Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сіла слова

   Дома Алесь здзіўляў і хваляваў Вольгу. Дзён колькі назад, калі трохі акрыяў, ва ўсякім разе, вочы зрабіліся нармальныя, Вольга спытала ў яго, між іншым, так пытаюць ва ўсіх хворых, калі заўважаюць, што яны ачуньваюць:
   – Можа, табе яшчэ што трэба? Кажы, не саромейся, Саша. Хворы на момант задумаўся:
   – Кнігі. Ёсць у цябе кнігі?
   – Кнігі?
   Вельмі яна здзівілася. Не паверыла нават адразу, каб у чалавека, што толькі выкарабкаўся ад смерці, першай патрэбай сталі кнігі.
   Кніг у Вольгі не было.
   Былі ў доме падручнікі, часопісы – яна спаліла іх у грубцы, каб далей ад граху, а то, чаго добрага, яшчэ пацягнуць немцы, хаваць не стала, хапала больш каштоўных рэчаў, якія прыйшлося закопваць у цёмныя ночы на гародзе ці хаваць у паграбах.
   Між іншым, Алесь нічога не сказаў, але – па вачах убачыла – здзівіўся, што ў доме няма ніводнай кнігі. Вольгу нават трохі пакрыўдзіла гэтае здзіўленне: падумаеш, шчасце – кнігі!
   – Якія табе кнігі трэба? – спытала яна.
   – Добра было б паэзію. Класіку. Пушкіна. Лермантава. За класіку не бойся, яны не прычэпяцца.
   Пра жаданне яго Вольга сказала Лене.
   Праз дзень ці два Лена прынесла кнігу – тоўсты томік у самаробнай, з жоўтага кардону вокладцы, на ёй хімічным алоўкам было напісана: «Аляксандр Блок».
   Вольга не чула раней пра такога пісьменніка.
   – Немец, ці што? – спытала яна ў Лены.
   – Да не, наш, рускі. Але сімваліст, – адказала Бароўская.
   Вольга прыгадала, што, здаецца, у восьмым класе настаўнік літаратуры, сам паэт, нешта расказваў ім пра нейкіх сімвалістаў, але прайшло так многа часу і так многа падзей у жыцці, што яна ўсё забылася, для яе гэта пустыя гукі – сімвалісты, рэалісты.
   Алесь спаў, калі Лена прыходзіла. Вольга пасля, увечары, з некаторай нават урачыстасцю, як падарунак імянінніку, паднесла яму кнігу.
   – Блок! Божа мой! Блок. Дарэвалюцыйнае выданне. Дзякуй вам.
   Вользе была прыемная такая яго радасць, і яна не сказала, што кнігу прынесла Лена Бароўская, няхай, маўляў, думае, што не хто іншы, сама яна выбрала якраз жа тое, што яму падабаецца, што і яна не якая-небудзь непісьменная гандлярка, а знаўца кніг.
   А пасля ён здзівіў яшчэ больш.
   Дні тры назад раптам папрасіў:
   – Пасядзі са мной хвілінку. Я пачытаю табе вершы. Паслухай, якая гэта прыгажосць.
   – Не да вершаў мне, – адмахнулася яна.
   – Нельга ж жыць... – хацеў ён сказаць, Вольга здагадалася што, але не сказаў, паправіўся: – Нельга ж увесь час на нагах... Я не ведаю, калі ты адпачываеш. Ты нават ясі стоячы.
   Вольгу вершы такія спачатку не кранулі, яна падумала з грубаватай гарэзлівасцю: «Бач ты, на ладан дыхае, а пра любоў думае». Але потым адбылося нешта неверагоднае. Вершы, як хатняе цяпло ці добрае віно, пачалі размякчаць яе застылую душу, абуджалі ўспаміны маленства, пасля ўспомніліся ўсе блізкія, родныя. Такога яна, бадай, яшчэ не перажывала – каб так хутка, як у сне, адны пачуцці змяняліся другімі; раптам усё як бы перамяшалася, бурліла, што ў катле, на паверхню ўсплывала то адно, то другое – то лёгкі смутак, то трывога, то незразумелая радасць, то востры боль, то страх....
(470 слоў)

Паводле І. Шамякіна.

Похожие статьи:

Іван ШамякінІван Шамякін - Злая зорка

Іван ШамякінАдказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"

Іван ШамякінІван Шамякін - Непаўторная вясна

Іван ШамякінСэрца на далоні. Адказы на пытанні

БиографииІван Шамякін