Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Караткевіч - Гэта было 10-га сакавіка 1864 года…

Кнопка отправить на печать

Да 100-годдзя з дня смерці Кастуся Каліноўскага

 
   Спатрэбілася дзве роты салдат, каб схапіць аднаго чалавека. Была цёмная і снежная ноч 29 студзеня 1864 года. Салдаты абкружылі квартал Святаянскіх муроў і распачалі планамерны вобыск.
   Чалавек жыў адзін. Аб яго месцазнаходжанні ведалі два-тры бліжэйшыя сябры. Каб не здрада – яго нельга было б знайсці. Ён лічыў за лепшае рызыкаваць толькі сваёй галавой. Калі ўжо здарыцца бяда – хай з яго смерцю перарвуцца галоўныя ніці падпольных тайн. Але ў горшае ён не верыў. Сам шчыры, просты і адданы справе паўстання, ён верыў у нязломную цвёрдасць людзей, якія рабілі з ім адну справу.
   Дзве роты салдат і адзін чалавек. Салдаты абкружалі Святаянскія муры ў Вільні. Пачаўся пошук чалавека, які кіраваў адсюль паўстаннем у Беларусі і Літве, не даючы згаснуць полымю. Ратаваў самае каштоўнае – сяброў, братоў, людзей. Дамагаўся, каб вясною паўстанне выбухнула зноў…
   Чалавек ішоў сходкамі насустрач салдатам, несучы свечку ў руцэ. Так яны і сутыкнуліся. Адзін нёс святло. Другія выраслі са змроку.
   – Як ваша прозвішча?
   – Вітажэнец, – спакойна адказаў малады чалавек.
   Яго схапілі за рукі. Агеньчык скаціўся па каменных прыступках. Згаснуў.
   Уласна кажучы, гэта быў канец. Бо ні на допытах, ні на судзе чалавек не зрабіў нічога, каб палегчыць сваю долю. Чалавека павесілі на Лукішскай плошчы ў Вільні.
   Яго звалі Кастусём Каліноўскім, і за тыдзень да страшнай ночы 29 студзеня яму мінуў дваццаць шосты год. За такі час большасць людзей паспявае зрабіць мала. А гэты паспеў стварыць вольную беларускую прэсу, пасеяць насенне народнага гневу, узрасціць яго і зжаць пасеў. Спачатку ён кіраваў паўстанцамі Гродзеншчыны, а потым усклаў на свае юныя плечы паўстанне ўсёй Беларусі і Літвы. І калі белае панства здрадзіла і пакінула ўзброены народ, Каліноўскі ўзначаліў яго і неймавернай сілай волі трымаў гэты цяжар пяць месяцаў.
   Што гэта азначала, можна ўявіць хоць бы з таго, што супраць паўстанцаў Беларусі і Літвы царызм кінуў 120 тысяч багнэтаў і шабель пры належнай колькасці артылерыі. На аднаго паўстанца было пяць салдат. І гэты адзін быў дрэнна ўзброены, а ў пяцёх была вывучка, гарматы.
   І, аднак, людзі змагаліся, а Кастусь ствараў сетку арганізацый і атрадаў. Нават у апошнія дні. І гэтыя яго трагічныя апошнія часіны, гэтая тытанічная праца, гэтая мужная ўпэўненасць у тым, што яшчэ не скончана барацьба, гэтая гатоўнасць біцца да канца, гэтая невычэрпная любоў да волі, да радзімы, да дэмакратыі, – робяць асобу Каліноўскага самай трагічнай і велічнай у гісторыі Беларусі, яе нацыянальным героем.
   Вось ён, студэнт, люта спрачаецца з «белымі» за волю і зямлю для народа. І мы на яго баку. Вось ён ідзе на чале мужных атрадаў: за поясам чамаркі два пісталеты, на чамарку накінута белая сялянская світка, а побач трапеча баявы сцяг. І мы захапляемся ім. Вось ён сядзіць з пяром над пробнымі водціскамі «Мужыцкай праўды». А мы сочым за ходам яго думак і згаджаемся з імі.
   І мы адчуваем фізічны боль, калі ўяўляем яго на эшафоце, з мураўёўскай пятлёй на шыі, калі чуем яго апошнія словы.
   Каб ніхто больш не асмельваўся называць рабом простага чалавека і крыўдзіць яго, каб адны не елі «пушны» хлеб, а другія не жэрлі, як не ў сябе, і не подлічалі, каб родная зямля між Дняпром і Бугам (а потым і ўсе землі на свеце) сталі радзімай волі і дэмакратыі, – ён, гэты малады чалавек, змагаўся словам, пяром і зброяй.
   Каб не плакалі з голаду дзеці, каб не было прыгону і гвалту, каб квітнела вольнае слова, каб не было няроўнасці, каб не сівелі ў роспачы жанчыны, каб мужчыны не лаяліся бяссільна і не паміралі з думкай, што ў іх жыцці не было жыцця, – ён аддаў сваё жыццё. Бо ведаў: неацэнны дар – жыццё – нельга абражаць рабствам, голадам, цемрай, нацыянальным уціскам, смяротнымі пакараннямі.
   «З-пад шыбеніцы» ён напісаў свой славуты верш, звернуты да зямлі, якая нарадзіла яго і выхавала, дала яму песні і родную мову і вочы, што бачылі ўсю нізасць і веліч свету, і сэрца, што беспамылкова адрознівае дабро ад зла.
   …Калі яго вялі на пакаранне, ён, як усе «чырвоныя», трымаў кулак левай рукі на тым месцы, дзе білася сэрца. Стары ўмоўны знак змоўшчыкаў.
   – Люблю Беларусь!
   Грымелі барабаны. І пад гэты пошчак была зроблена адна з самых чорных спраў, якія ведала беларуская гісторыя.
   Гэта было 10 сакавіка 1864 года ў дзесяць гадзін трыццаць хвілін раніцы.


Крыніца: Караткевіч У. Збор твораў: У 8т. Т.8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. – Мн.: Маст. Літ., 1991. – 495 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!