. Берасневіч, напрыклад, у гады вайны быў партызанскім сувязным, а потым на камсамольскай рабоце ў Заходняй Беларусі. Ёсць іншыя адрозненні. Аднак галоўным з'яўляецца іх духоўная блізкасць. Як і Караткевіч, Берасневіч усебакова адораная, высакародная і дзейсная натура. Ён ведае сусветную культуру і фальклор. У яго свае ацэнкі творчасці Дастаеўскага, Гамсуна, Ніцшэ. Лічыць, што марксізм не застылая догма. Маральны максімаліст і сумленны чалавек, ён многае не прымае ў тагачаснай рэчаіснасці. Адмоўна ставіцца да таго, што ў аспірантуру бяруць у большасці выпадкаў не па прынцыпу таленавітасці, а зусім па іншых прынцыпах. Яму не падабаецца стаўленне дзяржавы да некаторых народаў і пэўных грамадскіх з'яў. Берасневіч не прымае палажэнняў артыкула аднаго аўтара, дзе сцвярджаецца, што "абуджэнне самасвядомасці Італіі пры Гарыбальдзі або Русі пры Пушкіне — станоўчая з'ява, а абуджэнне самасвядомасці Лабановіча — толькі што "не хавае ў сабе асаблівай небяспекі". Герой думае пра нараджэнне ў асобным чалавеку і ў народзе гэтай самасвядомасці.
   Берасневіча, у якога было "стыхійнае разуменне прыгожага, неабходнага і лішняга ў карціне", засмучае, што няма славутага на ўвесь свет беларускага мастацтва. Кажа, што калі б ён быў мастаком, то маляваў бы сваё, роднае так, каб слёзы на вочы наварочваліся. "I яшчэ, — сцвярджае герой, — намаляваў бы паляну, а на ёй папараць. I ўсю гэту папараць сонца святлом заліло, стаіць яна светла-зялёная. А ў папараці на конях б'юцца Ян Прыгожы і Балотны Уладар. За спіною ва Уладара — дрыгва, за спіною Яна — родныя лясы. I Ян — гэта народ".
   Акрылены шчырым каханнем, ён думае зрабіць шмат карыснага ў жыцці. Берасневіч вядзе актыўныя духоўныя пошукі. Прыгажосць і значнасць яго асобы раскрываецца ў каханні, вучобе, працы, адносінах з людзьмі. Ён выступае як рамантык, летуценнік, які марыць пра ідэальнае і прыгожае жыццё ў будучым, калі на Венеры будзе знішчаны вуглякіслы газ, стане цёпла, і там можна будзе праводзіць першую сусветную нараду камуністычных паэтаў. I адначасова гэта рэаліст, які можа даць канкрэтныя практычныя парады пры пабудове стадыёна ці шмат зрабіць для абнаўлення побыту ў Вавуліцкім Млыне.
   У пасляслоўі да першага кніжнага выдання твора Адам Мальдзіс слушна зазначыў: "У аповесць укладзены значны змест. Гэта мужная і шчырая споведзь юнака, што сумленна ўваходзіць у сапраўднае жыццё. I напісаны твор вопытнай спрактыкаванай рукой". Сапраўды, жывымі ўяўляюцца вобразы, праўдзіва абмаляваны адносіны паміж людзьмі, дакладна перададзена ў творы тагачасная грамадская атмасфера. Берасневіч моцна і пяшчотна кахае Алёнку, здзяйсняе сапраўдны подзвіг, калі ратуе Сяляўку.
   Ён творчая, інтэлектуальна і духоўна багатая натура. Таму і не прымае лекцыі дагматыка Холадава. У выніку наспявае канфлікт. Любімы выкладчык студэнтаў Маркевіч перасцерагае Берасневіча, хоча, каб той трошкі ўтаймаваў свой халерычны тэмперамент, бо можа здарыцца бяда.    I яму, "чалавеку легкадумнаму і, па маладосці год, трошкі самаўпэўненаму", даверліваму і душэўна чыстаму, не ўдалося пазбегнуць канфлікту з той сістэмай і з тымі парадкамі, яркім увасабленнем якіх з'яўляецца дэмагог і кар'ерыст Маркіч.
   Ужо на самым пачатку Берасневіч інтуітыўна не прымае Маркіча, камсамольскага сакратара курса, маральна супрацьлеглага яму чалавека, які хоць і "гаварыў заўсёды правільныя словы — нейкай мяртвячынай аддавалі яны ў яго". Праўда, душэўная дабрыня героя стрымлівала яго ад рэзкай і адмоўнай ацэнкі гэтай постаці. Так, у размове з сябрам, які асуджае Маркіча, Берасневіч кажа: "Ён не такі ўжо благі хлопец. Можа, я, праўда, яго не ведаю? Я яму таксама не вельмі давяраю, антыпатычны ён мне".
   Маркіч — небяспечнае і заканамернае параджэнне несправядлівага грамадскага ладу. На сходзе ён беспадстаўна абвінавачвае Берасневіча, патрабуе выключыць таго з камсамола і універсітэта. Берасневіч і ў гэты крытычны момант, каб зменшыць незаслужанае пакаранне, не пайшоў на кампраміс, не пакаяўся. Наадварот, ён мужна і смела бароніць свае прынцыпы і ўласную чалавечую годнасць: "I вы ведаеце мяне, вы ведаеце, я не зрабіў ніводнага ўчынку, які можна было б назваць варожым учынкам, учынкам чалавека, які ненавідзіць нашу рэчаіснасць. Маё жыццё чыстае перад камсамолам, перад дзяржавай. Калі я думаю, што ў нас ёсць цемрашалы, якія імкнуцца парушыць еднасць нашых народаў, — я кажу гэта проста ў вочы, і гэта не азначае, што я лічу цемрашаламі ўсіх. Калі я люблю сваю радзіму — гэта яшчэ не нацыяналізм".
   Берасневіч адкрыта выступіў супраць маркічаўшчыны, сваімі паводзінамі і словамі нібы разбудзіў ад летаргічнага сну Маляўку, знайшоў падтрымку ў сваіх сяброў, іншых удзельнікаў сходу. На жаль, вымушаны быў пакінуць універсітэт, адмовіцца ад аспірантуры. Перастала з ім сустракацца Алёнка.
   Аднак няўмольнай была хада гісторыі. Скончылася і сталінская "зіма". Сваімі словамі і ўчынкамі герой набліжаў вясну грамадскага абнаўлення. У эпілогу Караткевіч піша: "Чатыры гады мінула, адбыліся вялізныя змены ў дзяржаве, і з кожнай зменай Берасневіч адчуваў, што гэта яго думка, што робіцца яго справа і сама дзяржава робіцца ўсё больш і больш роднай яму, без ранейшых непаразуменняў. I маркічаў ставала ўсё менш, бо новае патрабавала, каб кіраўнік проста працаваў і займаўся гаспадаркай, а не мянціў языком на зборах. Стала спакайней на сэрцы". Берасневіч сустракаецца з Алёнкай, каб ужо больш ніколі яе не страціць.
   Уладзімір Караткевіч стварыў цікавы твор пра студэнцкае жыццё пачатку 50-х гадоў. Праўда, псіхалагічна непераканаўчымі выглядаюць асобныя ўчынкі герояў, часам павярхоўна раскрываюцца характары, аднабакова вырашаецца канфлікт. Тым не менш твор захапляе і ўражвае трапнасцю і багаццем дэталяў, дасканаласцю мовы, тонкасцю і глыбінёй у раскрыцці душэўных перажыванняў герояў, у адлюстраванні студэнцкага асяроддзя, у перадачы духу і каларыту таго часу.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!