Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Грамадзянская і медытатыўная лірыка Ніла Гілевіча

Кнопка отправить на печать

   Цэнтральнае месца ў творчасці Ніла Гілевіча займае грамадзянская лірыка. Верш "Родная мова" — адзін з першых твораў маладога паэта — быў напісаны ў 1947 годзе. Гэта своеасаблівы лірычны маналог, прызнанне ў шчырай любові да роднага слова. Ніл Гілевіч ужывае традыцыйныя для айчыннай літаратуры вобразы, згадвае знакавыя постаці Янкі Купалы, Максіма Багдановіча:

 

Я па літарах родных вучыўся чытаць,
І буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: "Беларусь, мая Маці-краіна!"


   Так усклікае лірычны герой, прыводзячы радкі з багдановічаўскай "Пагоні", і дае пафасную клятву не дазволіць ворагу "з чужога далёкага краю Адабраць у мяне, знішчыць родную мову маю". Характэрна, што мова асацыіруецца ў яго са свабодай і незалежнасцю. Трыбунныя, заклікавыя інтанацыі, якія прагучалі ў гэтым творы, стануць пазней візітнай карткай паэзіі Ніла Гілевіча.
   Верш "Зямля бацькоў, Лагойшчына мая..." таксама падкрэслівае стылёвую адметнасць яго паэтычнага таленту. Гэтаму твору характэрныя публіцыстычная ўзнёсласць і высокае грамадзянскае гучанне:

 

Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,
Край неўміручай партызанскай славы!
На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я
Тваіх кастроў і боек дым гаркавы.

Мяне б і зараз памяць прывяла
Да той зямлянкі на пясчанай выспе,
Дзе вера светлая са мной жыла,
Дзе не па ўзросту гнеў у сэрцы выспеў.


   Лірычны герой смуткуе па сябрах, якіх грозны час не збярог для будучага жыцця. У вершы гучыць пафаснае непрыняцце ўсялякага зла, найперш таго, якое несла фашысцкая навала. Паводле фальклорнай беларускай традыцыі паэт адухаўляе прыроду. Але яна, як і свет людзей, падзелена на цёмныя і светлыя сілы. "Сцяжынкі топкія ў дзічы дрыгвістай", дзе карані дрэў "паўзуць вужамі ў мох", небяспечныя не толькі для ворагаў, яны нясуць пагібель усім. Топкай дрыгве, спрадвечнаму сімвалу смерці і небяспекі, супрацьстаіць апаэтызаваны фальклорам вобраз "сырой зямлі", да якой можна прыпасці "як да матулі роднай" і дзе кожны куст здольны схаваць ад злога вока таго, хто тут нарадзіўся.
   Цалкам іншага плана верш "Прывітальнае", хоць і ў ім адчуваюцца характэрныя для Ніла Гілевіча пафасна-заклікавыя ноты:

 

Спявайце юныя паэты!
Спяліце ў бурах пачуцця
Неўтаймаваны боль планеты,
Непераможны крык жыцця!


   Бадзёра-аптымістычны тон верша, яго змест і адрасная скіраванасць да маладых творцаў вытрыманы ў рэчышчы сусветнай літаратурнай традыцыі. (Можна прыгадаць славутую "Оду да маладосці" Адама Міцкевіча з заклікам вывесці зямлю на новую арбіту; "Арлянятам" Янкі Купалы, што ўзвеюць сваім крыллем "над мінуўшчынай хаўтурнай" і інш.). Пераклічка з купалаўскай творчасцю асабліва адчувальная і ў тэматычным плане. Заклікаючы юных паэтаў спяваць "на мове любай ім зямлі" (гэта значыць па-беларуску), бо толькі ў такім выпадку "не быць Радзіме безыменнай" (не страціць сваю нацыянальную тоеснасць), Ніл Гілевіч апелюе да чытацкай памяці і дасведчанасці, узнаўляючы вобразнасць і пафас купалаўскіх публіцыстычных твораў 20-х гадоў мінулага стагоддзя.
   Зварот да класічных традыцый у паэзіі Ніла Гілевіча заўважны не толькі ў тэматычным плане, выкарыстоўвае паэт і творчыя набыткі папярэднікаў у галіне формы. Так, ён, можна сказаць, рэанімуе ў сучаснай паэзіі актаву — васьмірадковую форму верша, выдаўшы аднайменны зборнік. Разам з тым Ніл Гілевіч — нястомны наватар і эксперыментатар у галіне формы. У яго творах апошніх гадоў плённа суіснуюць народны гумар і песенныя інтанацыі беларускага фальклору, адкрытая публіцыстычнасць і медытатыўная роздумнасць.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!