Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Табе складаю шчыры свой санет, прапрадзедаў маіх жывая мова

Мова продкаў нашых і нашчадкаў –
Шэпт дубровы і пчаліны звон, –
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён.
Па чужых краях не пабірацца,
Не аддаць цябе на забыццё,
Наша невычэрпнае багацце,
Наша несмяротнае жыццё.

Г. Бураўкін


   Цудоўныя радкі з эпіграфа гавораць аб цяжкім і складаным шляху, які прайшла беларуская мова, пакуль "выйшла на волю, як кветка красы". Перыяд росквіту яе выпаў на час Рэнесансу: у Вялікім княстве Літоўскім яна выконвала функцыю дзяржаўнай мовы. На ёй выпрацоўваліся заканадаўчыя кодэксы і акты, яна гучала ў замкавых і земскіх судах, у гарадскіх магістратах і магдэбургіях, каралеўскіх канцылярыях. На беларускай мове намаганнямі Ф. Скарыны, В. Цяпінскага, С. Буднага загучалі многія кнігі Бібліі.
   Мяняецца час, і ў новых гістарычных умовах сярэдзіны ХVІІ ст. беларуская мова прыходзіць у заняпад. Сейм Рэчы Паспалітай, а пазней царскі ўрад забаранілі беларускаму народу карыстацца роднай мовай. Больш за два стагоддзі адбіралі ў беларусаў іх мову: то цалкам, то па сказе, па слове, па гуку. І рэдкім госцем пачала заходзіць у хаты матчына мова. Выгналі яе і са школ.
   У ХІХ ст. адраджаюцца многія славянскія народы і іх мовы. У гэты час фарміруецца новая беларуская літаратура, якая пракладвала сабе дарогу перш за ўсё праз паэтычныя творы Я. Чачота, А. Рыпінскага, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча. Паэты пакінулі нам не толькі ўзоры выкарыстання слова, але і сваё разуменне значэння мовы ў жыцці грамадства. Яны памагалі выжыць роднаму слову, адстойвалі яго права на існаванне. Так, у прадмове да зборніка "Дудка беларуская" Ф. Багушэвіч падкрэслівае спрадвечнасць "нашай бацькавай мовы", яна "такая ж людская і панская, як французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая". Ён заклікае шанаваць, не пакідаць нашай мовы беларускай, каб не памерці. Шкада толькі, што шлях слоў Ф. Багушэвіча да сэрцаў нашых людзей аказаўся занадта доўгім.
   Лагічны працяг думак Ф. Багушэвіча гучыць у радках паэтаў і пісьменнікаў пачатку ХХ ст. Верай і надзеяй на адраджэнне роднай мовы прасякнута творчасць Цёткі, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча. Песняры, голас і думкі якіх былі непадзельна звязаны з беларускай зямлёй, мужна адстойвалі права беларусаў на карыстанне роднай мовай. Так, Цётка ў артыкуле "Шануйце роднае слова" грунтоўна паказала ролю і месца роднай мовы ў жыцці беларускага народа. Яна сцвярджае, што мова яднае людзей, дае магчымасць зразумець адзін аднаго. Я. Купала ў вершы "Роднае слова" заклікае:

Загнанае слова, ты, роднае слова!
Грымі ж над радзімай зямлёй:
Што родная мова, хоць бедная мова,
Мілей найбагатшай чужой!

   Час адраджэння беларускай мовы быў не такі ўжо працяглы. Памылковая дзяржаўная палітыка зліцця нацый і моў прывяла да заняпаду і мовы, і культуры беларусаў. Ёй прарочылі знікненне і небыццё, замену міжнацыянальнай рускай мовай. І тут нельга не ўспомніць героя п’есы Я. Купалы "Тутэйшыя" Мікіту Зноска: "Эх, каб я быў... царом! Завёў бы я... адзін непадзельны рускі язык і жыў бы сабе тады прыпяваючы". І як адчайны пратэст супраць гэтага загучалі словы П. Панчанкі:

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.

   У канцы 80-х - пачатку 90-х ХХ стагоддзя абуджаецца гістарычная памяць беларусаў, адраджаецца іх мова, пачынаецца нацыянальнае ўваскрэсенне. У шматлікіх радках песняроў падкрэсліваецца значэнне яе ў жыцці грамадства, багацце і адметнасць, паказваецца сувязь мовы народа, культуры і гістарычнай памяці, узнімаюцца пытанні гісторыі і лёсу роднай мовы, гучаць словы ў яе абарону.
   Верш М. Танка "Родная мова", напісаны ў час Вялікай Айчыннай вайны, з’яўляецца гімнам беларускай мове. Аўтар прасочвае вытокі сілы і прыгажосці беларускага слова, якое дапамагло людзям выстаяць, не страціць веры ў заўтрашні дзень:

З легендаў і казак былых пакленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзіўная родная мова.

   Адным з найвялікшых і найдаражэйшых скарбаў чалавека лічыць родную мову Я. Крупенька:

Слова маці! Цябе перадам я сынам.
Ты – мой скарб дарагі,
Найсвятлейшая спадчына.
За цябе, калі трэба, жыццё я аддам.
Толькі песня не моўкнула б матчына.

   Мова – душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны нацыянальны скарб. Родная мова, як пісаў У. Караткевіч, – гэта "мова першай матчынай калыханкі і апошняга "бывай", мова пажаўцелых статутаў і мова кахання". Жыве мова – жыве народ, жыве памяць продкаў. Няма мовы – няма суцяшэння ў горы, няма слоў радасці. Ці доўга пражыве дрэва, калі ў яго абсякуць карані? Загіне дрэва. Якім жа стане чалавек, калі ў яго вырвуць зямлю з-пад ног, родную мову? Загіне чалавек. І сёння гонар і абавязак усіх нас – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту. Мы павінны быць не маўклівымі сведкамі часу, не суддзямі яго, а актыўнымі і дзейснымі ўдзельнікамі тых змен, якія адбываюцца ў нашай краіне.

 

Похожие статьи:

ААўтарская мова

ММова мастацкай літаратуры

ННяўласна-простая мова

ЛЛітаратурная мова

ВВершаваная мова