Пародыя (гр. parodia - супрацьспеў, песня навыварат, ад para - супраць і oide - песня) — жанр сатырычнай літаратуры, заснаваны на карыкатурным перайманні стылёвых рыс нейкага твора, творчай манеры асобнага аўтара або літаратурнага напрамку.
Як самастойны твор, пародыя абавязкова мае на ўвазе арыгінал, кантрастуе з ім, часам перасягае яго мастацкай вартасцю. Камічны эфект у пародыі ствараецца неадпаведнасцю формы "прататыпа" (твора, які парадыруецца) новаму, процілегламу яму зместу, паказам асобных характэрных рыс парадыруемага твора ў шаржыраваным, часта гіпербалізавана-абсурдным выглядзе. Падчас пародыя дыскрэдытуе не літаратурны твор, я саму рэчаіснасць, розныя стылі справавой пісьменнасці, царкоўную літаратуру ("Малітва па-беларуску" Кандрата Крапівы).
Адна з першых беларускіх пародый - славутая ананімная "Прамова Мялешкі" (пачатак XVІІ ст. ). Гэта - пародыя на сеймавую прамову, яскравы твор палітычнай сатыры, скіраваны супраць парадкаў тагачаснай Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла і Беларусь.
У парадыйных паэмах XІX ст. "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе" востра высмейваліся творчыя прынцыпы класіцыстаў. Сацыяльна-бытавую і палітычную пародыю распрацоўвалі Францішак Багушэвіч ("Калыханка"), Янка Купала ("Ісцінна чорнае трыо"), Якуб Колас ("Верныя сябры"), Ядвігін Ш., А. Паўловіч і інш.
Прыкметны след у антыклерыкальнай пародыі пакінуў Кандрат Крапіва сваёй парадыйнай паэмай "Біблія". У апошні час асаблівае пашырэнне набыла літаратурная пародыя, у якой высмейваюцца асобныя заганы чыста творчага парадку. Сярод пасляваенных беларускіх пісьменнікаў-парадыстаў вылучаюцца Васіль Вітка, Рыгор Барадулін, Г. Юрчанка, М. Скобла і інш.
Адзін з самых яркіх парадыйных твораў сучаснай беларускай літаратуры - паэма ананімнага аўтара Ведзьмака Лысагорскага "Сказ пра Лысую Гару", у якой дасціпна высмеяны паводзіны некаторых пісьменнікаў і асобныя парадкі, што існавалі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі ў 60-70-я гг.