Эпіфара (грэч. epiphora — паўтарэнне) — паўтарэнне аднолькавых гукаў, слоў ці выразаў у канцы вершаваных радкоў або строфаў.
Вось прыклад эпіфары з народнай песні:
Цялушачак гадаваць будзем,
А бычочкі прадаваць будзем,
Дзевак замуж аддаваць будзем,
А хлопчыкаў жаніць будзем.
У вершы Максіма Багдановіча «...Ціхі і сіні блішча над хатай» эпіфара праходзіць праз усе няцотныя радкі чатырохрадкоўяў, прадвызначаючы агульную кампазіцыю твора і яго рыфму:
Ціхі і сіні блішча над хатай
Неба прастор.
Ціха гайдае ліпа над хатай
Лісцяў узор.
У небе рахманы, сярэбраны голас
Звона гудзіць.
Птушкі маркотнай з дзерава голас
Сумна звініць.
У прыведзеным урыўку — прыклады радковай эпіфары. Калі ж асобныя словы ці выразы дакладна паўтараюцца ў канцы асобных строфаў, узнікае строфная эпіфара. Вось адзін з яе ўзораў:
Ты — шчасця, свабоды і дружбы вяшчуння,
Ты — светлая па-над зямлёй зараніца,
Ты — шчырага сэрца жывая крыніца,
Крыштальная руская мова!
Ты поўная фарбаў з прастораў квяцістых,
Ты поўная водсветаў, сонечных, зорных,
Сугуччаў і гукаў, жывых, непаўторных,
Цудоўная руская мова!
(Максім Танк. «Руская мова»)
У гэтым вершы эпіфара з’яўляецца і ў канцы двух наступных строфаў ( «Магутная руская мова!», «Вялікая руская мова!»). Такім чынам, строфная эпіфара удзельнічае ў архітэктанічнай будове ўсяго твора.
Рыфма з’яўляецца адным з відаў гукавой эпіфары.
Стылістычная фігура, супрацьлеглая эпіфары, — анафара.