Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Голас крынічкі

   Упершыню за час свайго знаходжання на паляне я пачуў ціхенькі і шапатлівы голас: нешта жывое ў задуме выказвала маўклівай паляне сваё запаветнае і светлае. Ці трэба казаць, якую буру пачуццяў выклікаў у мяне гэты дзіўны голас. Як быццам адгукнулася і знайшлося даўно страчанае, як быццам аднекуль з’явілася тое жаданае і дарагое, пра што ўвесь час мроілася і снілася.
   Ціха ступаючы між камянёў і баючыся, што неасцярожным крокам парушу споведзь пачутага голасу, я павольна спусціўся ўніз. Тут раслі, нахіліўшыся, алешыны, а над імі ўзвышалася кучаравая чаромха. Голас, які чуўся раней як задумлівае шапаценне (што ж тут было гадаць?), быў голас крынічкі. Адным узмахам рукі я адвёў убок пругкую сцябліну – і вачам адкрыўся незабыўны малюнак: зямля свяцілася, зямля гаварыла. Дзясяткі тонкіх, як сонечныя промні, струменьчыкаў, прабіваючы зямлю, ускідвалі пад сонца залатыя пясчынкі, падалі з імі на адпаліраваныя каменьчыкі і ўсё пра нешта апавядалі, апавядалі і апавядалі.
   Мне здалося, што залатыя струменьчыкі павінны несці з сабою многа цеплыні, бо так горача было сэрцу ад іх усхваляванай мовы. Але не, яны былі дужа сцюдзёныя. Захоплены і ўсхваляваны да глыбіні душы ўсім убачаным, я падышоў да гэтай утворанай струменьчыкамі студні, апусціўся перад ёю на калені, як зрабіў бы і зробіць кожны, хто калі-небудзь сустракаецца з таямніцаю нашых светлых зямных крыніц. Ад яе павявала ў твар лёгкім халадком і лагоднай свежасцю, водарам баравога смалістага настою і густа парослых навокал траў. А яшчэ веяла пахам зямной глыбіні і чагосьці невядомага, ад чаго пачынала кружыцца галава. Я паспяшаўся хутчэй прыпасці вуснамі да празрыстага глыбіннага пітва. I што дзіўна: смак вады здаўся такі па-дарагому знаёмы, што я нават разгубіўся, ніяк не могучы ўспомніць, што ж ён мне нагадвае. Дзе і калі яшчэ я піў такую ваду, дзе? Я смакаваў дарагое і салодкае мне сваёй роднасцю пітво і ўслухоўваўся ў голас крынічкі. Можа, ён хоць бы нечым падкажа мне адгадку?
   Быццам працяты маланкай, я ўсё-такі ўспомніў, дзе піў калісьці такога ж смаку ваду – з крыніцы каля майго Сажа! I ясна стала, пра што апавядае кожны пачуты сёння крынічны струмень і што тоіцца ў маўклівай цішыні лясной паляны.
   Сціплы і просты помнік словамі кароткага, але цяжкага, як камень, паведамлення сведчыў пра тое, што тут, на гэтай міжбаравой зямлі, была калісьці вёска Дальва, якую разам з усімі жыхарамі спалілі фашысты. Паступова пачынала даходзіць, пра што бясконца імкнецца сказаць мне і кожнаму, хто захоча яе пачуць, сцюдзёная крынічная вада. Праўду ты кажаш, крынічка, прагу жыцця нельга знішчыць: калі ёсць пачатак, то будзе і працяг, будуць усё шырэй разлівацца рэкі, будзе свяціць сонца, будуць нараджацца вольныя сэрцы. I ніколі не згасне чалавечае жыццё і шчасце на свеце.
   Крынічка, нібы ўзрадаваўшыся, што сінее над ёю летняе неба і буяе зелянінай зямля, пачынала біць звонка і ўрачыста, каб услаўляць усё, што тут жыло, жыве і жыць будзе.
(453 словы)

Паводле К. Кірэенкі.

Похожие статьи:

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Крынічка партызанская

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Аб чым пяе крынічка

Пераказы, дыктантыНа беразе лясной крынічкі

Артур ВольскіАртур Вольскі - Крынічка

Пераказы, дыктантыКрынічка