Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цётка - Зялёнка

   Гераіня апавядання курсістка Зялёнка хварэе на сухоты і «з кожным днём нікне», бо «пецярбургскі клімат, шчыры валакіта, дабівае слабагрудых». Кампазіцыйна твор мае тры часткі. Экспазіцыя ў абагульненых рысах знаёміць нас з гераіняй, якая «на свае лекцыі бегае, у школе з дзецьмі гадзіны чатыры працуе, а вечарамі і сама яшчэ вучыцца, чытае». Гэта вонкавая плынь жыцця гераіні. Аднак сэнсава значнай у апавяданні з'яўляецца ўнутраная плынь містычных перажыванняў Зялёнкі, якая адчувае сябе ўжо амаль не прыналежнай да звычайнага рэальнага свету. Менавіта перажыванне становіцца сапраўднай сферай існавання гераіні і яе ўзаемадачыненняў са светам. Аб гэтым гавораць сябры: «Наша Зялёнка быццам не з гэтага ўжо свету». Яны заўважаюць ёй: «Ой, Зялёначка, Зялёначка! ты зусім выйшла з каляіны нашага будняга жыцця. Усё недзе блукаеш за светам». Але яна пераконвае іх, што з ёю ўсё нармальна: «Ды што з вамі? Працую, як усе вы, ем і шчэ больш ад вас, сплю, смяюся... А што цяпер задумалася, так аж сорамна прызнацца да такой глуздзячыны: глянула праз акно на асенні дзень ды гадаю, ці ўжо ў нашай старонцы лісце з дрэваў асыпалася, ці яшчэ не, бо ў нас восень пазнейшая». Асыпанае лісце, як і ў апавяданні «Асеннія лісты», становіцца тут сімвалам канца жыцця, адзнакаю «таго свету». I гэта прамым чынам стасуецца з лёсам Зялёнкі, «бо, як пыталі доктара, то сказаў дабітае, што, пэўне, восені не ператрывае». Сімвалічная залежнасць лёсу Зялёнкі ад асыпаных лістоў ёсць адзнакаю таго, што не прадметнае быццё, а ўзняцце над ім (трансцэндэнцыя) вызначае сапраўднае існаванне гераіні. Такім чынам, уся экспазіцыя пабудавана на перапляценні рэальнага (гістарычнага) і містычнага (экзістэнцыяльнага) планаў, прычым містычны дамінуе, падпарадкоўвае сабе рэальны.
   Цэнтральная частка ўяўляе сабой рэалістычна-бытавое апісанне вечарынкі ў суботу ў пакойчыку («станцыі») хворай Зялёнкі, якую прыйшлі адведаць сябры. Тут Цётка паказала сябе майстрам іскрыстых жывых дыялогаў паміж прысутнымі, у ходзе якіх высвятляюцца рэаліі студэнцкага жыцця, сімпатыі і пазіцыі ўдзельнікаў. Так, яны дапамагаюць матэрыяльна, наколькі здольныя, высланым у Якуцк землякам. Высвятляецца таксама, што Зялёнка супольна з сябрам па прозвішчы Сібіра напісала драму, а значыць, сама з'яўлялася натурай незвычайнай, творчай. Урэшце, Цётка скарыстала дыялог і для таго, каб падкрэсліць ідэалагічна важную думку аб адраджэнні паняволеных народаў. Гэтую думку яна ўкладвае ў вусны Шмулькі — прадстаўніка яўрэйскай культуры, «манія» якога — «прапаганда музыкай, літаратурай, тэатрам народным паміж яўрэяў». Абмалёўваючы тып прадстаўніка адраджэння іншай культуры, Цётка фактычна фармулявала тыпалагічныя рысы нацыянальнага адраджэння наогул, сярод якіх яна вылучала разуменне народам сваёй ганьбы, «каторая няволіць запірацца ўсяго свайго роднага і падшывацца пад апраткі чужых, сільнейшых культур», а таксама неабходнасць «звярнуць з дарогі асіміляцыі». Не хто іншы, як Шмулька доўга эканоміў грошы, каб купіць білеты на канцэрт і пацешыць хворую Зялёнку. Апісанне канцэрта ёсць кульмінацыя і фінал апавядання. У гэтай частцы твора рэальны план саступае містычнаму, ізноў пачынаюць дамінаваць катэгорыі не прадметнага, а асабовага: засвету, прадвызначанасці лёсу, скону. Дасягаецца гэта праз апісанне музыкі, яе ўспрыняцця слухачамі і ў прыватнасці Зялёнкай.
   Спачатку музыка ўспрымаецца як лёгкае, амаль летуценнае лунанне над зямным побытам: «Ціхая мелодыя, як першы ўздых дзіцяці, палілася; ідзе, вядзе некуды ў засветныя разлогі чыстага лірызму». Сімвалічнае разуменне музыкі ўрэшце дасягае свайго апагея: змрочныя смяротныя сілы перамагаюць, і «белая шата паволі пакрываецца крывавай расою». Да сімвалічнага ўзроўню даводзіць Цётка вобраз артыста (музыкі-скрыпача), мастацтва якога накіравана, «каб увекавечыць выснены ідэал красы ў скончанай форме». Тут, як і ў паэзіі, мы бачым адзін з важнейшых прынцыпаў эстэтычнай праграмы Цёткі — яе разуменне сапраўднай творчасці як стыхіі, што ахоплівае ўсю істоту чалавека, прыводзіць яго ў экстаз: «Божа, якая ты страшная, творчасць! Роўна вогненна мора падыходзіць з усіх старон да апутанага табою чалавека. Бяссмертная слава такому плачу, што не згіне ў тваіх тонах». Так думала і так перажывала музыку Зялёнка, для якой прысугнасць на канцэрце была нечым большым, чым слуханне музыкі. Як і ў музыцы, у канцэртнай зале адбывалася перамога смяротных сіл над жыццём: музыка нібы пераўвасаблялася ў Зялёнку, альбо Зялёнка станавілася музыкай, «жывой лірай». Яна памірае ў той момант, калі скрыпач закончыў сваё гранне. Заключная фраза апавядання: «Разбілася жывая ліра» мае сімвалічны персаніфікаваны сэнс у дачыненні да Зялёнкі, а ў Цётцы зноў выдае паэта.

Похожие статьи:

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Прысяга над крывавымі разорамі

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Мора

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Сварба

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка (Алаіза Пашкевіч)

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Міхаська