Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Браніслаў Тарашкевіч

Фатаграфія Браніслава Тарашкевіча   Пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, вучоны-мовазнавец, грамадска-палітычны дзеяч, акадэмік НАН Беларусі Браніслаў Тарашкевіч нарадзіўся 8 (20) студзеня 1892 года ў засценку Мацюлішкі Віленскага павета (цяпер Віленскі раён Літвы) у сялянскай сям’і. Скончыў Віленскую гімназію (1911) і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Пасля яго заканчэння (1916) застаўся на кафедры рускай мовы, займаўся навуковай працай пад кіраўніцтвам акадэміка А. А. Шахматава. Распрацаваў курс граматыкі беларускай мовы. «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча была выдадзена ў Вільні (1918) кірыліцай і лацінкай, перавыдавалася 7 разоў. Гэта першапраходніцкая праца маладога вучонага, граматычныя катэгорыі, правілы, правапіс, тэрміналогія і сёння ляжаць у аснове сучасных граматык нашай мовы. Акадэмік Сцяпан Некрашэвіч у 1920-я гады пісаў што «Беларуская граматыка» Браніслава Тарашкевіча «заснавала цэлую эру ў гісторыі нашай граматыкі і правапісу».
   З восені 1919 года Браніслаў Тарашкевіч чытаў лекцыі па беларускай мове ў Мінскім педінстытуце, з 1920 года узначальваў Беларускі аддзел у дэпартаменце асветы так званай Сярэдняй Літвы, дзе разам з Я. Станкевічам арганізаваў беларускія настаўніцкія курсы, адкрыў больш за 200 беларускіх школ. Працаваў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі (1921-1922), быў адным з арганізатараў Таварыства беларускай школы. Увесь гэты час не спыняў пісьменніцкай працы, пісаў артыкулы, рэцэнзіі на творы беларускіх паэтаў празаікаў (на беларускай, польскай, рускай мовах), публіцыстычныя артыкулы (друкаваўся пераважна ў газетах і часопісах «Рунь», «Беларускі звон», «Вольны сцяг», «Наша будучыня»).
   З 1922 года канчаткова пераходзіць да грамадска-палітычнай дзейнасці: быў абраны дэпутатам ад Заходняй Беларусі ў Сойм Польскай Рэспублікі, узначаліў Беларускі пасольскі клуб, выступаў з яскравымі, доказнымі прамовамі на пасяджэннях Сойма. У выступленнях гаварыў пра каланіялісцкую сутнасць польскай улады на беларускіх землях, паланізацыю насельніцтва, пра гвалтоўнае насаджэнне польскага асадніцтва, палітычны пераслед беларускіх дзеячаў, пра закрыццё беларускіх школ, гімназій, настаўніцкіх семінарый, змагаўся за аграрную рэформу на карысць сялян, настойваў на прыняцці праграмы Беларускага пасольскага клуба. За чатыры гады дэпутацкай дзейнасці, да арышту і шасцігадовага зняволення ў польскіх турмах, Браніслаў Тарашкевіч – выдатны прамоўца, дасведчаны публіцыст-палеміст – 34 разы выступіў у парламенце Польшчы, змагаючыся за жыццёвыя інтарэсы свайго паняволенага народа. У1925 годзе ён адзін з ініцыятараў-заснавальнікаў і старшыня Беларускай сялянска-работніцкай грамады, сябрамі якой сталі каля 100 тысяч беларускіх сялян, інтэлігентаў рабочых. За сваю актыўную беларускую дзейнасць Браніслаў Тарашкевіч у 1927 годзе быў арыштаваны палякамі і прыгавораны да 12 гадоў зняволення. Сядзеў у турмах Вільні, Вронках, Грудзёнцы, Беластоку. У яго абарону выступіла грамадскасць усёй Еўропы, у Мінску камітэт у абарону Браніслава Тарашкевіча і Беларускай грамады ўзначальваў Янка Купала. Усё гэта паўплывала на тое, што Браніслаў Тарашкевіч быў датэрмінова вызвалены ў 1930 годзе. Нягледзячы на папярэджанні ўладаў не спыніў палітычнай барацьбы. У 1931 годзе быў зноў арыштаваны і асуджаны на 8 гадоў. У турэмным зняволенні Браніслаў Тарашкевіч займаўся літаратурнай, перакладчыцкай дзейнасцю, грунтоўна перапрацаваў «Беларускую граматыку», прыстасаваўшы яе для самастойнага вывучэння. Рукапіс быў перададзены на волю і апублікаваны. У турме Браніслаў Тарашкевіч напісаў гімн Беларускай грамады «Сто тысяч нас было сяброў». Яму належаць беларускія пераклады шэдэўраў сусветнай класікі «Іліяды» Гамера і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Іх ён перакладаў у турме горада Грудзёнц і ў Гродзенскім астрозе. У 1933 годзе вязень польскай турмы Браніслаў Тарашкевіч быў абменены на вязня савецкай турмы Францішка Аляхновіча, прывезенага з Салаўкоў. Брніслаў Тарашкевіч адразу быў накіраваны ў Маскву. Працаваў у Камінтэрне. Даводзіў шліфаваў пераклад«Іліяды», які быў апублікаваны ў 1935 годзе (час. «Полымя», № 3) з яго ўступным артыкулам. Рыхтавалася выданне беларускамоўнай «Іліяды» да друку, нават была ўжо карэктура кнігі. Аднак кніга не пабачыла свет: 5 мая 1937 года аўтар перакладу як «агент польскага генштаба» быў арыштаваны органамі НКУС і этапаваны для суда ў Мінск. 5 студзеня 1938 года Браніслаў Тарашкевіч выракам «двойкі» НКУС быў расстраляны.



Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыБраніслаў Тарашкевіч