Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Клаўдзія Каліна - Кастрычнік

   Трэ Кастрычнік лён, аж кастрыца ляціць стаўбом. Спяшаецца ён да замаразкаў кужаль выткаць і вопратку сабе пашыць. Пачулі пра замаразкі павучкі і напалохаліся.
   – Ой, што нам рабіць? – пачалі бедаваць. – Замерзнем мы ў замаразкі, загінем без вопраткі.
   І пайшлі павучкі да Кастрычніка, каб той навучыў іх ткаць кужаль.
   – Добра, навучу, – згадзіўся Кастрычнік і даў кожнаму павучочку льну па снапочку.
   – Перш-наперш гэты лянок трэба вымачыць, потым высушыць, затым пацерці... – навучаў ён павучкоў, – далей трэба лянок вытрапаць і вычасаць, кудзелечку скласці і танюсенька спрасці. Нітачкі тыя ў аснову на кросенкі навіць. Нарэшце нітачку ў чаўнок – і тчыце сабе кужалёк!
   Падзякавалі павучкі Кастрычніку і ўзяліся за работу. Прадуць павучкі кужалёк, а што далей з ім рабіць, забыліся. Адны кажуць: «Трэба зноўку кужалёк мачыць!» Другія пярэчаць: «Трэба сушыць». Трэція крычаць: «Трэба часаць». А да ладу не могуць дайсці.
   Так кожненькі год і спрачаюцца паміж сабою павучкі. Напрадуць нітачак, цягнуць іх па зямлі і не ведаюць, што далей з імі рабіць. І ляціць разам з павучкамі над палямі беленькі кужалёк – бабіна лета.
   Паглядзіце ў кастрычніку на палі, лугі, лясы... Колькі таго серабрыстага кужалю павучкі напралі!

 

Похожие статьи:

Янка КупалаЯнка Купала - Явар і каліна

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Кастрычнік

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - У студзеньскую ноч

Пераказы, дыктантыКастрычнік

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Кастрычнік