Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Грамовіч - Воблакі

Увага! Поўны змест

   Калі што ёсць найпрыгажэйшае ў свеце, то, бадай, гэта воблакі...
   О, як яны збіраюцца! Як плывуць і растаюць у сіняве! Не наглядзецца, не налюбавацца!
   ...Вось мая чарада авечак збілася ў гурт. Полудзень. Спёка.
   Ляжыш на пагорку. Глядзіш у неба. Над та-бою — позіркам не абняць — блакітная шырыня. Ты адзін перад усёй гэтай бязмежнай, нямой глыбінёй, з вока на вока, толькі, здаецца, матухна-зямля злёгку трымае цябе за плечы. Ледзь-ледзь. Здаецца, адарвешся і паляціш у гэта блакітнае бяздонне...
   Аж страшна.
   Страшна, а хочацца паляцець, паплысці. Хораша!
   Воблакі нібы табун на сінім полі. Адкуль яны?
   Куды нясуцца?
   Не, яны не застылі. Яны плывуць.
   Клубкамі растуць. Вырастаюць. Гэта, што было наперадзе, застаецца ззаду. Яго абганяе сярэдняе... Нібы рукой, абняло сяброўку. А сяброўка робіцца меншай, радзейшай. Ды яна ж нікне, растае! А побач белым круглым купалам шуганула, узнялася суседка-хмара...
   Як цудоўна!
   Не наглядзецца на воблакі ў бязветраны дзень. Яны могуць расці, вырастаць, могуць знікаць, як дым. Могуць клубіцца на адным месцы і разрастацца ўшыркі.    I зрабіцца велічэзнай цяжкай хмарай. (Тады дзед кажа — збіраецца на дождж.) Гэта хмара насупліваецца, як бы згушчаецца, чарнее, і раптам грымне гром, і з яе ўмомант пасыплецца дождж. Буйныя серабрыстыя кроплі яго будуць сыпацца на зямлю, а непадалёку — глянеш — асветлены сонцам, стаіць зялёна-залаты лес. Дрэвы цешацца, пазіраючы ўгору. Ім свеціць сонца.
   У ветраны дзень часцей бываюць нізкія воблакі. Яны імчацца па небе на адной вышыні, як ганцы. Шпарка, без аглядкі, гуртам. Сонца між іх то выгляне, то схаваецца.
   На балоце між густых алешын пасуцца авечкі. Тут зацішак... А зірнеш угору, вышэй верхавіння дрэў, туды, дзе бягуць шпаркія воблакі, бягуць здалёк ці зблізку, і падумаеш: гэта жыццё імкліва бяжыць. Якое яно імклівае!.. Дзесьці стаяць людныя гарады. Людзі там спяшаюцца, мусіць, як і гэтыя воблакі... Тут не адчуваеш тых нястрымных плыняў. Наляціць віхор, кране вяршаліну алешыны. Яна зашапаціць і супакоіцца.
   Толькі воблакі могуць расказаць пра нястрымны рух жыцця.
   Іх трэба навучыцца чытаць і разумець. Воблакі бываюць высокія і нізкія. У два паверхі і нават у тры. Ёсць рэдкія і суцэльныя. Ёсць воблачкі. Ёсць хмаркі. Ёсць похмаркі.
   Адны прыносяць яснасць, пагоду, другія — непагадзь і навальніцу.
   Воблакі ўпрыгожваюць неба, апранаюць яго. То, бывае, усё яго паб’е на груды. То воблачная града шлейфам-шалікам працягнецца ад небасхілу да небасхілу. То коўдрай зацягне ў адным баку. То серабрыстымі фіранкамі перыстыя хмаркі доўга вісяць на вялікай вышыні...
   Я яшчэ ніколі не бачыў гор. Дзе ім быць у нас на Міншчыне! А воблакі ў маім уяўленні малявалі стромкія кручы. 3 воблакаў вырасталі высачэзныя хрыбты і непраходныя цясніны. Зіхацелі бела-снежныя шапкі вяршынь, і цямнелі пячоры з вечным змрокам. А калі сонца хавалася за лес, ста-так ішоў у сяло, — на супрацьлеглым ад захаду небасхіле віднеўся цэлы ланцуг гор. Сапраўдныя хрыбты і недасягальныя пікі горных вяршынь. Так перада мной паўставалі яшчэ ніколі не бачаныя Казбек, Эльбрус, Эверэст...
   Я ніколі яшчэ не бываў у заапарку або звярынцы, але слана ўпершыню чамусьці ўгледзеў у хмарах. Плыла такая вялікая шэрая хмара з гала-вой, з хобатам. I вочы мела. I ногі... Дзе мне бываць было ў казачнай краіне, там, дзе цёплыя воды, там, дзе растуць райскія дрэвы! Але пейзажы мора, сінь вечна бясхмарных нябёс я шмат разоў бачыў, наглядаючы воблакі...
   Я не ведаў яшчэ, што такое вайна. А ўжо ў маленстве ў хмарах бачыў бойкі нашых з ворагам. Там грымелі гарматы. Імчалася чырвоная конніца. Тачанка з кулямётам. 3-за пляча агромністым мячом замахваўся асілак у шлеме. А ля яго корчылася, выгіналася шэра-цёмная гадзюка. 3 пашчы ў яе бліскаў агонь... Потым гадзюка распадалася на кавалкі, што бруднымі плямамі яшчэ колькі часу плылі па небе...
   Я не бачыў выбухаў бомб і снарадаў. А воблакі нагадвалі мне гэта. Аднойчы куст полымя і дыму вырас у небе, нібыта дзікая груша на палетку, і доўга шугаў перад маімі вачыма ў надхмар’і.
   Я любіў глядзець на воблакі. Глядзець і думаць...
   Найбольшая прыемнасць — глядзець на воблакі ў летнія, пагодлівыя дні, калі ў небе лётаюць птушкі. Вясною — жаваранкі. А ўлетку — ластаўкі і стрыжы. Ласкава чылікаючы, з імклівым свістам яны праносіліся над галавой.
   А ўвосень надта падабалася, як высока-высока плавалі буслы. Павольна, не махнуўшы крылом, яны плавалі, збіраючыся ў вырай. Плавалі па крузе, узнімаючыся вышэй і вышэй... Вышэй воблакаў!..
   Тады хацелася лятаць самому.
   Толькі шэрыя і пахмурна-зімнія воблакі былі не па сэрцу.
   Сэрца заўсёды хвалявала навальніца...
   У навальніцу ўсё трапяталася ў грудзях. Я бачыў, як хмары ляцелі ў розным кірунку. Яны страчаліся. Усё бушавала. Усё ў паветры кіпела. Усе воблачкі, усе хмары і похмаркі з-пад сонечнай вышыні. Навальнічныя перуны таўклі іх, як месіва, і секлі агністымі маланкамі. Гром адгукаўся ў сэрцы...
   Страшнавата было. Асабліва ў лесе...
   А ў сонечны дзень, бывала, сяджу, гляджу... Здаецца, такіх воблакаў, як сёння, не бачыў ніколі. I здаецца, не ўбачу...
   Цудоўна!
   I так штодня.
   Бо воблакі як само жыццё. Жыццё цячэ — хмаркі бягуць. То бываюць цёмнымі, то яснымі. То спакойнымі, то неспакойнымі... Не налюбуешся на іх, як на само жыццё.
   Ці бачылі вы, як хаваецца сонца ў агністыя падушкі?
   Або як ноччу месяц усплывае на неба... I зорачку каля яго малюсенечкую ўначы бачылі? А хмары падплываюць да месяца. Белыя, серабрыстыя краі, нібыта ўдзень.
   Такога дзіва не знойдзеш і ў казцы. Хмары і воблакі — гэта мары маленства. Мары аб сталасці. Аб пазнанні нязведанага.

