Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Карусь Каганец - Парада

   Гэй, брацця, — сынове зямлі Палескай і ўсёй Белай Русі! Паслухайце перш, што я стары скажу. Можа мае слова і недарэчы будзе, паводлуг разумення іншых, ды затое ад шчырага сэрца. Як тагды сабе будзеце рабіць, як справіцца, каб лепш жылося беднаму чалавеку.
Зямля наша не багатая, але і не зусім бедная. Месцамі скіба ўрадлівая, а дзе горшая зямля, там лесу і сена багата. Праўда, што лясы ўжо не тыя, што калісь былі, — ужо і дзесятай долі няма, ды ўсё ж такі болей, як па другіх краёх. I зверыны і рыбы яшчэ багата. Народу яшчэ не вельмі так густа, як у другіх старонах.
   Адно бяда, што парадку няма. Наш брат — працавіты чалавек —сядзіць па вушы ў бядзе і выбрацца яму нельга, хіба якім случаем. А чаму гэта так? Чы мы не людзі? Здаецца, і рукі і ногі маема, і сэрца і галаву на карку — усё не горшае, як у другіх народаў.
   Бачыце, прайшлі тыя часы, калі мы мелі між панамі сваіх. Як толькі краем нашым заваладзела Расія, дык паны нашы, каторыя былі каталіцкае веры, перакінуліся ў ляхі, а каторыя былі праваслаўныя —тыя расійцамі менаваціся сталі, і хоць косць з косці і кроў з крыві — нашы, але пазракаліся свайго народа. Так што ўсё беларускае пайшло на здзек і на паругу. Усё нашае стала называцца хамскім, мужыцкім. А потым і сяляне сталі свайго цурацца, але ім гэта не памагло ў долі.
   Цяпер некаторыя пачулі сумленне і сталі варочацца да свайго народа, а другія — хітрыя, стараюцца адно паказацца, што яны нам спрыяюць, бо такі час настаў, што ўжо народы заварушыліся. Адны з гэтых хітрых хочуць, каб у нас была Польшча, а другія — каб была Расія, і стараюцца нас так увесці, каб мы ўвекі не патрапілі на сцежку да лепшай долі.
   Мужыкоў надзялілі зямлёю, адно каб з голаду не ўмёр, а уся зямля ў паноў ды ў казны асталася. Бо ведалі, што гэта грунт, што як даць зарабіць галоднаму чалавеку на кусок чорнага хлеба, дык той гатоў і душу палажыць. Адно толькі не меркавалі, што збан да пары ваду носіць: як вуха абарвецца, дык і збан паб'ецца; што з голаду сабака шалее, а як ашалее, дык не паглядзіць, ці ты яго калі пакарміў, ці не.
   Насталі цяпер часы крывавыя. Народу зацяжка ўжо стала, і ускінуў ён сваю буйную голаў, распрастаў спрацаваныя рукі і кажа: "Як хочаце, а я далей не іду!" А што рабіць, дык і сам не знае...
   Цяпер, я думаю, настаў канец старой Расіі, а настане вялікі саюз слабодных народаў...


1905

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!