Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Шматпрыназоўнікавасць

   Шматпрыназоўнікавасць – стылістычны прыём, асаблівасцю якога з’яўляецца ўжыванне некалькіх аднолькавых прыназоўнікаў у вершаваным радку. Звычайна той самы прыназоўнік ставіцца перад назоўнікам і перад азначаемым словам, што адносіцца да гэтага назоўніка.
   Вось прыклад з народнай песні:

Ой, на рэчцы на быстранькай,
Ой, на кладачцы на гібенькай...


   Шматпрыназоўнікавасць ужыў Янка Купала ў пачатковай страфе другой часткі паэмы «Курган»:

 

На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна глядзеў на прыволле.


   Паэт увогуле часта звяртаўся да шматпрыназоўнікавасці. Так, у вершы «Паліліся мае слёзы» ў кожнай з 5-і строфаў – па некалькі злучнікаў«на». Вось прыклад толькі з першай страфы:

Паліліся мае слёзы
На жывыя вербалозы,
На сухія ачароты,
На глухоты, на сляпоты...


   Паўтор прыназоўнікаў дапамагае надаць паэтычнаму выказванню велічнасць, узнёсласць:

 

Гэта было ля далёкай,

ля польскай ракі, каля Віслы, 

Гэта на ціхай раўніне, 

на светлым на полі было... 

(К. Кірэенка. «Здалёку...») 

З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзіўная родная мова.
(Максім Танк. «Родная мова»)

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.