Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Карусь Каганец - Скрыпач і ваўкі

    Быў у нас на сяле скрыпач Ахрэм. Ён быў так сабе, просты гаспадар. Яшчэ змалку навучыўся ён на скрыпцы граць, і такі не быля як іграў. А людзям таго і трэба. Вось прыйшла восень, пачаліся вяселлі,— вота ж і клічуць Ахрэма то туды, то сюды іграць на вяселлях. I людзям весялей і чалавеку заработак.
    Вота ж аднаго разу паклікалі яго ў другую слабаду іграці,— так вёрст за сем ад нашае. Вядомае дзела, вяселле скора не робіцца. Прыйшлося Ахрэму вяртацца адтуль позна ўночы. Іці трэба было лесам. Праз лес ішла ездавая дарога, каторую трэба было абмінаць, бо сцежкаю было бліжэй, як тою дарогаю. Ахрэм і думае: "Пайду проста сцежкаю — усё ж бліжэй будзе". Дый пайшоў.
    Ноч была і так цёмная, а то яшчэ ў лесе. Ішоў ён, ішоў ды неяк заблукаўся ды разам як праваліцца, як шубоўтне кудысь пад зямлю! Упаў і не так пабіўся, як налякаўся. Што яно такое?
   Падумаўшы — дагадаўся: у лесе было шмат ваўкоў і шкоды было ад іх нямала, дык іх стралялі і лавілі. А лавілі іх так: выкапаюць яму глыбокую, дзе воўчых слядоў найболей, а яму прыкрыюць тонкім галлём і травою прытрусяць, каб не відаць было; за ямаю яшчэ часам і прынаду паложаць.    Як воўк прынаду счуе і пабяжыць да яе, дык у яму і праваліцца. Вота ж у такую яму патрапіў і Ахрэм.
   Як дагадаўся Ахрэм, дык трохі ад сэрца й адлягло. Калі чуе — у яме штось як завые! Ахрэм так і пахаладзеў. Глянуў — аж напроціў яго як бы дзве свечачкі гараць. Ахрэм ведаў, што ў воўка поцемку вочы свецяцца, і што гэта ваўчок папаўся ў яму і сядзіць. "О, гэта добры таварыш,— думае Ахрэм,— а ў мяне і паганага пакалка няма, адно скрыпка!" Што яму тутака рабіць? Вылезці з ямы поцемку нельга ды і повідну не вельмі-то, бо яма глыбокая, а яшчэ пачні вылазіць, дык воўк цябе ззаду. Не, трэба, кажа, сядзець ціха.
   Залез Ахрэм у куток, а воўк у другім. I думае Ахрэм: "Гэта ён цяпер спалохаўся, дык не чапае, а як ачухаецца, то з костачкамі з'есць мяне". I, сапраўды, крыху пачакаўшы, воўк пачаў ужо варушыцца, няйначай бліжэй падступаць. "Пагана,— думае Ахрэм,— нічога тут не зробіш! А ну, хіба па скрыпцы зайграю". Узяў, прылажыў скрыпку ды як разане смычком па струнах, а скрыпка як загалосіць, а воўк як адскоча! "О,— думае Ахрэм: — гэта добра!" Дый давай іграці ды яшчэ вясёлае, да танцаў. Воўку, мабыць, спадабалася,— пачаў ён пад музыку выць. Скрыпач грае, а воўк вые. Калі чуе Ахрэм, ажно з лесу яшчэ воўчыя галасы адазваліся. "Вось,—думае Ахрэм,— папрыбягаюць!" Але іграць не кідае, усё грае. I такая ў іх музыка: Ахрэм грае, воўк у яме вые, а другія ваўкі з лесу сабе голас падаюць. Такое выццё ўчыпілі!
   Ахрэм усё іграе. Ніколі яшчэ ён так шчыра не іграў, як цяпер, бо думаў, што як кіпе іграць, то воўк зараз да яго ды з'есць. Калі гэта адна струна — дзын! — дый парвалася. Няма чаго рабіць,— трэба іграць на трох. Калі і другая — дзын! — і тая парвалася. Бачыць Ахрэм, што ліха: пачаў не так ужо моцна іграць. Але як на тое ліха, яшчэ і з дзесятак разоў смычком не пацягнуў, як і трэцяя струна лопнула. Цяпер засталася адна. Бедны Ахрэм думае: "Вось, вось зараз і гэта лопне,— з'есць тагды мяне ваўчуга?!" Іграе, гаротны, на той аднэй струне, а сам па неба пазірае: ці не світае часам? Ды моліцца: "Госпадзі! Пашлі хутчэй свет. Можа хто недалёчка іціме ды пачуе".
   I хто яго там ведае, што б было, але сапраўды стала на свет займацца, і так давялося, што з нашае такі ж бо слабады стралец засядаў у лесе на звера ды блізка праходзіў і пачуў, што скрыпка грае, а воўк вые. Ён пайшоў паглядзець, што яно за дзіва такое. Патрапіў на тое мейсца, дзе была яма, падходзіць і чуе, што няйначай у зямлі іграе. А Ахрэм гэтаксама чуе, што хтось ідзе, дый думае: "Вось яшчэ ваўкі бягуць,— тут ужо мне канец".    Калі чуе, аж хтось гукае: "А хто тутака грае?" Ахрэм іграць кінуў ды як закрычыць:
   — Я, я іграю!
   — Ды хто?
   — Ахрэм-скрыпач.
   — Ды дзе ж бо ты граеш?
   — У воўчай яме, уваліўся.
   — Дык навошта ж ты граеш?
   — Воўка забаўляю.
   Падышоў стралец бліжэй, глянуў — і праўда: у адным кутку Ахрэм, а ў другім воўк. Зараз стралец спусціў Ахрэму дручка і выцягнуў яго, а тагды ўжо воўка забіў.
   З таго часу больш ужо Ахрэм ніколі поначы сцежкаю нацянькі не хадзіў, бо казаў, што не хоча болей на воўчым вяселлі іграць.

Похожие статьи:

Карусь КаганецКарусь Каганец - Старажовы курган

Карусь КаганецКарусь Каганец - Парада

БиографииКарусь Каганец

Карусь КаганецКарусь Каганец - Модны шляхцюк

Карусь КаганецКарусь Каганец - Прылукі