Трэ Кастрычнік лён, аж кастрыца ляціць стаўбом. Спяшаецца ён да замаразкаў кужаль выткаць і вопратку сабе пашыць. Пачулі пра замаразкі павучкі і напалохаліся.
– Ой, што нам рабіць? – пачалі бедаваць. – Замерзнем мы ў замаразкі, загінем без вопраткі.
І пайшлі павучкі да Кастрычніка, каб той навучыў іх ткаць кужаль.
– Добра, навучу, – згадзіўся Кастрычнік і даў кожнаму павучочку льну па снапочку.
– Перш-наперш гэты лянок трэба вымачыць, потым высушыць, затым пацерці... – навучаў ён павучкоў, – далей трэба лянок вытрапаць і вычасаць, кудзелечку скласці і танюсенька спрасці. Нітачкі тыя ў аснову на кросенкі навіць. Нарэшце нітачку ў чаўнок – і тчыце сабе кужалёк!
Падзякавалі павучкі Кастрычніку і ўзяліся за работу. Прадуць павучкі кужалёк, а што далей з ім рабіць, забыліся. Адны кажуць: «Трэба зноўку кужалёк мачыць!» Другія пярэчаць: «Трэба сушыць». Трэція крычаць: «Трэба часаць». А да ладу не могуць дайсці.
Так кожненькі год і спрачаюцца паміж сабою павучкі. Напрадуць нітачак, цягнуць іх па зямлі і не ведаюць, што далей з імі рабіць. І ляціць разам з павучкамі над палямі беленькі кужалёк – бабіна лета.
Паглядзіце ў кастрычніку на палі, лугі, лясы... Колькі таго серабрыстага кужалю павучкі напралі!
Похожие статьи:
Янка Купала → Янка Купала - Явар і каліна
Пераказы, дыктанты → Кастрычнік
Клаўдзія Каліна → Клаўдзія Каліна - У студзеньскую ноч
Авяр’ян Дзеружынскі → Авяр’ян Дзеружынскі - Кастрычнік
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Кастрычнік