Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Разанаў: прага эксперыментальных пошукаў

   Алесь Разанаў – паэт-эксперыментатар, майстар арыгінальных жанраў, жанравых разнавіднасцей і форм – квантэмаў, версэтаў, вершаказаў, пункціраў, зномаў, прадстаўнік інтэлектуальнай, філасофскай паэзіі. Але пачатак творчасці быў даволі традыцыйны: паэт шанаваў спадчыну папярэднікаў як у змястоўным (культываванне тэм Радзімы, волі, ухваленне магчымасцей чалавека, пільная ўвага да мінулага, заклік бараніць родную мову), так і ў фармальным плане (захоўвалася рэалістычная вобразнасць, акцэнт рабіўся на прадметных дэталях, вядучым жанрам была ўзнёслая ода): "Адчайным крыкам // вецер панясецца, // заломяць дрэвы // рукі ў вышыню. // А ў дальняй вёсцы // маці // ўстрапянецца // і будзе доўга // слухаць // цішыню" ("Бяда").
   Думка ў гэтым і іншых творах ("Радзіме", "Паганіні", "Зярняты", "Мова") "пульсуе" энергічна (адсюль і ўскладненасць рытмікі), прарываючыся праз павой пачуццёвасці, і надае яму стройнасць.
   У зборніку "Назаўжды" стала больш твораў на гістарычную тэматыку ("Арышт Кастуся Каліноўскага", "Балада пратэсту", "Рагнеда"), яшчэ больш выразна прагучала тэма Радзімы, з’явіліся вершы пра сувязь пакаленняў. "Кандэнсацыя" філасофскага зместу выклікала адпаведны зместу жанр – пункціры. У гэтых творах "ушчыльняецца" сэнс, пераважае роздум: "Паміж двума бяздоннямі // маўчанне. // Пульсуе думка – // голас пра маўчанне".
   Адзін з лепшых у зборніку "Назаўжды" верш "Радзіма". Скразны матыў верша – сцвярджэнне паэтам сваёй адданасці ёй у часы нялёгкія, нярадасныя: "Я ў весялосці не з табой, // 3 табой у роздуме і скрусе". Гэты матыў падсвечваецца другім – пра загадкавасць, непазнавальнасць Радзімы, якая "высвечвала бяздонным дном", "ведзьмавала туманом" і, нарэшце, стварыла такую сітуацыю, калі "няўцям, адкуль ты ёсць, адкуль пасля з’яўляцца будзеш". Як бачым, паэт знаходзіць свой варыянт тлумачэння паняцця Радзімы, прыраўноўвае яе да загадкавай істоты і тым самым аспрэчвае класічную формулу Радзіма – маці, Радзіма – нявеста, жонка (па А. Блоку) і інш. І, нарэшце, у вершы раскрываецца і трэці матыў – паэт у апошніх васьмі радках палемізуе з тымі, хто ўмяшчае Радзіму "ў куток", дзе нарадзіўся і вырас, сцвярджае немагчымасць канчаткова вызначыць яе выток, межы і – у падтэксце чытаем – працяг.
   Зборнік "Вастрыё стралы" мае падзагаловак: "Версэты, паэтычныя мініяцюры". Ён датуецца 1988 годам, характарызуецца далейшым паглыбленнем аўтара ў філасофскую праблематыку, сведчыць пра эвалюцыю яго індывідуальнага стылю да ўскладнення вобразнасці (амаль усе вобразы асацыятыўныя, змяшчаюць у сабе падтэкст, шматзначныя), разняволення пісьма (вольнае карыстанне вершатворчасцю, спалучэнне рытмічна ўпарадкаванай вершаванай і празаічнай моў), пра выкарыстанне новых (версэты, пункціры, квантэмы) жанраў. Пазней да іх дададуцца вершаказы, зномы.
   Версэт – твор-прытча лірыка-філасофскага зместу. Разважанне пра сапраўдныя і ўяўныя каштоўнасці: дабро і зло, жыццё і смерць, мінулае, сучаснасць і будучыню, хваляванне і спакой. Пішацца празаічнай, з частымі пераходамі на рытмізаваную, мовай. Яскравы ўзор версэта – "Стары горад". Твор прасякнуты спачуваннем да пакінутых, некалі жывых, хат, парканаў, а цяпер спавітых дзядоўнікам. Паэт, назіраючы карціну запусцення, хвалюецца, перажывае і перадае свае пачуцці з дапамогай рытму, які грунтуецца на паўторах раўназначных слоўных адзінак, і завяршае лірычны маналог філасофскім вывадам: "Кашлаты дзядоўнік натоўпіцца каля парканаў: // кожная лапушына – шаля, // кожная лапушына – далонь: // наноў разважае зялёнае веча, // наноў узважвае думнае веча // кошт смерці і кошт жыцця..."
   У версэце сцвярджаецца неўміручасць жыцця ("Ды нехта ўсё роўна сюды вяртаецца неадольна, // нешта ўсё роўна тут, быццам колісь, жыве"), цесная сувязь розных часоў ("Тут пласт на пласце"), неабходнасць захавання памяці пра мінулае нашчадкамі. Заканчваецца твор фразай "Па старым горадзе ходзяць узброеныя патрулі", якая гучыць запаветам нашчадкам берагчы, шанаваць, ахоўваць мінулае.
   У зборніку "Вастрыё стралы" змешчаны і квантэмы. Назва твораў паходзіць ад фізічнага тэрміна "кванг", што азначае "згустак" энергіі. Квантэмы Разанава – творы-мініяцюры з філасофскім зместам, напісаныя без знакаў прыпынку, "кавалкамі" тэксту. Кожны "кавалак" мае свой сэнс. Бывае іх у творы тры ці чатыры. Адхіленні ад гэтага правіла рэдкія. Звязваць жа асобныя сэнсы ў цэласнае адзінства павінны мы, чытачы: "руіны запарушваюцца // рунь // уваскрашае руны // неба блізка". Што хацеў выказаць гэтай квантэмай паэт? Тое, што жыццё нявечнае. Часткі квантэмы звязаныя паміж сабой: смерць гарантыя новага жыцця.
   А. Разанаў – майстар вершаказаў (твораў-прытчаў, напісаных празаічнай мовай), зномаў – гнасеалагічных адзінак, філасофскіх роздумаў пра вечныя праблемы быцця, пункціраў – кароткіх твораў, лірычных мініяцюр, сфакусіраваных на перадачы адной думкі. Ён – паэт-наватар, эксперыментатар. Яго можна лічыць прадстаўніком мадэрнісцкага напрамку ў слоўным мастацтве (пошукі ў галіне зместу), а паводле раскаванасці формы нават постмадэрністам.
   Алесь Разанаў – паэт-філосаф, які змог пераадолець нарматыўнасць рэалістычнага метаду і авалодаць прыёмамі адкрытага, разняволенага мастацтва слова.

 

Похожие статьи:

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Вецер

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Рагнеда

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Радзіма

Алесь РазанаўТворчасць Алеся Разанава

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Арышт Кастуся Каліноўскага