Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Маўклівая зязюля

   Не доўга спяваюць зязюлі. У канцы красавіка абрадуюць чалавека сваім першым «ку-ку», праспяваюць май ды чэрвень і змоўкнуць аж да наступнай вясны.
   Па-рознаму людзі тлумачаць гэту з’яву. Адны кажуць, што птушка каласком падавілася, другія – у ястраба ператварылася, і таму, маўляў, голас згубіла, трэція – пакінула лес.
   У ліпені, калі здараюцца ціхія надвячоркі, іншы раз берасцянка не ўтрымаецца і рассыпле дзе-небудзь у зялёным бары сваё звонкае срэбра, шэры дрозд заспявае. А часам нават дзе-небудзь у лазовым кусце і салавей цёхкне раз-другі. Абзавецца і, нібы спалохаўшыся свайго ўласнага голасу, зараз жа змоўкне.
   А вось спеву зязюлі, хоць дзень і ноч не вылазьце з лесу, не ў свой час не пачуеце. Вельмі строгая пяюха.
   Зачараваў мяне бярозавы гаёк. Не тое каб я ўпершыню ўбачыў яго, не. Вось ужо гадоў дзесяць я ў ім грыбы збіраю, і ўсялякі раз ён мяне чамусьці хвалюе. Чысценькі такі, светлы.
   Сяджу гэта я на купіне і гаем любуюся.
   Раптам паміж белых ствалоў прамільгнула нейкая буйная птушка і села на галінку. Шэрая ўся, хвост даўгаваты. Што ж гэта за птушка?
   Пасядзела нейкі час моўчкі і зноў паляцела. Да таго ж неяк ціха, нясмела. Праляцела яна некалькі метраў і зноў на галінку села. У мой бок запытальна пазірае. Чымсьці, відаць, я зацікавіў яе.
   – Дык гэта ж зязюля! – нарэшце пазнаў я.
   Птушка яшчэ некалькі разоў пераляцела з адной бярозкі на другую, увесь час пазіраючы ў мой бок. Нарэшце яна села на сухі сучок блізка да ствала і сцішылася.
   А што, калі кукукнуць, нагадаць птушцы аб нядаўнім вясёлым часе?
   Я склаў далоні і на ўвесь белы гаёк: ку-ку!
   Пачула яна і неяк спалохана скаланулася.
   Для яе гэта маё «ку-ку» было, відаць, недарэчным і нязвыклым. Не той час, значыць.
   Памарудзіла зязюля з хвіліну, потым сарвалася з месца, мільганула паміж белых ствалоў і знікла з вачэй.

Похожие статьи:

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Дупляначка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вясна ідзе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка