Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Лужанін - Мараўская песня

Барабан, дзве скрыпкі і цымбалы,
Невялік аркестр, а выгляд сталы.

Капялюх у кожнага ва ўзорах,
Звонкія падкоўкі на падборах,

Паясы раменныя на стане,
Ручнікі вісяць паўзверх убрання.

Трохі дзіўна: дзецюкі з вусамі,
А чамусь прыкрыты хвартухамі.

Запявала скінуў шапку з кантам:
– Хлопцы, дайма чосу музыкантам! –

Спевакі становяцца насупраць,
Дружбакам глядзяць у вочы рупна:

«Ты чаму, цымбаліст, сакалочку шэранькі,
Выцінаеш, нібы не вячэраўшы?»

Адказалі працяжна смыкі і цымбалы,
Што яды і пітва ім уволю хапала.

«Дык чаго ж вы марудзіце, рук не вярэдзіце,
Заіграйце на доле седзячы!»

Музыканты сядаюць і смутна іграюць,
А ў паветры лунае прыпеўка другая:

«Гэй, не так, дарагія! Вы цягнеце кволенька,
Заіграйце, стаўшы на коленкі».

На калені тады музыканты пасталі
I тужлівей, маркотней яшчэ заігралі.

«Плакаць хочацца, слухаўшы вас, галубочкі,
Заіграйце нам лепей моўчкі!»

Ні струны, ні смыка не кранаюцца рукі,
А, здаецца, спяваюць музыкавы рухі.

Запявала адзін нездаволены толькі:
«Ці не час перайсці да мараўскае полькі?

Каб усё загуло, дык вы, часу не трацячы,
Заіграйце, музыканты, скачучы».

Цымбаліст і скрыпач прыпусціліся ў скокі,
Закружыўся між іх барабан меднабокі.

Вось, здаецца, «Лявоніху» грукне Палессе...
I мяне падымае мараўская песня.

1955
 


Крыніца: Лужанін М. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы / Прадм. А. Куляшова. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. – 318 с.

 

Похожие статьи:

ВВосеньскія песні

ППесня

Ян ЧачотЯн Чачот - Песні і балады

ВВясельныя песні

ВВалачобныя песні