Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе

   Уздоўж сцежкі, што вядзе ў школу, дзівоснымі фігурамі ўзвышаюцца высокія гурбы снегу.
   У белых футрах бязладна тоўпяцца кусты кучаравага алешніку. Нібы на свята, у лёгкае адзенне прыбраліся стройныя бярозкі, маладыя рабінкі, каржакаватыя дубкі. А высокія панурыя елкі апрануліся ў цёплыя халаты, ды так і стаяць сабе, бавячы час. Ад дрэў і кустоў на белым іскрыстым снезе ляжаць доўгія цені. Ух як холадна! Бр-р-р...
   Глядзіш на ўсё гэта, і здаецца, быццам зіме яшчэ канца-краю не відаць.
   Але вось раптам у агародчыку заспявала сініца. Ды так звонка, заўзята! Нібы сярэбраны званочак зазвінеў. Міжволі спынішся і з хваляваннем слухаеш гэтую вясёлую жыццярадасную песеньку. А жаўтагрудая спявачка не заўважае ні гурбаў снегу, ні белага ўбрання на дрэвах, ні моцнага марозу. Ляціць і ляціць ва ўсе бакі заўзятая песенька-заклік.
   Неўзабаве яе падхопліваюць іншыя птушкі. Песня шырыцца, расце.
   Выйшаў з цёплай хаты на двор сівы дзядок з кіем у руцэ. Дыхнуў свежым марозным паветрам, уважліва агледзеў блакітнае неба і раптам загадаў дзецям: – Ану, хуценька кідайце свае зімовыя забавы ды вясну сустракайце!
   – А дзе яна, дзядуля, вясна? Дзе?..
   – А сініцы вось з вераб’ямі, хіба не чуеце, як спяваюць?
   – Чуем, – хорам адказалі малыя.
   – Гэта і ёсць вясна.
   – Ура-а-а!..– закрычалі дзеці, падкідваючы высока ўгору свае лапавухія шапкі-вушанкі. – Вясна Ідзе! Вясна ідзе!

Похожие статьи:

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Дупляначка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Патрэбная справа

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка