Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Карусь Каганец - Прылукі

   Не летась, не залетась, а калісь у старыну, як мы самі сабою яшчэ жылі, тое, што казаціму, было.
   У адным месцы абапал Птыча-рэкі высяцца дзве горкі дужа красныя, а пасярод ракі востраў ляжыць. На той гарэ, што па правым беразе, стаяў двор знатнага баярына, іменем Яраслаў.
   Дый красен жа той двор быў, увесь у садах, будынкі ўсе спраўныя былі, а ўвакруг тынам белым абведзены; ад двара дый да шляху былі прысады ліповыя.
   Быў дзень ясны, харошы, ведама, як у пачатку лета бывае, калі яшчэ лукі зіхацяць кветкамі, птушкі заліваюцца рознымі галасамі, рыба ў рэчцы раз у раз плюхае, разганяючы шырока вакорыну, пчолы і ўсякія мошкі ды казяўкі цэлымі раямі завіхаюцца каля кветак. Дзе ні глянь — усюды жыццё кіпіць, а сам пазіраеш па ўсё гэта неяк радасна.
   I вот на прысадах тых, у прыятным прахалодзе, любуючыся прыродаю і самі сабою, прахаджваліся малады баярын Яраслаў са сваёю паняю, маладою жаною, краснаю Люблянаю. Ходзяць яны і цешацца, ажно дарога задуднела, і на ўзмыленым кані паявіўся ўвесь запылены княжны ганец і, сукланіўшыся баярству, павяшчае нядобрую навіну, што вораг рубеж перайшоў і дужа наш край пустошыць і што князь прыказаў усім сваім баярам на вайну, чым дужы, паспяшаць.
   Баярын рад чыну даказаць, сабе славы прыдбаць; хутка сабраў сваю дружыну і паехаў.
   Спачатку баярын слаў часта ганцоў да любай жонкі, а далей — ні ганцоў, ні самога штось не чутно стала. I затужыла вельмі красна пані Любляна — усё выходзіць на шлях ды ўдаль пазірае, ды ўсё дармо.
   Прайшло лета, настала зіма, а любага Яраслава як няма, так і няма. Прыйшла ізноў вясна. Выйшла раз красна Любляна ў капец прысад і як толькі на шлях зірнула, так дужа і зрадзела: бачыць, коціць дружына, а наперад любы вараным канём едзе. Ды нядоўга яе радасць была, бо як той пад'ехаў бліжэй, пазнала, што гэта другі.
   Той пад'ехаў, сукланіўся, а яна і думае: «Можа, ён што пра майго ведае?..» Просіць яго к сабе ў харомы спачыць трохі. Той рад, прыстае, ідзе за ёю ў святліцу. Яна, яго за стол пасадзіўшы, гукнула на слугі, сказала прынесці піва, мёду і ўсялякай стравы; стала яго частаваці і яго пытаці пра мужа любага. Той, пагадаўшы, так ёй павядае: «Не хочацца мне табе, красна пані, жалю задаваці, ды мушу... Вото ж бачыш, твой муж, а мой друг сардэчны, быў цяжка ў баі ранены і, уміраючы, кажа мне так: «Слухай, дружа! У мяне е жонка, дужа красная пані, а ты яшчэ не жанаты, так успакой мяне перад смерцю, бо мне скора канец,— пакляніся заступіці ёй маё месца!» Што ж я меў рабіць? Мусіў прысягнуць і цяпер ад прысягі адступіціся мне нельга... Так пані няхай мя выбачыць і будзе прыхільна!»
   Тая тое як учула, давай плакаць, галасіць і слухаць яго не хоча.
   Плакала яна дзень, плакала другі, а на трэці і падумала: «I чаго я гэтак плачу?.. Што я тым памагу?.. Адно лічка сваё красна папсоваю ...» — і на чацвёрты дзень гутарку з ім прыязну павяла, а на пяты — так і жартаваць сталі, а далей і пабраліся.
   Прайшло ізноў лета, прайшла зіма, а за зімою — вясна, а за вясною і лета настала. Сядзяць гэта той прыезджы баярын з краснаю Люблянаю, як галубкі ў парачцы, і сабою цешацца ды любуюцца. Ажно разам Любляна як крыкне і, хапіўшыся за сэрца, абамлела. Той — зірк: бачыць — перад ім Яраслаў стаіць...
   Хапіліся спярша за шаблі, а далей Яраслаў, адумаўшыся, кажа: «Адзін з нас павінен умерці, дык няхай бог судзіць каму. Вазьмі ты сабе лук і сагайдак з стрэламі і ідзі на гару за рэчку, а я вазьму сабе і стану на гэтай гарэ і будзем страляцца».
   Як сказаў, так і ўчынілі: выпусцілі па страле — нічога, выпусцілі па другой — нічога, а па трэцяй як выпусцілі, так абодва аж асунуліся, як два падкошаныя каласочкі.
   Тое месца з тых пор «Прылукамі» стала звацца.
   I цяпер там стаяць мураваныя харомы і ліповыя прысады, і жыве там пан дужа багаты, толькі той пан цяперашні не наш, а прыйшлы з памор'я, але дабраваты сабе.


1893 г.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!