Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анафара

   Анафара (ад грэч. anaphero — вынас уверх; паўтарэнне), або адзінапачатак, — паўтарэнне аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строфаў.
   Анафара надзвычай распаўсюджана як у фальклоры, так і ў пісьмовай літаратуры. Анафара павышае эмацыянальнасць паэтычнага выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе, аб’ядноўвае асобныя радкі.
   Да гукавой анафары можна аднесці ўжыванне ў пачатку вершаваных радкоў адных і тых жа злучнікаў (шматзлучнікавасць) або прыназоўнікаў (шматпрыназоўнікавасць):

Дайце разгону, прастору
Дрэмлючым песням і сілам —
Дрогне запор наймацнейшы,
Мы ўскалыхнем і магілай.
(Янка Купала. «Песня і сіла»)

З працы пачынаецца Купала,
З песні, што яднае ўсіх людзей,
З казак, дзе крыві і слёз хапала,
З калыханкі, сонца і надзей.
(Пімен Панчанка)


   Лексічная анафара — гэта паўтарэнне аднолькавых слоў у пачатку ўсіх або часткі вершарадоў:

 

Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля — аснова ўсёй айчыне...
(Якуб Колас. «Новая зямля»)

У Беларусі — ясныя вочы,
Многа любові ў грудзях:
Звонкае поле,
Звонкія сосны,
Звонкі і сонечны шлях.

У Беларусі
Кожны куточак,
Дзе ты не пойдзеш, пяе...
Звонкае слова,
Звонкая песня,
Звонкае сэрца яе.
(Пятрусь Броўка)


   Паўтарэнне ў пачатку радкоў аднолькавых ці аднатыпных сінтаксічных канструкцый утварае сінтаксічную анафару:

 

Ці ведаеш зямлю арлоў-людзей магутных?
Ці ведаеш ты дні віхораў і агня?
Ці ведаеш ты сказ аб волатах пакутных?
Ці ведаеш ты спеў аб вечным ззянні дня?
Ці чуў ты часам быль аб сэрцах аб мяцежных?
Ці чуў ты гімнаў кліч аб шчасці на зямлі?
Ці чуў ты гул грымот аб гордасці бязмежнай?
Ці чуў ты пра байцоў, што за цябе ляглі?
(Змітрок Бядуля)


   Прыклад арыгінальнай сінтаксічнай анафары знаходзім у Васіля Зуёнка:

 

Калі б так проста

кахалася,

Калі б так проста

раджалася,

Калі б так проста

спявалася,

Калі б так проста

ўзляталася,

Калі б так проста... —

Навошта...

Навошта б тады

і крылы,

Навошта б тады

і песня?..

Навошта б тады каханне,
Навошта б і нараджэнне,
Навошта б

жыццё?..

 

   У гэтым вершы ўжыты таксама лексічны стык, або эпанастрафа (навошта — навошта).
   Стылістычная фігура, супрацьлеглая анафары, — эпіфара.