Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Карусь Каганец

 (1868—1918)


   Празаік, паэт, драматург, мастак, грамадскі дзеяч Карусь Каганец (сапраўднае імя Казімір Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі) нарадзіўся ў г. Табольску. Паходзіў са старадаўняга беларускага шляхецкага роду, даводзіўся сваяком Міхалу Апалінару Кастравіцкаму, дзеду французскага паэта Гіёма Апалінэра. Бацька пісьменніка Карл Самуілавіч Кастравіцкі валодаў невялікім маёнткам Навасёлкі на Койданаўшчыне, меў агранамічную адукацыю, любіў музыку. Маці, Юлія, паходзіла з вядомага на Беларусі шляхецкага роду Свентарэцкіх, скончыла інстытут у Вільні. За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг. бацьку (быў членам-рэферэнтам паўстанцкай арганізацыі на Міншчыне) саслалі ў Табольск, а маёнтак канфіскавалі. У Табольску з ім жыла і сям’я, тут і нарадзіўся будучы пісьменнік. У 1870 г. сям’і Кастравіцкіх дазволена было перасяліцца ў Казанскую губерню, а ў 1872 г. — вярнуцца на радзіму. Пасля вяртання жылі ў вёсцы Засулле (цяпер Стаўбцоўскі раён), а з 1880 г. — у вёсцы Юцкі каля Койданава.
   Пачатковую адукацыю Каганец атрымаў дома, пасля вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы. Імкнучыся авалодаць жывапісным і скульптурным майстэрствам, у 1890 гг. паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1899 г. Каганец ажаніўся і асеў на сталае жыхарства ва ўрочышчы Ліссі Норы (Прымагілле). Каб утрымаць сям’ю, у якой было чацвёра дзяцей, ён вымушаны быў шукаць дадатковы заробак — працаваў у чайнай у Мінску, у мастацкай майстэрні ў Рызе, Мінскім таварыстве дабрачыннасці, потым служыў дзясятнікам у Лідзе на будаўніцтве чыгункі Балагое-Седльцы.
   Каганец — актыўны ўдзельнік і ідэолаг нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай грамады і Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1904 і 1905 гг. без выніку звяртаўся ў Галоўнае ўпраўленне па справах друку аб выданні ў Мінску беларускай газеты «Палессе» (рэдактарам меўся быць Д. Бохан). Актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях 1905-1907 гг. За агітацыю сярод сялян Койданаўшчыны 19 снежня 1905 г. быў арыштаваны і да 16 мая 1906 г. зняволены ў мінскую турму. Выпушчаны з турмы да суда, жыў выпадковымі заробкамі. Вясной 1910 г. Віленская судовая палата на пасяджэнні ў Мінску прыгаварыла Каганца да года зняволення ў мінскай турме. За турэмнымі сценамі многа пісаў, маляваў, зрабіў ілюстрацыі да твораў Якуба Коласа, які знаходзіўся там жа (малюнкі не захаваліся). Пасля выхаду на волю доўга не мог знайсці работы. Толькі ў пачатку 1912 г. удалося атрымаць пасаду аканома ў фальварку Жортай (цяпер Барысаўскі раён) у пана Копаця, дзе працаваў да вясны 1918 г. Старшынстваваў на з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый (Мінск, 25-27 сакавіка 1917 г.). Абвастрэнне даўняй хваробы — сухотаў — вымусіла пераехаць да брата ў Прымагілле, дзе і памёр. Пахаваны ў вёсцы Навасёлкі каля Койданава (Дзяржынск).
   Літаратурную дзейнасць Каганец пачаў у канцы XIX ст. Самыя раннія з яго твораў, што дайшлі да нас, датуюцца 1893 г. Артыкулы, апрацоўкі народных легенд друкаваў у газетах «Минский листок» і «Северо-Западный край», потым супрацоўнічаў з «Нашай Нівай». Пры жыцці асобным выданнем выйшлі «Беларускі лемантар» (1906) і вадэвіль «Модны шляхцюк» (1910). Яго творчая спадчына жанрава разнастайная: проза, паэзія, драматургія, публіцыстыка. Большасць яго апавяданняў маюць легендарны каларыт, асаблівую рытмічна-сказавую стылёвую манеру. У іх аснове ляжаць мясцовыя легенды, народныя паданні. Адштурхоўваючыся ад фальклорнай асновы, Каганец ярка і дынамічна перадае сюжэт, напаўняе творы трапнымі мастацкімі дэталямі. Заўважаецца моцны ўплыў гутарковай мовы. Ёсць у пісьменніка апавяданні, напісаныя на сучасным яму матэрыяле, якія вызначаюцца рэалістычнасцю малюнкаў з побыту плытнікаў і леснікоў, завостранасцю матываў сацыяльнай няроўнасці. Пісаў навукова-папулярныя нарысы для дзяцей, якія ўвайшлі ў школьную чытанку. У публіцыстычных артыкулах творцам ставяцца праблемы беларускага нацыянальнага адраджэння, пытанні культуры, мовы.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!