***

   Калі я ўпершыню ляцеў на самалёце, пры пасадцы вельмі прасіў лётчыка праляцець скрозь воблакі. Або над самымі воблакамі, блізка-блізка...
   Лётчык паслухаў мяне. Наш самалёт, у якім мы ўчацвярых, нядаўнія студэнты, ляцелі, раптам крылом дакрануўся да першага воблачка. Дзверы кабіны пілота адчыніліся, і лётчык крыкнуў, штось-ці паказваючы пальцам. Але за грукатам матора голас нельга было пачуць. Я падумаў, што нешта здарылася. Усё магло быць... Я ўстаў і падышоў да пілота.
   — Бяры воблакі рукамі! — крыкнуў ён.— Бяры, ты ж хацеў...
   Я зразумеў яго. Упершыню пада мной плылі лёгкія, як туман на світанні, рэдкія воблачкі. Плылі мары майго маленства. I тут я згледзеў чараду кароў на лузе. Ля іх малюпасенькую кропку — пастушка...
   Мы сапраўды ляцелі між хмар. Унізе воблакі маленства, а ўверсе — па-ранейшаму слаўся пласт зноў недасягальных аблокаў на вышынях. 

Похожие статьи:

Іван ГрамовічІван Грамовіч - Выпаў снег

Іван ГрамовічІван Грамовіч - Жаварнак

Іван ГрамовічІван Грамовіч - Крыніцы

Іван ГрамовічІван Грамовіч - Кавалачак хлеба

Іван ГрамовічІван Грамовіч - Сонца