Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Проза
Проза (лац. prosa, ад prosa oratio - прамая, прама звернутая мова) - адзін з двух асноўных тыпаў (побач з паэзіяй) слоўна-мастацкай творчасці, заснаваны на празаічнай мове, што, у адрозненне ад вершаванай, не мае закончанай сістэмы рытмічных паўтораў.
У прозе некаторыя даследчыкі таксама вылучаюць своеасаблівы рытм, так званы рытм прозы (або тэмпарытм). Але засноўваецца ён не на нейкіх рытмічных адзінках мовы (націсках, колькасці складоў і г. д.), а на асаблівасцях сінтаксічнай пабудовы фразы, законах дыхання і інш.
Паміж прозай і паэзіяй ёсць і больш сутнаснае адрозненне. Матэрыялам і інструментам як празаіка, так і паэта з'яўляецца слова. Але ў прозе, якая імкнецца да аб'ектыўнасці адлюстравання рэчаіснасці, на першы план выступае паняційная, змястоўная сутнасць слова (абазначэнне прадмета), у той жа час у паэзіі - вобразная і гукапісная. Сам гукапіс становіцца выяўленчым сродкам, бо музычнасць, побач з вобразнасцю і выразнай эмацыянальнасцю, складае душу паэзіі. Падрабязнай абмалёўцы прадметаў і з'яў, выказванню ў першую чаргу "думак і думак" (А. Пушкін) у найлепшай ступені адпавядае непаспешлівая, натуральная празаічная мова. Што датычыць непасрэднага выяўлення пачуццяў, чым так вызначаецца паэзія, то гэтаму ў найбольшай меры дапамагае мова вершаваная.
Проза, асабліва такія яе віды, як раман, аповесць, можа існаваць толькі пры наяўнасці друкарскага станка (у адрозненне ад паэзіі, якая часам існуе і ў вусным пераказе). Таму беларуская проза новага часу ўзнікла даволі позна, у канцы XІX ст. (апавяданні Францішка Багушэвіча), і даволі доўга, ажно да пасляваеннага часу, уступала першанство паэзіі. Толькі недзе з 60-х гг., з развіццём сапраўдных творчых мажлівасцей Івана Мележа, Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Івана Шамякіна, Васіля Быкава, А. Асіпенкі, Івана Чыгрынава, Барыса Сачанкі, Івана Пташнікава, Вячаслава Адамчыка, А. Кудраўца, Алеся Жука і інш., проза, як і належыць высокаразвітай літаратуры, заняла ў ёй вядучае становішча. Больш таго, яна стала перацягваць да сябе пісьменнікаў, што да гэтага вызначыліся ў іншых відах і жанрах літаратуры - паэзіі (Р. Семашкевіч, Леанід Дайнека, Вольга Іпатава, В. Коўтун, І. Ляскоў, А. Лойка, Янка Сіпакоў), драматургіі (Георгій Марчук), літаратурнай крытыцы (С. Александровіч, В. Каваленка, А. Мальдзіс), нават у мовазнаўстве (М. Лобан, Ф. Янкоўскі).
Сённяшняя беларуская проза багатая на таленты, скарыстоўвае ўсе асноўныя жанры сучаснага эпасу, вядомая далёка за межамі Беларусі.
Похожие статьи:
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе
Сучасная літаратура Беларусі → Сучасная проза Беларусі
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма гістарычнага мінулага Беларусі ў сучаснай беларускай прозе