Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Крынічка

   Вольным часам Александрына не любіла адпачываць у хаце. Роўненькай сцяжынкай яна ішла да крынічкі, што была на краі поля, метраў за дзвесце ад хаты. Ніхто не памятаў, з якой пары яна там струменіць. Берагі крынічкі абкладзены камянямі, што напалову ўраслі ў зямлю і пакрыліся цёмна-зялёным мохам. З-пад гэтых камянёў выбягае ручай і хаваецца ў бярэзніку.
   Цётка Александрына прысела, зачарпнула збанком чыстай вады і выпіла. Ад асалоды ажно зажмурылася. Александрына апусцілася на гладкі, як стол, камень. Нехта спецыяльна прыкаціў яго сюды, каб можна было пасядзець.
   Гэта крынічка здаўна належала яе роду. Зямля была бедная, нішчымная. Адной вялікай радасцю ад гэтага надзелу была крынічка. У жніво з усіх бакоў цягнуліся сюды вяскоўцы і прасілі дазволу напіцца з крынічкі. Александрыніна маці тады адказвала людзям, што зямля крынічку для ўсіх падарыла.
   Ціха булькае вада ў ручайку, ціха плывуць Александрыніны думкі. Вуркоча ўдалечыні трактар. Гул яго расце, набліжаецца.
   Трактар спыніўся на пагорку. З кабіны вылез суседскі Уладзік, павітаўся. Александрына падала хлопцу збанок з крынічнай вадой. Уладзік сеў на замшэлыя камяні і паведаміў, што старшыня даў яму заданне заваліць бульдозерам крынічку і ручай, а камяні звезці да лесу, каб поле роўным было.
   Александрына спалохана глядзела на хлопца. Жылістыя рукі бездапаможна звісалі з кален. Уладзік, запэўніўшы разгубленую жанчыну, што ніхто не заваліць крынічку, ускочыў у кабіну. Александрына правяла яго ласкавым позіркам, набрала поўны збанок вады і паціху пайшла дадому.
   Гадзіны праз дзве ля крынічкі зноў завуркатаў матор. Александрына жахнулася: магутны бульдозер сунуў на крынічку Удзірванелы пласт зямлі. У грудзях жанчыны кальнула. Александрына кінулася да крынічкі. Збялелая, яна вырасла перад гэтым бульдозерам. Рыпнулі тармазы. З кабіны высунуўся злы твар старшыні калгаса.
   – Чым табе крынічка замінае? – абурылася Александрына.
   – А ты хіба не бачыш, што прыходзіцца абмінаць яе, калі арэш поле? – заявіў старшыня.
   Александрына глядзела на яго прама, не мігаючы. Былі ў гэтым позірку і злосць, і крыўда, і горкі папрок. I старшыня падумаў, што трэба на нейкі час адступіць. Няхай жанчына супакоіцца, звыкнецца з думкай, што крынічкі не будзе. А калі пачнуць араць поле, нехта з начной змены заваліць яе.
   Старшыня вярнуўся дадому позна вечарам. Устрывожаная жонка паведаміла, што захварэў іх сын. На матчыным ложку, адкінуўшы коўдру, ляжаў васьмігадовы Данілка і прасіў піць. Бацька падаўся на кухню, прынёс вады. Хлопчык прыпаў вуснамі да кубка і пачаў сутаргава піць. Потым стомлена адваліўся на падушку. Кволыя грудзі дыхалі цяжка, з хрыпам. Данілку трэба было тэрмінова везці ў бальніцу.
   З бальніцы Іван Раманавіч вяртаўся на світанні. Ад бяссоннай ночы, ад хвалявання і стомы гуло ў вушах. Перад вачыма стаяў хворы сын, з грудзей якога даносіўся хрып. «Цяжка дзяцей на ногі падымаць, – падумаў старшыня. – З адным сынам столькі клопатаў, а людзі ж па некалькі гадуюць! Вось Александрына васьмярых выгадавала».
   Ад думак пра Александрыну старшыні стала няёмка. Ён паглядзеў на прыборы. Канчаўся бензін. Трэба было ехаць дадому напрасткі, праз бярэзнік.
   Метраў праз трыста старшыня збочыў з бальшака на вузкі прасёлак. Хацелася піць. Сухі язык здаваўся непаваротлівым і шурпатым. У бярэзніку старшыня раптам убачыў чысты ручай. Рэзка затармазіў і выключыў матор. Цяжкай хадою наблізіўся да ручая, зачарпнуў прыгаршчамі халоднай і празрыстай вады. Потым скінуў пінжак і з асалодай памыўся.
   Праз гонкія ствалы бяроз прабіваліся ружаватыя промні. На кустоўі віселі рэдзенькія воблачкі туману. Гаманілі птушкі. Старшыні стала весялей. Ён пайшоў супраць цячэння, каб паглядзець, адкуль выцякае гэты ручай. Неўзабаве перад вачыма адкрылася знаёмае ячменнае поле з крынічкай, ля якой чарнеў глыбокі след ад бульдозера. Старшыня падышоў бліжэй, пастаяў, раздумваючы, і ўзяўся выцягваць з крынічкі замшэлы камень.
(561 слова)

Паводле А. Цяжкага

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЦудоўная пара

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Крынічка партызанская

Пераказы, дыктантыГолас крынічкі

Пераказы, дыктантыМатчын падарунак

Пераказы, дыктантыНа беразе лясной крынічкі