Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прыпеўка

   Прыпеўка — невялікі, звычайна чатырохрадковы песенны твор (гл. песня) лірычнага ці гумарыстычна-сатырычнага характару. Рыфмоўка прыпеўкі бывае розная: АбАб, АБХБ, ААББ, ааХа, аБаБ, АБАБ і г. д. Карыстаецца прыпеўка, як правіла, харэічнымі памерамі (найчасцей — чатырохстопны харэй або чаргаванне чатырохстопнага харэя з трохстопным). Зрэдку выкарыстоўвае акцэнтна-складовы верш (адна- або двухакцэнтны пяціскладовік):

Дзяўчаткі мае,
Сыраежачкі,
Пасаліў бы я вас, —
Няма дзежачкі.


   Узнікла прыпеўка ў перыяд старажытнага сінкрэтычнага мастацтва і доўгі час існавала разам з музыкай і танцам. У ХІХ ст. аддзялілася ад танца, вылучылася ў самастойны жанр.
   На аснове народных прыпевак узніклі літаратурныя, якія адасобіліся і ад музыкі. Вось дзве "Камсамольскія прыпеўкі" Кандрата Крапівы:

 

Нас не любяць, нас баяцца
Поп кудлаты і кулак,
Бо рашыў за працу ўзяцца
Камсамольскі маладняк.

Камсамолачка Дарота!
Пойдзем разам ваяваць, —
Буду біць я з кулямёта,
Ты — патроны падаваць.


   Прыклады сучасных народных прыпевак (Звязда. 2003. 20 сакавіка):

 

З веку марыў селянін,
Каб зажыць багата.
А застаўся, як і быў -
З граблямі, лапатай.

Да галечы, да бядот
Нас давёў калгас "Вперёд".
Каб жыццё пайшло ня лад,
Мо крутнуцца... І - назад?


   Аналагічныя беларускім прыпеўкам - рускія частушкі, украінскія каламыйкі, латышскія і літоўскія дайны.