Таўталогія ( ад грэч. tauto — тое самае і logos — слова) — паўтарэнне ў вершаваным творы блізказначных слоў або выразаў. Напрыклад:
Ці свет, ці світае,
Ці на зоры займае?
Таўталогія звяртае ўвагу чытача (слухача) твора на нейкую думку, удакладняе яе, дапамагае ўзмацніць рытмічнасць вершаванай мовы, надаць ёй большую эмацыянальнасць.
Асабліва часта таўталогія ўжываецца ў народнай паэзіі:
Свякроў нявехны жадом жадала,
Жадом жадала ды пытом пытала,
Па ўсіх варотах стражы стаўляла.
Перапёлка-ластаўка,
Дзе лета летавала?
Дзе лета летавала,
Дзе будзеш зіму зімаваці?
У пісьмовай паэзіі таўталогія ужываецца значна радзей:
Думай думкі, што чыніці
У бядзе паганай...
(Янка Купала. «Бандароўна»)
Ужытая недарэчы таўталогія можа збедніць выказванне, абясцэніць так званую «паэтычную інфармацыю». Ужыванне адных і тых жа слоў у канцы вершаваных радкоў вядзе да ўзнікнення таўталагічнай рыфмы.
Часам таўталогію называюць плеаназмам.