Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Нікога не было дома

   Раніцай усе паехалі на поле, а мяне пакінулі дома.
   Пакінулі за вартаўніка: пільнуй хату, пільнуй агарод, каб свінні грады не парылі. Апоўдні з пашы прыйдзе карова, то трэба загнаць у хлеў. А калі пастух будзе гнаць статак на падвячорак, патрэбна карову выгнаць за вароты. Як выганю, трэба было накапаць кошык бульбы на заўтра. Вось і ўсе даручэнні.
   Але ў тое лета, памятаю, яшчэ адна адказнасць лягла на мяне – гадаваць малое гусяня. Гэта быў дадатак да ўсіх маіх даручэнняў, калі не лічыць таго, што я яшчэ даглядаў трусоў.
   Да гусяняці я хутка прывык. Яно таксама пазнавала мяне і, калі я заходзіў у хату, звонка ціўкала і бегла пад ногі. Я наразаў гусяняці траву дробненька, каб яно не папярхнулася травінкай. I ў гэты час пачуў, як за акном зарыкалі каровы. Наша карова ішла з пашы, і трэба было бегчы адчыніць ёй вароты. Я хуценька выбег на ганак, але тут жа падаўся назад. За каровай ішоў чорны рагаты бык. Гэтага лютага быка баяліся ўсе вясковыя дзеці. Калі ён праходзіў па вуліцы, мы спалохана ўзлазілі на платы і адтуль дражнілі яго. I вось убачыўшы гэта страшыдла, мне нічога не заставалася рабіць, як вярнуцца ў хату. Я сеў у акне і пачаў праз акно крычаць і пагражаць, ведаючы, што рог быка тут мяне не дастане. I хутка бык, мабыць, зразумеўшы, што не туды патрапіў, гнеўна рыкнуў і пайшоў на вуліцу.
   Узрадаваны сваёй перамогай, я саскочыў з лаўкі і адчуў пад нагой нешта мяккае і жывое. Калі я зірнуў пад ногі, то ажно ледзь не самлеў: на падлозе, дрыгаючы ножкамі, ляжала гусяня. Саскокваючы, я незнарок пятой наступіў яму на галаву.
   Я падняў з падлогі цёплы пуховы камячок і адчуў, як ён б’ецца ў маіх руках. Мяне апанаваў пякучы жаль. Стоячы пасярод хаты, я гушкаў гусяня на руках, клікаў, але яно не варушылася. Гусяняціна вока зацягнулася белай плёнкай, а галава схілілася мне на далонь. Я ўсё гайдаў яго, як малое дзіця, паіў з рота вадой. Потым вынес яго ў двор, і ніхто – ні сабака Дунай, ні кот – не разумелі майго гора. Але ўсе мае слёзы і жаданне, каб гусяня ажыло, былі не дарэмныя. Гусяня ачомкалася, заківала галавой, потым заціўкала. Я апусціў яго на падлогу, і яно пайшло. Праўда, галоўку трымала набок, пазірала адным вокам угору, прыпадала на адну нагу, але ўсё ж хадзіла. Гэта былі нязграбныя кругі, Ды я і гэтаму быў рады.
   У той дзень, адчуваючы сваю віну, я акуратна выканаў усе даручэнні, усё старанна дагледзеў. А ўвечары вярнуліся з поля дарослыя. Прачнулася і гусяня. Яно вылезла з рэшата, заціўкала і пачало недарэчна кружыцца па хаце. Я стаяў збянтэжаны і не мог сказаць праўду. На пытанне маці я схлусіў, што гэта трусы выскачылі з-пад печы, адзін ухапіў яго за галаву, і я ледзь адбараніў гусяня.
   Я пачаў расказваць, як вадой ратаваў гусяня. Гэта была ўжо шчырая праўда, і маці, відаць, паверыла, бо сказала з абурэннем, што назаўтра ж трэба парэзаць усіх трусоў, усіх да аднаго. Я не спаў усю ноч, а назаўтра ўстаў раненька і пачаў упрошваць маці не чапаць маіх гадаванцаў. Маці ўважыла маю просьбу, усё абышлося добра, і мяне зноў аднаго пакідалі дома.
   А гусяня вырасла і пачало несці вялікія яйкі. Толькі хадзіла з галавой набок.
   I толькі пазней, калі я ўжо пайшоў у школу, аднойчы я прызнаўся маме, што трус зусім не вінаваты. I я расказаў усё, як было. Маці сказала, што яна так і ведала, што сын нешта выдумляе, але чакала, калі прызнаецца сам, думала, хто ж смялейшы: сын ці трус?
(573 словы)

Паводле I. Грамовіча

 

Похожие статьи:

Іван ГрамовічІван Грамовіч - Крыніцы

Пераказы, дыктантыГеша

Іван ГрамовічІван Грамовіч - Сонца

Іван ГрамовічІван Грамовіч - Воблакі

Іван ГрамовічІван Грамовіч - Выпаў снег